Знайсці
05.10.2021 / 13:39РусŁacБел

«Спакойнага жыцця мне не будзе да смерці». Што стала з магчымымі пераемнікамі Лукашэнкі

За 27 год ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка ніколі ўсур’ёз не казаў аб магчымых пераемніках. На апошняй прэс-канферэнцыі ў яго спыталі, хто будзе наступным прэзідэнтам Беларусі. «Самае складанае пытанне», — адказаў ён. Мы ж прыгадалі, як склаўся лёс тых, каго палітычныя аналітыкі называлі магчымымі пераемнікамі Лукашэнкі — Міхаіл Мясніковіч, Сяргей Сідорскі, Сяргей Румас, Наталля Качанава, Уладзімір Макей і Раман Галоўчанка. Імёны апошніх двух часцей за іншых апошнім часам гучаць пры абмеркаванні магчымага трансферу ўлады.

«Я мог бы адказаць гэтаксама, як калісьці сказаў мой добры сябра і старэйшы брат Уладзімір Пуцін: каго беларускі народ абярэ, той і будзе прэзідэнтам, — заявіў Лукашэнка сёлета падчас 9-гадзіннай прэс-канферэнцыі. — Якую я пазіцыю пры гэтым буду займаць, я не вызначыўся, шчыра кажучы. Я думаю пра гэта, натуральна, гэта ж не вечная пасада. Я чалавек, які ўсю маладосць на гэта паклаў, часам я хачу проста спакойна пажыць, але пасля пачынаю паглыбляцца ў гэтыя роздумы і разумею, што спакойнага жыцця ў мяне ўжо не будзе да смерці». 

Палітык, запатрабаваны пры любой уладзе

Так гавораць пра Міхаіла Мясніковіча. Яшчэ яго называюць вопытным і асцярожным апаратчыкам. Ён пачынаў кар’еру ў камунальнай гаспадарцы, быў галоўным інжынерам «спецгаспадаркі» ў Мінску, якой належалі ўрадавыя могілкі.

Хутка падаўся ў палітыку — хутка заняў кіруючую пасаду ў Мінскім гарадскім Савеце народных дэпутатаў, далей была праца ў міністэрстве ЖКГ і Камітэце па эканоміцы і планаванні. Распад Савецкага саюза ён сустрэў на пасадзе віцэ-прэм’ера. 

Міхаіл Мясніковіч

Мясніковіч быў у камандзе Вячаслава Кебіча, кіраваў ягоным штабам, але калі на выбарах перамог Лукашэнка, хутка перайшоў на ягоны бок. Хоць некаторыя паплечнікі Лукашэнкі прыгадвалі, што Мясніковіч яшчэ да выніку галасавання, калі было ўжо зразумела, у каго большыя шанцы, паказаў сваю лаяльнасць будучаму прэзідэнту.

Цікава, што ў 1994-м у Лукашэнкі спыталі, што ён будзе рабіць «з самым багатым чалавекам краіны Міхаілам Мясніковічам». Той адказаў, што ён атрымае «па заслугах». Мясніковіча называлі першым беларускім мільянерам, які зарабіў на рытуальных паслугах.

Мясніковіч год адпрацаваў віцэ-прэм’ерам у Лукашэнкі, а пасля шэсць год кіраваў ягонай Адміністрацыяй. На гэты час выпаў гістарычны рэферэндум 1996 года, пасля якога значна пашырылі паўнамоцтвы прэзідэнта. Таксама Міхаіл Мясніковіч заспеў на пасадзе прэзідэнцкія выбары ў 2001, непрызнаныя беларускай апазіцыяй і Захадам (Лукашэнка, па падліках ЦВК, тады набраў 75,65%). 

