Знайсці
04.10.2021 / 21:51

Спрабавала палепшыць імідж МУС, а ў выніку закапала яго яшчэ глыбей. Што вядома пра Вольгу Чамаданаву, якая атрымала павышэнне

Сёння стала вядома, што пасля трох год работы пакінула пасаду прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Яе пераводзяць на цывільную работу — начальніцай упраўлення па ідэалогіі і справах моладзі Мінскага гарвыканкама. Чым запомнілася Вольга Чамаданава, як трапіла ў органы і што пра яе вядома?

Павялічыць

Фота: ctv.by.

Вольга Чамаданава, у дзявоцтве Прыстром, нарадзілася ў Астрашыцкім гарадку ў 1977 годзе ў сям'і настаўніка. 

Сама яна таксама пайшла вучыцца на настаўніка — у 1999-м скончыла БДУ па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура».

Скончыўшы ўніверсітэт, на работу не ўладкавалася — і праз пару месяцаў пайшла ў міліцыю. Узялі ўчастковым інспектарам па справах непаўналетніх у Бараўлянскі аддзел. 

Там пазнаёмілася са сваім мужам, цяпер ужо палкоўнікам міліцыі Дзянісам Чамаданавым, высокапастаўленым супрацоўнікам ГУБАЗіКа. Яны гадуюць дваіх дзяцей, хобі старэйшай дачкі — беларуская і англійскія мовы. Хобі мужа Дзяніса — рыбалка. 

Прыйшла на пасаду пасля скандалу з помнікам гарадавому

З 2006-га Чамаданава пайшла на павышэнне: начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама. Займальна, што праз год яна стала пераможцай абласнога конкурсу «Самы ветлівы і культурны супрацоўнік органаў». 

Павялічыць

Фота: ctv.by

У інспекцыі па справах непаўналетніх Вольга Чамаданава лічылася старанным супрацоўнікам, які ўвесь вольны час аддае рабоце, ахвяруючы сям'ёй. 

Так сталася, што на пасаду прэс-сакратара МУС Прыстром-Чамаданава трапіла выпадкова. У адзін момант тагачасны міністр Ігар Шуневіч звольніў папярэдняга прэс-сакратара, Георгія Еўчара. 

Нагадаем, Еўчара звольнілі пасля справы з помнікам гарадавому. Тады падлетка, што даў поўху помніку, вымусілі выбачыцца на камеру. Гэтае відэа выклікала хвалю абурэння. І пасля таго Еўчар сышоў з пасады, як ён пісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, «па ўласным жаданні» і праз выслугу год.

Да таго начальнікам прэс-службы МУС быў сябра Еўчара, Канстанцін Шалькевіч. Па нашых звестках, яго звольнілі за тое, што цяпер выглядае «нармальным»: ён аддаў тэлевізійшчыкам кадры аператыўнай здымкі, хаця абяцаў Шуневічу так не рабіць. Гэта стала апошняй кропляй у шэрагу ягоных «касякоў». 

А раней за Шалькевіча з пасады прэс-сакратара МУС, напісаўшы заяву па ўласным жаданні, сышла Святлана Бароўская. 

Адным словам, ахвотных працаваць прэс-сакратаром Міністэрства ўнутраных спраў не было ні сярод супрацоўнікаў, ні сярод ідэолагаў. Таму, калі напрыканцы 2018 года пасада засталася вольнай, успомнілі пра актыўную Чамаданаву з раённай міліцыі.

Зрэшты, да публічнай ідэалогіі і медыя яна ўжо мела некаторае дачыненне: у 2011-м атрымала дыплом за «найлепшы карпункт» у конкурсе МУС на найлепшы матэрыял у СМІ па асвятленні дзейнасці міністэрства. 

