Знайсці
09.10.2021 / 18:25РусŁacБел

«Толькі б ведаць, што гэта ўсё было не дарма». Сцебурака, Крэс, Аляксандраў — новыя вершы паэтаў

Усевалад Сцебурака

* * *

У высокіх нябёсах
уздыхнуць журавы. 
Крокі памяці босай 
не ідуць з галавы.

Хутка ў шыбы начныя 
хукне белым зіма. 
Толькі б ведаць, што гэта 
ўсё было не дарма…

Зміцер Крэс. Святы камень

На пагорку вясковым валун 
Не адзін ужо тузін гадоў, 
Невядома, кім кінуты тут 
І якім прысвячоны багом.

Разоў колькі на год касары 
Ўкол яго долу сцелюць траву, 
Гурбы снегу, сухія лісты 
Ветры шчодрыя дораць яму.

Як жа летняе ночы прыждаць, 
Ўдараў поўнай пярунавых стрэл, 
Бачыць можна, хоць трэʼ пільнаваць, 
Як на двор мкнецца ўкрадкай сусед.

Той, хто моўчкі мінае усіх,
Ўдзень і слова не кіне ў адказ,
Ён да каменя прэ уначы,
Калі вогнік астанні пагас.

Нахіляецца, ледзь не паўзе, 
Абдымае валун аберуч 
І шапоча штось, быццам у сне, 
Бы нясведама ўзяўся ён тут…

Як жа досвіткам трапіць туды, 
Рытуал дзе свой ладзіў дзівак, 
Можна ўчуць, як штось звоніць знутры, 
Як пагорак той ззяе няўзнак.

Толькі сонца пакажа свой твар, 
Морак знікне, нібыта раса. 
Спіць камень, дзе і ўчора ён спаў, 
Дзе-нідзе ледзь прымята трава.

І даць веры было б мне цяжэй 
Байкам-снам, забабонам старым, 
Як бы зараʼ ў руцэ не цяжэў, 
Стуль чырвонец суседаў златы.

Андрэй Аляксандраў. Да новай вясны

Верасень выракам веры 
кроіць кастрычнік з кастроў. 
Шоўк шамаціць сярод цемры 
жоўтай паперай лістоў.

Неба зваляная коўдра
сніць калыханку дажджу.
Скончыцца свет. Будзе новы. 
Спі. 
Я цябе разбуджу.

(Верш Андрэя Аляксандрава напісаны на Валадарцы)

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера