Знайсці
10.10.2021 / 18:50

Кітайскі забудоўшчык Evergrande можа справакаваць новы сусветны эканамічны крызіс. Расказваем, якім чынам

Карпаратыўны доўг найбуйнейшага кітайскага забудоўшчыка Evergrande на сёння складае больш за $310 млрд, гэта як 5 гадавых беларускіх ВУП. Свет застыў чакаючы: што будзе з праблемным кітайскім кангламератам і яго велізарнай кучай даўгоў? Ці не паўторыцца сітуацыя 2008 года, калі банкруцтва Lehman Brothers выклікала сур'ёзную глабальную рэцэсію?

Павялічыць

Што такое Evergrande?

Прадпрымальнік Хуэй Ка Янь заснаваў Evergrande ў горадзе Гуанчжоу на поўдні Кітая ў 1996 годзе. Кітайскі бізнэсмен вырас у галечы, але здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю і назбіраў свой капітал падчас хуткага эканамічнага росту ў Кітаі пасля смерці Мао Цзэдуна.

За адно пакаленне Кітай ператварыўся з вясковай і адсталай краіны ў адну з найбуйнейшых прамысловых краін свету. Калі Кітай развіваўся і адбывалася ўрбанізацыя, у краіне пачаўся сапраўдны бум будаўніцтва ў гарадах.

Павялічыць

Evergrande — гэта другі па велічыні дэвелапер нерухомасці ў Кітаі з аб'ёмам продажаў 110 мільярдаў даляраў у мінулым годзе, актывамі 355 мільярдаў даляраў і больш чым 1300 праектамі ў 280 гарадах Кітая. Кампанія налічвае 200 000 супрацоўнікаў і штогод сезонна наймае 3,8 мільёна чалавек.

Акрамя нерухомасці, кампанія інвеставала ў электрамабілі, спорт і тэматычныя паркі. Evergrande нават мае бізнэс па вытворчасці прадуктаў харчавання і напояў, прадаючы бутыляваную ваду, бакалею, малочныя прадукты і іншыя тавары па ўсім Кітаі.

У 2010 годзе кампанія купіла футбольную каманду. А таксама пабудавала найбуйнейшую ў свеце футбольную школу за 185 мільёнаў даляраў.

Кампанія ўваходзіць у спіс Global 500, гэта азначае, што яна таксама з'яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у свеце па аб'ёме выручкі.

Павялічыць

Эканамічны бум у Кітаі прывёў да масавай міграцыі з сельскай мясцовасці ў гарады Кітая, справакаваўшы бум нерухомасці эпічных маштабаў.

Але, як гэта часта бывае, калі галіна перажывае хуткае пашырэнне, утвараецца «бурбалка». Сёння ў многіх кітайскіх гарадах ёсць «раёны-прывіды», жылыя комплексы, у якіх няма жыхароў.

Адзін праект з 15 шматпавярховікаў у правінцыі Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая быў нядаўна знесены пасля таго, як ён прастаяў няскончаным на працягу васьмі гадоў.

Што здарылася з кампаніяй?

За апошнія 30 гадоў у Кітаі адбыўся фенаменальны эканамічны рост. Доля краіны ў сусветным ВУП рэзка ўзрасла з 1,6% у 1990 годзе да 17,4% у 2020 годзе. Адным з лакаматываў гэтага росту была нерухомасць.

Кампанія Evergrande з пачатку свайго заснавання рэзка развівалася. У 2010 годзе выручка кампаніі склала 7,3 мільярда даляраў, а актывы — 16,7 мільярда даляраў. У 2020 годзе гэтыя лічбы склалі 81 мільярд даляраў і 368 мільярдаў даляраў.

Павялічыць

Апошнімі гадамі даўгі Evergrande рэзка ўзраслі, кампанія займала сродкі для фінансавання розных сваіх праектаў.

Забудоўшчык мае абавязацельствы на суму больш за 310 мільярдаў даляраў. Кампанія папярэдзіла інвестараў аб праблемах з грашовымі патокамі, заявіўшы, што можа абвясціць дэфолт, калі не зможа хутка сабраць грошы.

У карпарацыі ўзніклі праблемы з пошукам пакупнікоў для некаторых сваіх актываў.

Кампанія сутыкнулася з такімі праблемамі праз свае агрэсіўныя амбіцыі пашырэння. Група далёка адышла ад свайго асноўнага бізнэсу, займалася няпрофільнымі праектамі. Заблытаная структура таксама ўскладняе яе аздараўленне. 

Агулам гісторыя Evergrande з'яўляецца прыкладам глыбокіх структурных праблем эканомікі Кітая, звязаных з доўгам. Праблема не зусім новая. Летась мноства кітайскіх дзяржаўных кампаній абвясцілі дэфолт па сваіх крэдытах.

Павялічыць

Але крызіс Evergrande стаў самым вялікім выпрабаваннем, з якім фінансавая сістэма Кітая сутыкнулася за апошнія гады.

Корань праблем Evergrande ў тым, што попыт на жылую нерухомасць у Кітаі ўступае ў эпоху ўстойлівага зніжэння. 