Павялічыць

Выклік ад Сцяпана Пуцілы і ўласны тэлеграм-канал

Што тычыцца работы Чамаданавай на пасадзе прэс-сакратара, трэба адзначыць, што пачала яна няблага. Ведамства пакрысе пачало адкрывацца журналістам. Незалежныя СМІ запрашалі на круглыя сталы ў МУС, на прэс-канферэнцыі, давалі каментары і адказвалі на пытанні. А з сыходам Шуневіча, які прэсу ненавідзеў і прозвішча пакойнага Зісера рыфмаваў з нецэнзурным словам, гэтыя працэсы паскорыліся.

Але ў той час з'явіўся актыўны блогер Сцяпан Пуціла, якому крыніцы дасылалі міліцэйскія зводкі. Рэпутацыя міліцыі падала кожны дзень, бо станавіліся вядомымі рэальныя аспекты жыцця ведамства.

Гэта быў асноўны ідэалагічны выклік перад МУС, але інструментаў, каб яго вырашыць, у міліцыі не было — існавала практыка аддаваць усю інфармацыю ў дзяржаўныя СБ і БелТА.

Павялічыць

Фота: institutemvd.by

Чамаданава ініцыявала спыненне гэтай практыкі, зыходзячы з думкі: навошта аддаваць іншым нашу інфармацыю, калі можна публікаваць яе самастойна і аператыўна? Для гэтага быў створаны сумна вядомы цяпер тэлеграм-канал, адным з жанрам якога стала развянчанне фэйкаў, якіх сапраўды тады было багата. 

Па нашай інфармацыі, на той момант Шуневіч быў супраць ведамаснага канала, бо калі які залёт, то адказваць будзе ён. Таму Чамаданавай дазволілі, але з агаворкай — каб яна вяла яго ад свайго імя, адпаведна, каб і адказвала ў выпадку чаго асабіста. Спачатку канал насіў яе імя, а потым, калі ўбачылі, што «добра ідзе», то перайменавалі, зняўшы асацыяцыю з асобай. 

Нашы крыніцы кажуць, што на пасадзе кіраўніка Чамаданава была жорсткай, патрабавала ад работнікаў безумоўна выконваць яе волю пад пагрозамі вымоваў і санкцый. 

Фэйк пра Тарайкоўскага і практыка «раскайванняў» на камеру

З пачаткам жніўня 2020-га года Чамаданава засталася на пасадзе. У першыя дні сілавога ціску нават абяцала журналістам прэс-канферэнцыю з міністрам наконт таго, як сябе паводзілі сілавікі падчас разгону пратэстаў. Але абяцанні не выканала. Ні адной прэс-канферэнцыі з міністрам унутраных спраў пасля жніўня 2020 года не было.

Павялічыць

Фота: belta.by.

Паступова рыторыка тэлеграм-канала МУС змянілася: у мове стала больш эмоцый і негатыўных ацэнак затрыманых пратэстоўцаў. 

Менавіта пры Чамаданавай у тэлеграм-каналах сілавых структур (а іх было створана досыць шмат) сталі з'яўляцца відэа «прызнанняў» і «раскайванняў». Таксама пры ёй дзяржаўныя журналісты праводзілі ледзь не допыты затрыманых на акцыях пратэсту. 

Можна гадаць, што такой інфармацыйнай рабоце Чамаданава навучылася ад расійскіх спецыялістаў, якія арганізоўвалі трэнінгі для прэс-сакратароў сілавых ведамстваў Беларусі.

Запомнілася Чамаданва і яшчэ некалькімі рэчамі. У дзень смерці Аляксандра Тарайкоўскага тэлеграм-канал МУС апублікаваў інфармацыю, што ён нібыта загінуў, бо спрабаваў кінуць у спецназаўцаў выбухоўку, якая разарвалася ў яго руках. 

Але хутка з'явілася відэа моманту смерці Тарайкоўскага, на якім было бачна, што ў ягонай руцэ не было ніякай выбухоўкі. Родзічы пасля таксама абверглі гэту інфармацыю ад МУС.

