Знайсці
11.10.2021 / 08:11РусŁacБел

Самае папулярнае — пра сэкс па-беларуску. Пагутарылі з беларускамоўнай ціктокеркай, відэа якой збіраюць сотні тысяч праглядаў

Яе відэа ў ціктоку набіраюць сотні тысяч праглядаў, а нядаўна яна стала вядучай новага беларускамоўнага трэвэл-шоу «Бусь Беларусь». Пагутарылі з Лізай Ветравай пра тое, як у жыццё рускамоўнага біяхіміка прыйшла беларуская мова і развярнула жыццё на 180 градусаў. 

Ліза Ветрава з катом Бубнам

Выйшла ў цікток, каб беларусы часцей чулі беларускую мову

Ліза нарадзілася ў Гарадзеі. З адукацыі — біяхімік. Праўда, дзяўчына амаль не працавала па спецыяльнасці.

«Пасля 9-га класа я абрала для сябе хімію і біялогію, бо мне падабаліся гэтыя прадметы. Але ўжо ў БДУ адчула, што навука ў тым выглядзе, якім яна ёсць, усё ж не для мяне.

Я нейкі час папрацавала адміністратарам у прыватнай клініцы, а потым звольнілася — запісалася на курсы вэб-дызайну, пачала сама сябе шукаць у графічным дызайне. З’явіліся першыя невялікія замовы. Я малюю з дзяцінства, і гэта мая вялікая аддушына», — расказвае Ліза.

Адна з ілюстрацый Лізы: фантазія, як Купала мог бы выглядаць у сучаснасці

Што тычыцца беларускай мовы, то яна прысутнічала ў жыцці Лізы таксама з маленства. У Гарадзеі яна скончыла беларускамоўную школу, а ў самім пасёлку часцей можна было пачуць, як размаўляюць па-беларуску ці, як мінімум, на трасянцы (праўда, пасля русіфікацыі школы гэта, па словах гераіні, пачало сыходзіць на «не»).

«У школе ў мяне была вельмі крутая настаўніца беларускай мовы — менавіта яна прывіла любоў да беларушчыны, пазнаёміла з творчасцю Караткевіча глыбей за ўзровень школьнай праграмы. Але, калі я паступіла ў ліцэй у Мінску, прыйшлося русіфікавацца.

Усё навучанне і там, і пазней ва ўніверсітэце было на рускай. На працы ў клініцы за ўвесь час мне толькі адзін раз трапіўся беларускамоўны кліент», — згадвае суразмоўца.

Пры гэтым на працягу ўсяго рускамоўнага прамежку часу, як прызнаецца дзяўчына, яна адчувала дыскамфорт. Ліза ўсё часцей лавіла сябе на тым, што думае па-беларуску. Так аднойчы раніцай яна вырашыла цалкам перайсці на беларускую.

«Гэта рабілася паступова, — удакладняе Ліза. — Я папярэдзіла сяброў, што іх чакае сюрпрыз. Паціху пачала весці па-беларуску сацыяльныя сеткі.

Цікава, што ліцэйская сяброўка на мае перамены адрэагавала: «Дачакаліся!» Яна ведала, што аднойчы гэта здарыцца. Бо нават у ліцэі я ўсё адно прымушала суседак па пакоі хоць раз на тыдзень размаўляць па-беларуску».

Пачаўшы ўжываць беларускую мову штодзённа, Ліза сутыкнулася з хваляй удзячнасці. Незнаёмыя людзі часта казалі ёй «дзякуй». Асабліва заўважнымі падобныя пазітыўныя адзнакі сталі пасля падзей 2020 года.

«Такая рэакцыя была вельмі прыемнай, але дзіўнай для мяне: я ж не раблю нічога звышнатуральнага — вы таксама можаце так размаўляць, людзі! — каментуе Ліза. — Для сябе я зразумела, што беларусам не хапае роднай мовы. І мне захацелася, каб яны яе часцей чулі. Так я выйшла ў цікток. Каб паказваць там — вось я, звычайная дзяўчына, не журналістка, не настаўніца, ужываю беларускую мову штодзённа, і гэта нармальна».

@li_vetrova

прызнавайцеся, хто разам са мной у коткавай секце? ##вучымбеларускуюмовуразам##беларускаямова##словы

♬ оригинальный звук - li_vetrova

Галоўны Лізін памочнік: кот Бубен

«Як вам не сорамна слова «бздзюль» на камеру казаць?»

У інтэрнэце аўдыторыя ўспрыняла Лізін кантэнт таксама з удзячнасцю. Шмат хто піша ёй, што менавіта яна натхніла рабіць першыя крокі, каб пачаць размаўляць па-беларуску. Нават двое расіян пачалі вучыць беларускую разам з Лізай, адзначыўшы прыгажосць мовы.