Кампанія стаяла за эпічным бумам нерухомасці ў Кітаі, які прывёў да ўрбанізацыі вялікіх раёнаў краіны. Evergrande займаў адно з ключавых месцаў у кітайскай эканоміцы, якая абапіралася ў тым ліку на рынак нерухомасці для паскоранага эканамічнага росту. 

Падзенне попыту на нерухомасць спрыяе агульнаму запаволенню эканамічнага росту Кітая, што можа яшчэ больш падарваць попыт на нерухомасць Evergrande.

Апошнія гады кампанія сутыкнулася з судовымі пазовамі ад пакупнікоў жылля, якія ўсё яшчэ чакаюць завяршэння будаўніцтва кватэр, за якія яны заплацілі. Некаторыя кітайцы прыпынілі будаўніцтва ў праектах Evergrande. У Evergrande ёсць амаль 800 незавершаных праектаў па ўсім Кітаі, і да 1,6 мільёна чалавек усё яшчэ чакаюць пераезду ў свае новыя дамы.

Evergrande знізіла цэны на новыя кватэры, але нават гэта не змагло прыцягнуць новых пакупнікоў.

Павялічыць

Канец «капіталізму з кітайскімі асаблівасцямі»?

Крызіс Evergrande быў непазбежны, як сказалі Джэймс Кіндж і Сунь Юй Financial Times, з-за глыбокіх недахопаў у мадэлі росту Кітая. Яго план «будаваць, будаваць, будаваць» зрабіў краіну самым магутным лакаматывам сусветнай эканомікі.

Але попыт змяніўся. Узровень нараджальнасці ў Кітаі зніжаецца, а яго гарады перасталі расці. Цяпер у Кітаі столькі пустой нерухомасці, што там можна размясціць больш за 90 мільёнаў чалавек. Гэта больш, чым усё насельніцтва Германіі.

Меган Макардл у Washington Post увогуле называе цяперашні крызіс «часам расплаты». Кітайская мадэль эканомікі, арыентаваная на экспарт, не можа расці вечна. Кітайскія будаўнікі гадамі стваралі цэлыя гарады-прывіды, у якіх ніхто і не збіраўся жыць.

Адной з прычын было тое, што ў кітайскіх грамадзян мала добрых месцаў, каб ашчаджаць свае грошы, акрамя нерухомасці. Кітаю патрэбна больш адкрытая фінансавая сістэма і больш збалансаваная эканоміка.

Сітуацыя ў Кітаі жудасная, сказаў Пол Кругман New York Times, і яна падобная да Японіі канца 1980-х гадоў. Цэны на многія актывы, перш за ўсё на камерцыйную нерухомасць, сталі зусім неадэкватнымі.

Павялічыць

На фоне імклівага росту эканомікі некаторыя кітайскія кампаніі раслі ашаламляльнымі тэмпамі, паколькі Камуністычная партыя Кітая прапаноўвала танныя крэдыты. Кітайскія ўлады назвалі такое развіццё эканомікі «капіталізмам з кітайскімі асаблівасцямі». Магчыма, крызіс Evergrande стымулюе Кітай спыніць гэтыя заганныя метады. 

Нельга сказаць, што кітайскія ўлады не разумелі праблемы. Апошнія гады яны стваралі пэўныя захады па прадухіленні «хаатычнай экспансіі капіталу», каб не дапусціць фінансавага крызісу. Дзяржаўнае рэгуляванне ў сектары нерухомасці Кітая ўзмацнялася.

У 2020 годзе ўрад увёў «тры чырвоныя лініі» для некаторых забудоўшчыкаў, каб дапамагчы знізіць узровень запазычанасці, вымусіўшы іх скараціць долю пазыковых сродкаў. Гэтыя «чырвоныя лініі» і сталі прычынай крызісу Evergrande і драбнейшых кітайскіх забудоўшчыкаў.

Але цяперашні крызіс, магчыма, з’яўляецца пачаткам поўнага канца кітайскай мадэлі росту на аснове танных дзяржаўных крэдытаў.

Урад таксама працуе над кантролем цэн на жыллё, што можа яшчэ больш паўплываць на прыбытковасць забудоўшчыкаў і іх здольнасць выплачваць свае даўгі.

Павялічыць

Ці стане Кітай пасля гэтых выпрабаванняў свабоднай рынкавай эканомікай альбо, наадварот, будзе яшчэ больш рухацца ў бок каманднай мадэлі эканомікі, невядома.

Як гэта можа паўплываць на Кітай і на свет?

Пазыковы крызіс забудоўшчыка з'яўляецца сур'ёзным выпрабаваннем для Пекіна. На нерухомасць і сумежныя галіны прыходзіцца да 30% ВУП Кітая.

Дэфолт Evergrande можа прывесці да паслаблення пазіцый Кітая ў сусветнай эканоміцы. На Кітай прыходзілася 27% сусветнага эканамічнага росту ў 2019 годзе.

Калі Evergrande збанкрутаваў бы, наступствы былі б глабальнымі. Напрыклад, адна толькі брытанская інвестыцыйная кампанія Ashmore Group уклала ў Evergrande 400 мільёнаў даляраў. Амерыканскія інвестыцыйныя арганізацыі таксама пад пагрозай. Усе памятаюць пра крызіс 2008 года, калі раптоўны крах інвестыцыйнага банка Lehman Brothers выклікаў сур'ёзную глабальную рэцэсію. 

Павялічыць

Асцярогі наконт патэнцыйнага краху Evergrande ўжо распаўсюджваюцца на іншыя кітайскія кампаніі. Запазычанні сталі даражэйшымі для кітайскіх фірмаў і інвестары занепакоеныя, што Evergrande можа стаць не апошняй праблемнай кампаніяй.

На працягу многіх гадоў інвестары давалі грошы такім кампаніям, як Evergrande, таму што верылі, што Пекін заўсёды прыйдзе на дапамогу. І на працягу дзесяцігоддзяў інвестары мелі рацыю. З іншага боку, кітайскім уладам неабходна неяк вырашаць даўгавую праблему і неяк утаймаваць апетыты кампаній.

Але Evergrande занадта вялікая, каб проста даць ёй памерці, і кітайскаму ўраду прыйдзецца дзейнічаць актыўна. Банкруцтва Evergrande выклікала б каласальныя сацыяльныя ўзрушэнні ў Кітаі. Нават такія аўтарытарныя дзяржавы, як Кітай, улічваюць грамадскую думку і будуць ратаваць такіх гігантаў да апошняга. Ад банкруцтва кампаніі пацярпелі б банкі, пастаўшчыкі, пакупнікі жылля і інвестары.

Улады выклікалі кіраўнікоў Evergrande на нараду ў жніўні і загадалі ім прывесці ў парадак свае даўгі. Яны таксама працягвалі заклікаць банкі скараціць аб'ём крэдытавання забудоўшчыка.

14 верасня Evergrande заявіла, што наняла экспертаў па рэструктурызацыі, каб дапамагчы вывучыць усе магчымыя варыянты для сваёй будучыні.

Павялічыць

Што далей?

Кітайскі ўрад пачынае ўмешвацца ў сітуацыю. За апошнія тыдні Народны банк Кітая ўвёў грошы ў фінансавую сістэму, каб дапамагчы павысіць ліквіднасць у кароткатэрміновай перспектыве і супакоіць нервы.

Рэгулюючыя органы прыцягнулі міжнародную юрыдычную фірму King & Wood Mallesons для вывучэння сітуацыі кампаніі.

Праблема ў тым, што ў афіцыйнага Пекіна мала добрых варыянтаў. З аднаго боку, яму патрэбна абараніць кітайцаў, якія набылі недабудаваныя кватэры, з іншага боку, абараніць будаўнікоў, пастаўшчыкоў і дробных інвестараў.

Улады таксама, імаверна, будуць імкнуцца абмежаваць рызыку банкруцтва іншых фірмаў па нерухомасці, а таксама ўтаймаваць празмерныя запазычанні забудоўшчыкаў.

Фінансавыя праблемы Evergrande называюцца кітайскімі СМІ «велізарнай чорнай дзіркай» — магчыма, што ніякая сума грошай ужо не зможа вырашыць гэтую праблему.

Паніка інвестараў і пакупнікоў жылля можа перакінуцца на рынак нерухомасці, адбіўшыся на дабрабыце хатніх гаспадарак. Гэта таксама можа ўскладніць іншым кітайскім кампаніям далейшае фінансаванне свайго бізнэсу за кошт замежных інвестыцый.

Інвестар-мільярдэр Джордж Сорас папярэдзіў, што дэфолт Evergrande можа прывесці да краху эканомікі Кітая.

Павялічыць

Але не ўсе так песімістычна глядзяць на сітуацыю. Брус Пэн, эканаміст China Renaissance Securities, сказаў, што дэфолт можа закласці аснову для здаравейшай эканомікі ў будучыні. 

Часта крызіс Evergrande параўноўваюць з крахам Lehman, але ў гэтых гісторыях ёсць істотнае адрозненне: Evergrande валодае зямлёй, у той час як Lehman валодаў фінансавымі актывамі.

Магчымым рашэннем сітуацыі з'яўляецца рэструктурызацыя, падчас якой іншыя забудоўшчыкі возьмуць на сябе незавершаныя праекты Evergrande ў абмен на долю ў яго банку.

Імаверна, урад будзе аддаваць перавагу пакупнікам жылля і банкам перад іншымі бакамі, а вось іншыя крэдыторы не будуць у прыярытэце.

Яшчэ адным важным фактарам (у параўнанні з крахам Lehman) з'яўляецца больш высокі ўзровень дзяржаўнага кантролю. Кітайская дзяржава можа кантраляваць нават недзяржаўныя фінансы без асаблівых праблем.

Кітай мае ўжо багаты досвед у рэструктурызацыі гігантаў, такіх як Anbang Insurance, Baoshang Bank, HNA Group і China Huarong Asset Management.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31