Знайсці
04.10.2021 / 21:49РусŁacБел

У Беларусі — абвал паступленняў у праваслаўныя семінарыі, а ў Польшчы — спад пакліканняў у каталіцкія святары

Колькасць абітурыентаў, якія паступілі ў навучальныя ўстановы Беларускай праваслаўнай царквы, знізілася з 459 чалавек у 2019 годзе да 250 у 2021 годзе. Гэта вынікае са статыстыкі, апублікаванай журналам пасяджэнняў Сінода БПЦ.

Некаторыя тлумачаць такое рэзкае падзенне пазіцыяй кіраўніцтва праваслаўнай царквы пасля падзей 2020-га. «Вось гэта і ёсць рэакцыяй моладзі на палітыку мінскіх мітрапалітаў. Амаль у два разы стала менш тых, хто хацеў бы звязаць з імі свае лёсы», — напісаў у сябе ў блогу пра гэтыя лічбы расійскі дыякан Андрэй Кураеў.

Чытайце таксама: Кіраўнік БПЦ сустрэўся з Карпянковым і байцамі ўнутраных войскаў

Аднак параўнанне з іншымі цэрквамі падказвае, што гэта толькі адна з прычын. Другая — агульны крызіс традыцыйных цэркваў.

Гэты крызіс характэрны нават для самых рэлігійных краін Еўропы, такіх як Польшча. Як паведаміў кіраўнік Канферэнцыі рэктараў вышэйшых духоўных семінарый у Польшчы Пётр Кот, у гэтым годзе колькасць абітурыентаў у іх знізілася на 15 працэнтаў. Вялізны спад — асабліва ў краіне, што да апошняга была «фабрыкай пастыраў» для іншых краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі.

«Калі мы ў Еўропе гаворым пра вялізнае зніжэнне колькасці пакліканняў да святарства, то гэта, з аднаго боку, наступства лаіцызацыі [калі грамадства перастае быць рэлігійным — НН], але таксама трэба ўсё гучней гаварыць пра эксперыментальную інжынерыю чалавека, пра постгуманізм, які мае праблему з Божым бачаннем чалавека і свету, — пракаментаваў лічбы ксёндз Кот. — Людзі ў цэлым страчваюць веру, а моладзь асабліва падвяргаецца вялікаму выпрабаванню. Як вы хочаце, каб нехта пачуў пакліканне «Хадзі за мною», калі ён у жыцці не сустрэў супольнасці, захопленай Евангеллем», — мяркуе святар.

На думку ксяндза Ката, «дэфіцыт спеласці ў розных сферах цяпер уплывае на трываласць сямейных повязяў», і, дадае ён, «тое самае назіраем адносна святарства». «Касцёл увесь час выпрацоўвае новыя крытэры прыёму ў духоўныя семінарыі. Напрыклад, калі нейкі чалавек мае значныя недастатковасці ў сферы веры і ў асабістаснай сферы, то можа выйсці так, што гэты чалавек увогуле няздольны вывучыцца на святара, — мяркуе ксёндз. — Навучанне на святара прадугледжвае спеласць і цэльнасць маладога чалавека. Бо ласка будуецца на прыродзе. Пакліканы, які пераступае парог семінарыі, павінен мець мець належнае стаўленне да Бога і царквы, але таксама павінен ведаць, хто ён як чалавек, і таму ведаць сваю асобу, свае моцныя і слабыя бакі», — тлумачыць прычыны строгасці адбору ў польскія духоўныя семінарыі ксёндз.

Грамадства моцна памянялася за апошнія дзесяцігоддзі. Гэта звязана як з развіццём тэхналогій, мабільнасці, так і з эвалюцыяй нашых ведаў пра грамадства і чалавека. Між тым царкоўныя рытуалы і структуры не памяняліся.

Чытайце таксама: «Усё, што спушчана зверху, — усё святое». Архіепіскап Арцемій раскрыў, чаму стаў непажаданым для РПЦ

Найбольш гнуткімі ў апошнія дзесяцігоддзі былі пратэстанцкія цэрквы. Але прыхільнікі змен ёсць у розных цэрквах.

На мінулым тыдні канферэнцыя дэлегатаў ад каталіцкіх святароў і міран Нямеччыны «Сінадальны шлях» 168 галасамі супраць 28 выказалася за разгляд новаўвядзенняў, сярод якіх адмена цэлібату і дазвол на святарства жанчын. Старшыня канферэнцыі нямецкіх біскупаў Георг Бэцынг, біскуп Лімбургскі, выказваў нараканні на «засцярогі або растлумачэнні з боку Рымскай Курыі па пытаннях, на якія наша асвечанае і свабодалюбнае грамадства даўно адказала».

Кансерватыўная частка вернікаў хацела б, каб усё заставалася «як было», «па-старому». Між тым царква з тымі абрадамі, якія ёсць, робіцца ўсё больш незапатрабаванай маладымі пакаленнямі.

Нават у Заходняй Беларусі, дзе царкоўныя структуры не змагла разбурыць савецкая ўлада, многія цэрквы і касцёлы цяпер у нядзелю стаяць пустыя і паўпустыя, а вернікі абмяжоўваюцца абрадамі хрышчэння, адпявання і асвячэння дароў на Вялікдзень.

У Беларусі па стане на 1 студзеня 2021 года дзейнічала 1714 праваслаўных, 499 каталіцкіх і каля тысячы пратэстанцкіх грамад.

Чытайце таксама: У Маскве епіскапа Гродзенскага ўзвялі ў архіепіскапы. Патрыярх пры гэтым зблытаў свята

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера