Знайсці
09.10.2021 / 09:36РусŁacБел

«Сказалі, мы павінны грошы за тое, што скралі, з’елі, разбілі». З мінчука пры звальненні спісалі 1200 рублёў

Працаваў на складзе, не краў, а аказаўся вінен вялікую суму за недастачу — мінчук падзяліўся няпростай гісторыяй звальнення.

Мужчына (ён пажадаў застацца ананімным) быў кіроўцам пагрузчыка на складзе, дзе захоўваліся прадукты — крупы, цукар, макарона, алкаголь, вада.

Ілюстрацыйны здымак

«З людзей пры звальненні патрабуюць грошы і без падстаў прыпісваюць нейкія недастачы. Сказалі, што мы павінны па 1200 рублёў аддаць за тое, што нібыта скралі, з’елі, разбілі (у разлікоўцы гэта графа пазначана як «пакрыццё шкоды». — «НН»). Прытым што я выходжу з працы праз пост аховы, сумкі і кішэні правяраюць, каб не вынес нічога.

Або прапаноўвалі звольніцца з распіскай, што я абавязаны сплаціць пэўную суму ў растэрміноўку на шэсць месяцаў. Ды мне гэта наогул не трэба — я сумленна працаваў там пяць год.

З мяне і так вылічвалі грошы штомесяц — мы падпісвалі дагавор аб матэрыяльнай адказнасці. Пачыналася з 10 рублёў — ну тут я згодны, хтосьці пакет цукру парваў, хтосьці грэчкі. А потым спісанні раслі і даходзіла да 150 рублёў, без аніякіх тлумачэнняў. Мы абураліся, але з нас грошы ўсё адно вылічвалі.

Калі я сам штосьці разбіваў, ішоў да аховы і складаў на гэты тавар паперу, што так, пашкодзіў, абавязваюся выплаціць усё. Такіх актаў штук шэсць за ўвесь час было, на сумы 20-30 рублёў.

Склад вельмі добры для працы, класа «А+», але ад гэтай гісторыі застаўся асадак, што за наш кошт страты пакрываюць. Гэтыя грошы я мог бы патраціць на сваю сям’ю.

Крыўдна вельмі. Я галасаваў правільна, але вось у складанай сітуацыі, і ніхто зразумець не хоча. У федэрацыю прафсаюзаў пісалі скаргу. Першы раз у іх наша папера згубілася. А другі раз сказалі, што надта заняты: маўляў, у чаргу станавіцеся, вас тут такіх шмат. І ўсё на гэтым».

Што кажуць у лагістычным цэнтры, дзе працаваў наш чытач?

Мужчына быў уладкаваны ў лагістычным цэнтры «24». У кадравым аддзеле кампаніі «Нашай Ніве» патлумачылі, што яны дзейнічалі згодна з працоўным заканадаўствам.

«На складзе была інвентарызацыя. Паколькі работнікі нясуць матэрыяльную адказнасць па калектыўнай дамове, сума за недастачу ці пашкоджаныя тавары была спісана з заробку», — кажуць у аддзеле.

А што кажа юрыст?

Прадукты са склада, дзе працаваў мужчына, прызначаліся для гандлёвай сеткі. У выпадку калі тавары падчас захоўвання губляюць якасць, выдаткі кладуцца на лагістычны цэнтр. Тэарэтычна гэта сума можа спісвацца за кошт прыбытку або з работнікаў.

Юрыст Алена Шынкарэвіч заўважае, што без дакументаў цяжка рабіць высновы. Трэба ведаць, якія пагадненні аб матэрыяльнай адказнасці падпісваліся, якія перадаваліся матэрыяльныя каштоўнасці, паглядзець, што з работнікаў спісалі. 

Калі нанесеную шкоду вылічваюць з заробку, сума спісання не можа быць большай за 50% ад яго. Астатнія моманты залежаць ад таго, што пазначана ў дагаворы.

Таму кожнаму работніку важна перад падпісаннем уважліва прачытаць калектыўную дамову. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930