Асноўны канкурэнт Лукашэнкі, прафсаюзны лідар Уладзімір Ганчарык у інтэрв’ю ўзгадваў, што ў Маскве, куды ён ездзіў на перамовы адносна магчымага пераемніка прэзідэнта, разглядалі кандыдатуру Міхаіла Мясніковіча. «Я памятаю, якую характарыстыку яму тады далі: дасведчаны, хітры, асцярожны. Я з гэтым цалкам згодны». 

Літаральна праз тры дні пасля выбараў Мясніковіч вызваліў крэсла кіраўніка Адміністрацыі і на дзевяць год сышоў кіраваць Нацыянальнай акадэміяй навук, гэты час можна назваць своеасаблівай ссылкай. Статус прафесара ён атрымаў праз некалькі год.

Пра Мясніковіча не забылі — адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго на чатыры гады прызначаюць прэм’ер-міністрам.

Выбары праходзілі на фоне масавых арыштаў і сілавога падаўлення пратэстаў, большасць апазіцыйных кандыдатаў былі затрыманыя яшчэ да сканчэння галасавання. У выніку пяць кандыдатаў былі асуджаныя па крымінальных артыкулах, больш за 30 палітвязняў атрымалі пакаранне па справе «Плошча-2010».

Санкцыі, значна слабейшыя за цяперашнія, вымусілі рэжым пайсці на саступкі — усіх палітвязняў датэрмінова вызвалілі, многія так і не падпісалі прашэнне аб памілаванні.

На час прэм’ерства Мясніковіча таксама прыпаў эканамічны крызіс у 2011-м, калі адбылася рэкордная дэвальвацыя рубля. Чэргі за валютай, прадуктамі і побытавай тэхнікай нагадвалі «галодныя 90-я», даходы насельніцтва скараціліся да ўзроўню 2005 года, заробкі ў Беларусі сталі ніжэй, чым у Кыргызстане і Малдове. Топ-чыноўнікі, і Мясніковіч разам з імі, адмаўлялі праблему. «На валютным рынку краіны ёсць пэўныя праблемы, але эканамічнага крызісу ў Беларусі няма», — заяўляў прэм’ер-міністр. 

У пачатку 2015-га Мясніковіча на чатыры гады адправілі кіраваць верхняй палатай парламента. Міхаіла Мясніковіча можна назваць доўгажыхаром на палітычнай арэне. Апошнія гады ён старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Лукашэнка, калі прапаноўваў яму новую пасаду, адзначыў, што «гэта пад сілу толькі вам».

Яшчэ адна цікавая дэталь — да Мясніковіча ён звяртаецца на «вы», што бывае не часта ў ягонай камунікацыі з чыноўнікамі. Цяперашняя пасада Мясніковіча выбарная, на чатыры гады.

Беларускія дэпутаты вырашылі ўзмацніць крымінальную адказнасць за заклік да санкцыяў, кажуць, гэта ставіць пад пагрозу беларускую эканоміку. Тым часам Міхаіл Мясніковіч заяўляў, што «санкцыі створаць умовы для пад’ёма нацыянальных эканомік».

«Беларусь, а не Беларусія»

Міхаіл Мясніковіч стаў прэм’ер-міністрам пасля Сяргея Сідорскага, які пазбавіўся пасады адразу пасля выбараў-2010. Як адзначаў тады палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута, «за нелаяльнасць, якую ён нават не паспеў праявіць». 

Сяргей Сідорскі

Сідорскі пратрымаўся ў крэсле прэм’ера рэкордныя для Беларусі сем год. І ствараў уражанне прыхільніка хаця б павольных рэформаў — заклікаў чыноўнікаў скарачаць расходы, глядзець, як развіваецца цывілізаваны свет і паўтараць найлепшыя практыкі. Сам быў з працоўнымі візітамі ў еўрапейскіх краінах. 

Сяргей Сідорскі даволі часта з’яўляўся на публіцы разам са сваёй жонкай Людмілай — і на культурных мерапрыемствах, і на спартовых матчах. Гэта карцінка рэзка кантраставала з партрэтамі Лукашэнкі. 