Калі праўда выплыла, новая інфармацыя не тое што не была агучана — не была выпраўлена ці выдалена і старая. 

Ніякіх прабачэнняў міністэрства ўнутраных спраў не прынесла. 

Чамаданава таксама запомнілася і тым, што падавала ў суд за каментар «у непрыстойнай і грубай форме пра пасаду і пагоны». Сведкай выступала прэс-сакратарка сталічнай міліцыі Наталля Ганусевіч.

Тады Чамаданава ацаніла свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў. Суд прызнаў аўтара каментара, 43-гадовага Змітра Ушацкага, вінаватым. Мужчына атрымаў два гады хатняй хіміі. Суд таксама абавязаў яго выплаціць Чамаданавай тыя самыя грошы. Прэс-сакратар, дарэчы, аддала іх у дзіцячы дом.

Па чутках, сышла пасля зліваў пра сябе

Апошняе, што ўзарвала інтэрнэт, — гэта запіс з галасамі, падобнымі да галасоў міліцэйскіх начальнікаў Падвойскага і Казлова, які трапіў у сетку, дзе ішло абмеркаванне Чамаданавай. Прычым з мноствам нецэнзурных эпітэтаў. Цікава, што векапомны эпітэт, які прагучаў падчас размовы — адсылка да пасёлка Лясны, дзе жыве Чамаданава. 

«Міністр кажа: спагнанне з мяне, а Гамолу з пасады зняць». У новым зліве сілавікі абмяркоўваюць прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву

Нагадаем, Падвойскі і Казлоў у свой час былі непасрэднымі начальнікамі Чамаданавай. Імаверна, калі яна скокнула праз іх галовы, больш любіць яе яны не сталі. 

Дзейныя супрацоўнікі міліцыі лічаць, што кар'ера Чамаданавай у МУС пайшла пад адхон менавіта праз гэтыя злівы перамоваў. Трымаць побач людзей, якія публічна перасварыліся, выглядае шкодным для калектыву.

Прытым абазнаныя людзі кажуць, што Падвойскі і Казлоў — сябры Кубракова. У той жа час як Чамаданава з ім не асабліва блізкая і прыходзіла ў міністэрства яшчэ пры Шуневічу. 

Чуткі пра тое, што Чамаданаву здымаюць з пасады, сталі хадзіць яшчэ 27 верасня. Але кулуарна яна сама іх абвяргала. 

Ды і ў інтэрв'ю сваёй жа супрацоўніцы два тыдні таму нічога не выдавала жаданне пакінуць службу.

Што датычыць яе пераводу на пазіцыю ідэолага Мінгарвыканкама, то тут адназначна незразумела, як гэта выглядае для яе самой — павышэннем ці паніжэннем. 

Павялічыць

Фота: МУС Беларусі.

З аднаго боку, незразумела, што цяпер з яе палкоўніцкай пенсіяй — яе яна пачне атрымліваць у 50 год, бо ў адстаўку сышла раней за гэты ўзрост. Праўда, невядома, як гэта аформлена пісьмова: калі яе звольнілі «па стане здароўя», то будзе атрымліваць і цяпер. У любым разе, чалавеку, які столькі год аддаў службе, сыходзіць з яе выглядае шокам. 

З іншага боку, яе пасада выглядае добрым трамплінам у існуючай сістэме — з гэтай пазіцыі можна і ў кіраўнікі раёнаў. Ёсць выпадкі, калі адтуль сыходзілі ў міністры, напрыклад — Карпенка. Пазіцыя ідэолага Мінска лічыцца такой, да якой праяўляе інтарэс і якую курыруе сам Лукашэнка. 

Што адметна, у 2020 годзе яна завочна паступіла ў магістратуру Акадэміі кіравання. Тэма магістарскай работы — «Крыміналагічная характарыстыка злачыннасці непаўналетніх у Беларусі». 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31