Знайсці
09.10.2021 / 19:00РусŁacБел

Чаму палітзняволеных 3000, а афіцыйны статус мае толькі 801 вязень

Тлумачым, як так. А таксама, чаму колькасць носьбітаў гэтага горкага статусу хутка пераваліць за тысячу.

Першы намеснік кіраўніка Следчага камітэта Алег Шандаровіч заявіў пра 2700 чалавек, якія праходзяць па «пратэсных» крымінальных справах.

Гэта было ў канцы верасня. Пасля таго крымінальныя справы былі заведзеныя на прыкладна 200 чалавек за каментары адносна гібелі мінскага айцішніка Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ. Былі і новыя крымінальныя справы па іншых эпізодах. Акрамя таго, у статыстыку Шандаровіча, хутчэй за ўсё, не ўваходзяць справы, якія фармальна маюць эканамічны характар, але разглядаюцца праваабаронцамі і міжнароднай супольнасцю як палітычныя: справа Тутбая з 15 фігурантамі, справа Віктара Бабарыкі і г.д.

Такім чынам, на сёння маем прыкладна 3000 фігурантаў крымінальных спраў палітычнага характару. Між тым афіцыйны статус палітвязняў на сёння мае 801 чалавек.

Статус палітвязня разам вызначаюць прадстаўнікі групы праваабарончых арганізацый з міжнароднай рэпутацыяй — усе яны за апошні час дэлегалізаваныя ў Беларусі. Гэты працэс адбываецца па выніках разгляду на аснове вызначаных крытэраў.

Па-першае, не ўсе імёны затрыманых па крымінальных справах вядомыя правааабронцам. З прыкладна 3000 яны на сёння ведаюць 1719. Многія застаюцца невядомыя грамадскасці.

Па-другое, праваабаронцы не лічаць палітвязнямі людзей, якія знаходзяцца на хатняй хіміі ці дома пад падпіскай пра нявыезд.

Па-трэцяе, у спіс не ўваходзяць тыя, хто ўжо адбыў свой тэрмін і выйшаў на свабоду. Як толькі чалавека вызваляюць, нават пад падпіску, хоць справа і не спыненая, ён са спісу знікае.

Па-чацвёртае, як правіла, палітвязнямі да суда не прызнаюць абвінавачваных па «тэрарыстычных артыкулах». У сувязі з сур’ёзнасцю закідаў правааабаронцы чакаюць матэрыялаў справы і суда, нават калі грамадскасць бачыць у справах чыстую мірную палітыку, як у выпадку былога топ-следчага Яўгена Юшкевіча.

Па-пятае, палітвязнямі не прызнаюць зняволеных за акты гвалту. Было, прыкладам, шмат крытыкі на адрас праваабаронцаў за выпадак са Станіславам Барановічам. Гэты былы палітвязень з Плошчы-2010 паўторна трапіў пад суд, калі з кулакамі кінуўся бараніць ад АМАПа мінскіх студэнтаў-анархістаў, якіх затрымлівалі ў Мінску на прыпынку грамадскага транспарту. Барановіча палітвязнем тады так і не прызналі.

Чытайце таксама: Памятаеце палітвязня Барановіча? Адбіваў анархістаў ад ціхароў, адсядзеў тры гады ў калоніі, а цяпер б’ецца ў кулачных баях на YouTube

Усе разам гэтыя фактары і прыводзяць да разбежкі ў статыстыцы.

У бліжэйшы час колькасць палітвязняў будзе расці. Верагодна, статус атрымае рэшта схопленых за каментары ў сацыяльных сетках. А па меры судоў — і новыя зняволеныя па іншых справах.

Неймаверная для еўрапейскай краіны ХХІ стагоддзя колькасць палітвязняў працягвае расці.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930