Не толькі беларускія, але і расійскія аналітыкі адзначалі добрыя ўзаемаадносіны Сідорскага з Пуціным. Цікавая дэталь — на паседжанні з расійскімі чыноўнікамі публічна паправіў міністра эканамічнага развіцця РФ. «Наша краіна называецца Беларусь, а не Беларусія», — заўважыў прэм’ер-міністр. 

На публіку выйшаў прынамсі адзін канфлікт Лукашэнкі і Сідорскага. Прэм’ер-міністр звярнуўся з просьбай адсунуць на год тэрміны пагашэння крэдытаў для прадпрыемстваў, у якіх не было грошай, маўляў, за кожным заводам стаяць людзі. «Я палітык і павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць пра эканоміку і фінансы», — асадзіў яго Лукашэнка. 

Сідорскага характарызуюць як нядрэннага адміністратара, але адзначаюць, што яму не хапіла смеласці, каб прасунуць рэальныя рэформы. Прапановы ссунуць Лукашэнку яму паступалі неаднаразова, але як чалавек наменклатуры Сідорскі застаўся пры сваім.

Некаторыя час пасля прэм’ерства пра кар’еру палітыка нічога не паведамлялася, затым на шэсць год ён стаў членам калегіі па прамысловасці і аграрным комплексе ЕЭК. Па апошніх згадках, Сідорскі працаваў у Еўразійскім банку развіцця. 

Самы дэмакратычны прэм’ер

Сяргей Румас выглядаў адной з самых кампрамісных фігур, якая магла б задаволіць большую частку грамадства, расколатага палітычным крызісам у 2020 годзе. Урад пад ягоным кіраўніцтвам лічыўся самым прагрэсіўным — Румас выступаў за рэформы, паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў, эканамічную незалежнасць Беларусі. Так, ён настойваў, што «дарожныя карты» з Расіяй будуць падпісаныя, толькі калі будуць улічаныя інтарэсы Беларусі.

Сяргей Румас

У топ задач, якія ён ставіў на першыя два гады свайго прэм’ерства, уваходзіла развіццё прадпрымальніцкага асяроддзя і стварэнне камфортных умоў вядзення бізнесу, фарміраванне ІТ-краіны і маштабная лічбавізацыя эканомікі, правядзенне эфектыўнай бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, нізкі ўзровень інфляцыі, удасканальванне інвестыцыйнай палітыкі і г.д.. Але варта праўдзіва глядзець на вынік: многія прапановы Румаса адпавядалі рынкавай эканоміцы, мала што ўдалося рэалізаваць. 

За пару месяцаў да выбараў Румаса адпраўляюць у адстаўку. Лукашэнка спачатку абвясціў, што прэм’ер сыходзіць у бізнэс: «Ён мне проста сказаў: я хачу заняцца бізнэсам, хачу зарабіць грошы, немалыя грошы, я магу іх зарабіць. Не думаю, што Румас з'едзе з краіны і павязе гэтыя грошы, ён іх укладзе тут у эканоміку». 

Але неўзабаве яму неаднаразова прыляталі тумакі, маўляў, усе прапановы рыначнікаў (відавочны намёк на каманду Румаса), ледзь не пагубілі краіну. 

Румас, як і Сідорскі, быў занадта заўважным палітыкам — ён таксама з’яўляўся на публіцы з жонкай, біяграфіі ягонай сям’і мог пазайздросціць любы палітык.

16 жніўня 2020-га, калі ў Беларусі сабралася самая масавая акцыя пратэсту, жонка Румаса апублікавала фота з ім на фоне мора дэманстрантаў. Аднак сам былы чыноўнік, як не прыцягвалі яго да прэзідэнцтва, пра свае палітычныя амбіцыі нічога не заяўляў.

Сёлета былы прэм’ер пакінуў Беларусь. Зімой затрымалі ягоных сяброў, з якімі ён працаваў, калі быў банкірам. Паведамлялася, што дома ў ягонай сям’і праводзіўся ператрус. 