«Часам у каментарах назіраецца і хейт. Гэта ўсё з рэчышча стэрэатыпаў: на беларускай мове размаўляюць пенсіянеры і «колхозники», мова недаразвітая, у ёй не хапае слоў.

Не так даўно я зняла жартаўлівае відэа, дзе расказвала пра слова «бздзюль» (жук-смярдзючка), і ў каментарыях пачалося: «Як вам не сорамна такое слова на камеру казаць? У наш час дзяўчынкі нават у туалет баяліся папрасіцца выйсці». Але з нейкім такім негатывам я сутыкалася выключна ў інтэрнэце».

@li_vetrova

Вашыя любімыя словы ў каменты ##беларускаямова##жарты

♬ оригинальный звук - Алиана

Адно з самых папулярных відэа ў ціктоку Лізы — пра варыянт назвы клітара па-беларуску — ласкацень. Для Лізы гэтае слова таксама стала адкрыццём, таму яна не магла не падзяліцца з аўдыторыяй. Увогуле, тэма сэксу па-беларуску набірае вельмі шмат праглядаў і каментароў.

@li_vetrova

Прашараныя аднак беларусы ##беларускаямова##словы

♬ оригинальный звук - li_vetrova

«Я ўвогуле лічу, што беларуская мова вельмі сэксуальная, — адзначае суразмоўца. — Акрамя таго, у нашым грамадстве тэма сэксу дагэтуль табуіраваная, і трэба гэта пераадольваць.

Неяк я была ў летніку з падлеткамі, і там яны адзначалі, што ім не хапае нейкіх айчынных праектаў, дзе казалі б проста пра сэкс. Думаю, што ў будучыні я хацела б замуціць нейкі гумарыстычна-адукацыйны праект па-беларуску для падлеткаў».

 

Дзякуючы ціктоку на Лізу выйшла кампанія «Годна»: цяпер яна вядзе іх цікток і стала вядучай новага беларускага трэвэл-шоу «Бусь Беларусь». Таксама ёй прапанавала супрацоўнічаць адна айчынная кампанія: рабіць партнёрскія інтэграцыі. Цікток у поўным сэнсе слова стаў Лізінай візіткай

«Дзякуючы беларускай мове, маё жыццё змянілася ў лепшы бок»

«Нядаўна мяне ўвогуле назвалі «крашыхай беларускага ціктоку». Гэта ўсё для мяне вельмі дзіўна, бо я проста здымаю для сябе, для душы, дзялюся тым, што мяне натхняе. І папулярызую беларускую мову, — кажа яна. — Менавіта для мовы, каб беларусы чулі яе часцей, я пачала штосьці рабіць анлайн.

І інстаграм пачала больш актыўна весці па той жа прычыне. Стаць блогеркай ці зоркай ціктоку я ніколі не планавала».

Ліза прызнаецца, што, дзякуючы беларускай мове, яе жыццё змянілася ў лепшы бок:

«У мяне з’явілася шмат новых сяброў. Разам з беларускай мовай я стала актыўней займацца творчасцю — нібыта ўва мне адкрыліся новыя творчыя чакры. Я адчуваю сябе больш трушнай, калі размаўляю сябе па-беларуску. Нібыта я нарэшце на сваім месцы».

Ліза адзначае, што менавіта беларусы, іх падтрымка, натхняюць яе штодзённа прыдумляць і рабіць нешта новае. Таму яна сама вырашыла трансляваць у сацыяльных сетках збольшага пазітыўны кантэнт: сумных навін беларусам сёння і так хапае. 

«Беларус беларусу беларус, мы можам разлічваць толькі на сябе. І я стараюся падтрымліваць людзей: «Мы крутыя, мы ўсё пераадолеем, засталося няшмат». Сама я перыядычна п'ю заспакаяльныя: многія навіны даюцца цяжка. Толькі можна мяне лічыць безнадзейным летуценнікам, рамантыкам, але я веру ў нас, у беларусаў. У нас усё будзе добра, бо інакш быць не можа».

Топ кніжак, якія раіць прачытаць Ліза тым, хто хоча пачаць размаўляць па-беларуску:

  • «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Ладдзя роспачы» Уладзіміра Караткевіча, бо Караткевіч — гэта вялікая любоў
  • «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, бо чытаецца на адным дыханні.
  • «Беларускі эратычны фальклор», бо цалкам змяняе ўяўленні пра нашых продкаў.

Топ беларускамоўных ціктокаў:

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера