Знайсці
07.10.2021 / 23:29РусŁacБел

Канец легендзе крымінальнага свету. Расследавальнікі ЗША сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі серыйнага забойцу Задыяка

Каманда спецоў па нераскрытых справах сцвярджае, што яны раскрылі асобу серыйнага забойцы пад псеўданімам Задыяк. Яго гісторыя — адна з самых вядомых у ЗША нераскрытых крымінальных спраў за апошнія паўстагоддзя.

Фотаробат Задыяка. Фота garystockbridge617.getarchive.net.

Група расследавальнікаў The Case Breakers лічыць, што імя забойцы — Гэры Фрэнсіс Пост. Гэта былы ветэран амерыканскіх ВВС, які памёр у 2018 годзе, піша Sky News.

Як піша амерыканская прэса, Пост памёр у 2018 годзе, калі яму было 80. У яго быў дом у каліфарнійскім горадзе Гроўленд, меркаваны забойца працаваў маляром і быў жанаты.

Хто такі Задыяк

У перыяд паміж 1968 і 1969 гадамі Задыяк забіў у Паўночнай Каліфорніі пяць чалавек. Ён дражніў паліцыю праз тое, што рассылаў у газеты Сан-Францыска лісты з пагрозамі забойстваў, але праз нейкі час раптоўна перастаў выходзіць на сувязь. У сваіх лістах забойца выкарыстоўваў шыфры і сцвярджаў, што калі нехта здолее іх расшыфраваць, гэта дапаможа раскрыць асобу Задыяка. У адным з лістоў забойца распавёў, што ён забіў 37 чалавек, аднак афіцыйна гэта не пацверджана.

Не ўсё так проста

Нягледзячы на вынікі расследавання, эксперты з паліцыі і іншых дзяржаўных службаў ЗША лічаць, што высновы The Case Breakers непраўдападобныя. У адказ на публікацыю каманды офіс ФБР у Сан-Францыска выпусціў заяву пра тое, што справа Задыяка ўсё яшчэ застаецца адкрытай і ў ФБР няма новай інфармацыі пра яе.

Цяперашняя тэорыя часткова заснаваная на тым, што фота Гэры Поста падобнае да фотаробата 1969 года, на якім намаляваны Задыяк. 

Эксперты каманды кажуць, што крыптаграмы ў лістах Задыяка таксама ўказваюць на асобу Поста. Згодна з расследавальнікамі, трэба ведаць поўнае імя Гэры Поста, каб расшыфраваць крыптаграмы.

Кожны год паліцыя і мясцовая газета San Francisco Chronicle атрымоўваюць сотні здагадак пра тое, хто б мог быць Задыякам і як расшыфраваць крыптаграмы ў яго лістах. Сярод іх было, напрыклад, паведамленне ад чалавека, які лічыў Задыякам уласнага бацьку-нябожчыка. Іншы чалавек сцвярджаў, нібыта яго сябар прызнаўся ў забойствах перад сваёй смерцю ў 2002 годзе.

Гэры быў здольны «забіваць без разбору»

Эксперты The Case Breakers упэўненыя, што ў Поста была і шостая ахвяра — жыхарка горада Рыверсайд, якую звалі Чэры Джо Бэйтс. Эксперты нават хацелі, каб ДНК Поста параўналі з ДНК меркаванага забойцы Бэйтс, аднак паліцыя Рыверсайда не згодная з высновамі каманды.

Ёсць і іншыя доказы, што звязваюць асобы маляра з Гроўленда і легендарнага забойцы, але яны збольшага адсылаюць да гісторыі Чэры Джо Бэйтс. Напрыклад, гэта гадзіннік знойдзены на месцы забойства Бэйтс, які нібыта быў куплены ў армейскім магазіне. Пры гэтым Бэйтс была забітая недалёка ад шпіталя, дзе Пост у той час рэгулярна праходзіў медычныя праверкі.

Нарэшце, чалавек, які асабіста ведаў Поста, распавядае, што Гэры быў здольны «забіваць без разбору». Праўда, сведка асабіста бачыў толькі тое, як Пост забіваў жывёл і як ён закопваў зброю.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930