У кастрычніку з’явілася інфармацыя, што Сяргей Румас увайшоў у склад Назіральнай рады «Рассяльгасбанка», дзе яго добра ведаюць яшчэ па працы ў Беларусі, калі ён узначальваў «Белаграпрамбанк».

«Гатовы прэзідэнт», за якую не прагаласуюць

Наталля Качанава — самая высокапастаўленая жанчына ў беларускай уладзе. Яна стала ўвасабленнем той жанчыны ў палітыцы, якая задавальняе ўлады: кожны дзень яна дэманструе, што гатова гэты рэжым адстойваць і згладжваць, калі спатрэбіцца, усе вуглы.

Наталля Качанава

«На маім прыкладзе можна пераканацца: любая жанчына можа дасягнуць самых неверагодных вяршыняў і ў прафесіі, і ў жыцці», — кажа яна пра сябе.

Наталля Качанава сапраўды спачатку не вызначалася нічым адметным: нават ва ўніверсітэт яна паступіла па спартовай квоце (добра гуляла ў валейбол) на самую незапатрабаваную спецыялізацыю — вадазабеспячэнне і каналізацыя. «На першым курсе я не бачыла сябе нікім», — расказвала чыноўніца ў інтэрв’ю.

Пачынала, як просты дыспетчар на водаканале. 

«Мне заўсёды ўсё падабалася, — прыгадвала маладосць Качанава. — Я ніколі не думала ніадкуль сыходзіць … Калі была ў дэкрэце, мне прапанавалі перайсці на прадпрыемства ЖКГ. Я і пайшла. Ну і да чаго я імкнулася? Ды ні да чаго. Для мяне ніколі не стаяла такая мэта, дасягнуць якіх-небудзь вышынь у кар'еры».

Наталлі пашанцавала, што яе заўважыў мэр Полацка Уладзімір Тачыла, з якім і звязваюць першыя кар’ерныя поспехі Качанавай — яна прыйшла ў гарвыканкам. Тачыла ў выніку пагарэў на карупцыі, хоць да турмы не дайшло — Лукашэнка памілаваў яго яшчэ да суда. 

Тым часам Наталля Качанава стала мэрам Наваполацка. Гэта прызначэнне звязваюць з іншым уплывовым чыноўнікам — Аляксандрам Косінцам, які на той час быў віцэ-прэм’ерам.

Праз некалькі год Качанава вырасла да віцэ-прэм’ера па сацыяльных пытаннях. Лукашэнка прама заявіў: за яе прасілі сілавікі і паручыўся спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка. Ён, як і папярэднія «паручальнікі» Качанавай — з Віцебшчыны. Такім чынам, яна стала першай (і пакуль адзінай) у гісторыі Беларусі жанчынай віцэ-прэм’ерам, а неўзабаве ўзначаліла Адміністрацыю прэзідэнта.

Качанава стварае вобраз чыноўніка, блізкага да народа — можа выслухаць простых людзей, паабяцаць разабрацца ў праблеме, нават калі гэта праблема не яе ўзроўню. І нават папрасіць прабачэння ад імя ўлады, што надзвычай рэдка здараецца сярод чыноўнікаў.

Цікава, што менавіта Качанавай давялося разграбаць многія касякі праваахоўчай і судовай сістэмы: гэта яна прасіла прабачэння ў цыганоў, якіх несправядліва пакрыўдзіла міліцыя, гэта яна сустракалася з роднымі асуджаных за наркотыкі, якія нязгодныя з жорсткай палітыкай дзяржавы, і гэта яна ездзіла ў калонію, каб угаварыць палітзняволеную Наталлю Хершэ папрасіць памілаванне ў Лукашэнкі. 

