Знайсці
08.10.2021 / 17:20РусŁacБел

Шматдзетны бацька, 20 год працаваў на чыгунцы. Што вядома пра рабочага, чые кадры допыту круцілі на дзяржТБ

Пасля масавых арыштаў работнікаў буйных прадпрыемстваў на дзяржТБ сталі з'яўляцца відэа іх допытаў. На адным з іх — былы чыгуначнік Сяргей Дзюба, якога затрымалі па справе аб здрадзе дзяржаве. Што вядома пра мужчыну і ў чым яго абвінавачваюць? 

Скрыншот з сюжэта БТ

На чыгунцы працаваў 20 год, сышоў у забастоўку пасля забойства Бандарэнкі

Сяргею 45 гадоў. Ён родам з Гомеля. У сталіцы застаўся пасля таго, як скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Яго аднакурснікам быў цяперашні першы намеснік начальніка чыгункі Пётр Дулуб.

Сам Сяргей на чыгунцы працаваў больш за 20 гадоў.

Фоты з сацыяльных сетак

«Ён прайшоў шлях да цягніковага дыспетчара з самых нізоў. Пачынаў з аператара, дзяжурнага падстанцыі. У яго да чыгункі душа ляжала», — расказвае калега.

У лістападзе мінулага года Дзюба далучыўся да забастоўкі. Заяву пра гэта ён выклаў у сеціва.

«Сышоў у стачку пасля забойства Рамана Бандарэнкі і таго, як далі суткі яго калезе. Гэта стала апошняй кропляй, — тлумачыць сябар мужчыны.

— На наступны дзень да яго дадому прыязджалі кадравікі, прасілі звольніцца па ўласным жаданні, ён адмовіўся. Яму вынеслі вымову за няяўку на працу, пасля — другую. У выніку звольнілі нібы за прагулы і невыкананне службовых абавязкаў».

Шматдзетны бацька і «самы вядомы сусед у двары»

У Сяргея трое дзяцей — сын і дзве дачкі. Старэйшая вучыцца на медыка — пайшла па слядах маці.

Суседзі з Грушаўкі пра былога чыгуначніка добра адгукаюцца.

«Памятаю, муж з’ехаў у працяглую камандзіроўку і я засталася адна з грудным дзіцем. Званок у дзверы ранкам, на парозе Сяргей: «Прывітанне, дай ключы ад машыны, у цябе праколата кола, толькі што заўважыў на паркоўцы». Праз гадзіну ўсё зрабіў і прынёс ключы. Хоць мы блізка не сябравалі. У гэтым увесь ён», — згадвае знаёмая.

«Гэта самы вядомы сусед у нашым двары. Нават не ўзнікае пытанне, хто зрабіў новую лаўку ці пачысціў дарожкі ад снегу. Усе ведаюць, што гэта Сяргей. Калі ў людзей праблемы і ён ведаў пра гэта, то не праходзіў міма.

Частка жыхароў нават лічыла, што ён супрацоўнік таварыства ўласнікаў, бо Сяргей увесь час штосьці рабіў у двары. Напрыклад, абнаўляў дзіцячую пляцоўку — то адрамантуе яе, то прывязе пясок», — дзеліцца іншы сусед.

Пры ператрусе шукалі выбуховыя матэрыялы

Пасля звальнення Дзюба працаваў у таксі, дыспетчарам у ЖЭСе — прымаў заяўкі ад жыхароў раёна, адказваў за абсталяванне.

У канцы верасня ёй збіраўся ў Польшчу на працу — знайшоў вакансію ў грузаперавозках. Ужо была адкрыта віза, але 20 верасня да Сяргея прыйшлі з ператрусам.

«Сказалі, што наконт дыверсій на чыгунцы, шукаюць выбуховыя матэрыялы. Нічога не знайшлі. Жонцы сказалі, што забяруць Сяргея на прафілактычную гутарку і хутка выпусцяць», — апісвае сябар.

Вядома, што прыходзілі па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве».

Сяргей па-ранейшаму ў СІЗА КДБ. Па гэтай справе ў следчым ізалятары знаходзяцца яшчэ двое работнікаў чыгункі — Ганна Аблаб і Максім Саковіч.

Што расказалі па дзяржТБ?

На дзяржаўных тэлеканалах выйшла некалькі сюжэтаў, прысвечаных «Рабочаму руху». Затрыманых работнікаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні і здрадзе дзяржаве.

Дзюба, па версіі АНТ, прыцягваў у рух новых людзей, збіраў інфармацыю на месцах. Ананімны памежнік у кадры расказваў, што Дзюба нібыта распытваў пра сітуацыю на мяжы, звольненых, узаемаадносіны беларускіх памежнікаў з расійскімі.

У сюжэце казалася, што на чыгунцы рыхтавалася дыверсія, каб паралізаваць аршанскі і мінскі вузел.

На СТБ паказалі кадры допыту Сяргея. На іх ён кажа, што абмяркоўваліся пытанні, ці класці закладкі на чыгуначныя пуці.

Чытайце таксама:

«Прыходзілі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве». Што вядома пра завадчан, якія зараз у СІЗА КДБ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930