У гарачы перадвыбарчы час Качанава актыўна ездзіла па краіне і нават спрабавала сустрэцца з прадстаўнікамі апазіцыі. Але канструктыўнай размовы не выйшла — чыноўніца паўтарала заезджаныя наратывы ўлады пра стабільнасць і запалохванні, пра альтэрнатыўных кандыдатаў, якія нібыта хочуць разваліць краіну.

З пераходам у Савет рэспублікі прысутнасць і ўплыў Качанавай ніколькі не зменшыўся, яна па-ранейшаму прысутнічае на ключавых мерапрыемствах, працягвае туры па краіне з праграмай у абарону Лукашэнкі.

Нягледзячы на такую блізкасць да народа, менавіта з Качанавай звязваюць многія рэпутацыйныя правалы Лукашэнкі, найперш у палітыцы па барацьбе з каранавірусам. Не падказаць у патрэбны момант, як гаварыць з людзьмі, якая сітуацыя ў краіне насамрэч з захворваннем і як народ рэагуе на заявы пра тое, што вірус можна лячыць у лазні і гарэлкай — гэта задача, якая з трэскам праваленая, і не толькі прэс-сакратаром Наталляй Эйсмант. 

Але ў чым Наталлі Качанавай насамрэч няма роўных — у кампліментах, якія яна шчодра адсыпае Лукашэнку: «Самы галоўны прыклад для нас — гэта наш прэзідэнт. Я ўвесь час дзіўлюся і дзіўлюся. І на хакеі, калі я прысутнічала на матчах, цяпер вось на Калядным турніры … І ён мяне ўвесь час дзівіць. Сваёй фізічнай формай. Таму што чалавек павінен быць здаровым: і духоўна, і цялесна…

У некаторых момантах у мяне нават слёзы выступалі на вачах, таму што я адчувала шчырасць гэтага чалавека… Я бачу, наколькі мудрыя рашэнні ў кіраўніка нашай дзяржавы, наколькі ўвогуле тая палітыка, якая праводзіцца ў нашай краіне, абсалютна правільная і вывераная». 

І хоць імя Качанавай гучыць сярод магчымых пераемнікаў (адзін з асноўных пунктаў — лаяльнасць — яна дакладна гарантуе), улічваючы сэксісцкія погляды Лукашэнкі, складана ўявіць, што ён пагодзіцца з такой кандыдатурай.

Вось што ён казаў на гэты конт: «Наталля Іванаўна, за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты вопытная ўжо, гатовы прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас прэзідэнт — не Літва. Там была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».

Дыпламат, якога наўрад ці зацвердзіць Расія

Прафесійны дыпламат Уладзімір Макей спрабаваў увайсці ў гісторыю як будаўнік мастоў паміж Беларуссю і Захадам.

Уладзімір Макей

У 2020-м многія чакалі ад яго, што ён падтрымае жаданне народаў да пераменаў — Макей часта з’яўляўся на публіцы ў амплуа дэмакратычнага палітыка (хоць яму і прыгадвалі заявы пасля разгону Плошчы-2010, калі ён займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі). Ён падтрымліваў беларускую мову і культуру, так актыўна раздаваў інтэрв’ю, што наверсе яго прасілі прытармазіць — у Адміністрацыі не любяць, калі пра іншых чыноўнікаў згадваюць занадта часта. 

Рэакцыя Макея на надзеі беларусаў нагадвала адказ футбаліста Аршавіна расчараваным фанатам: «Вашыя чаканні — вашыя праблемы». Спачатку асцярожна, а пасля ўсё больш агрэсіўна міністр стаў абазначаць вернасць Лукашэнку.

Адна з самых эмацыйных заяваў была ў абарону малодшага сына, якому, па словах Макея, дасылалі непрыемныя каментары ў сацсетках. Чыноўнік паабяцаў перагрызці горла за слёзы 11-гадовага хлопчыка. І канечне, у гісторыю беларускай дыпламатыі ўвойдуць эмацыйныя прэс-рэлізы з абвінавачваннямі ў бок ЕС і ЗША, ніводны такі опус не мог з’явіцца без згоды Макея. 

Асноўны аргумент міністра замежных справаў у абарону існуючай улады — гарантыя незалежнасці Беларусі. Пры гэтым апошнім часам яму ўсё часцей даводзіцца пераконваць усіх навокал, што наш самы надзейны партнёр — гэта Расія. 

Масавага адтоку дыпламатаў пасля выбараў не адбылося, але кожны сыход быў гучным, у тым ліку калі міністэрства пакінуў і старэйшы сын Макея, хоць напрамую з выбарамі адстаўку не звязвалі. Пазней жа ён раскрытыкаваў скандальную заяву МЗС адносна палітыкі ЗША.

Але самая вялікая параза для Макея — актыўная пазіцыя Паўла Латушкі, які ў апошнія гады хоць і быў кіраўніком тэатра, але пабудаваў кар’еру дыпламата і рэкамендаваў яго перад Лукашэнкам Уладзімір Макей. А сваё крэсла міністр усё яшчэ ўтрымлівае.

На апошняй прэс-канферэнцыі Лукашэнка нібыта публічна супакоіў яго, што ў правінах Латушкі ён невінаваты. 

Спроба дамовіцца з Захадам, але цяпер ужо кулуарна і са скрыпам, па-ранейшаму застаецца місіяй міністра замежных справаў. Ён публічна папярэджваў, што ўзмацненне санкцый прывядзе да таго, што ў Беларусі перастане існаваць грамадзянская супольнасць. І як пацверджанне сваёй лаяльнасці дадаваў, што «ў гэтай сітуацыі гэта будзе абгрунтаваным».

Макея часта называюць магчымым пераемнікам Лукашэнкі, аднак ягоную празаходнюю пазіцыю заўсёды крытыкавалі ў Расіі, таму наўрад ці Крэмль пагадзіўся б з такой ракіроўкай. Пасаду міністра замежных справаў ён займае ўжо дзявяты год. У адным з інтэрв’ю ён падкрэсліў, што ў сваёй кар’еры «ніколі не займаўся апаратнымі гульнямі».

Прэм’ер, якога асвісталі рабочыя

Самым верагодным пераемнікам апошнім часам называюць дзеючага прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанку. Ягоная кандыдатура куды больш задаволіць і Крэмль (Галоўчанка скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС РФ, вызначаецца моцнымі прарасійскімі заявамі), і сілавікоў, з якімі ён шчыльна працаваў у Савеце бяспекі, Генеральнай пракуратуры і ваенна-прамысловым камітэце, і эканамічны і прамысловы блок (Галоўчанка шмат год працаваў дыпламатам, таксама займаўся пастаўкамі зброі за мяжу). Да таго ж, Галоўчанку называюць пратэжэ Віктара Шэймана, аднаго з самых надзейных паплечнікаў Лукашэнкі. 

Раман Галоўчанка

Адна з паказальных гісторый, як прэм’ер-міністр размаўляў у жніўні 2020-га з рабочымі Трактарнага завода, якія ўзбунтавалі супраць бязмежжа ўлады. Вопытны дыпламат паказаў поўную няздольнасць спакойна і ўзважана гаварыць з простымі людзьмі. На канкрэтныя пытанні ён адказваў завучаныя фразы пра тое, што ў 90-я ўсё было горш. Чым гэта скончылася? Прэм’ера проста асвісталі. 

Аднак ягоныя дыпламатычныя і вайсковыя поспехі ў Арабскім свеце і з Кітаем дазваляюць Лукашэнку не сумнявацца ў надзейнасці такога кандыдата. Апошні год на пасадзе прэм’ера, якімі б сур’ёзнымі не былі прэтэнзіі да Лукашэнкі, не зменшыў лаяльнасці Галоўчанкі.

Аднак пытанне, ці будзе ўвогуле ў Лукашэнкі пераемнік, так і застаецца адкрытым. Гэта для яго, як мы чулі, «самае складанае пытанне».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930