Знайсці
04.10.2021 / 08:39РусŁacБел

«Больш працаваць няма каму, я тут адзін». Выпускнік аграрнага ўніверсітэта расказвае пра сваё размеркаванне

Максіму 24 гады, ён скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і стаў адным з 19,4 тысячы выпускнікоў-бюджэтнікаў, што адправіліся на размеркаванне. Праўда, у адрозненне ад многіх сваіх аднакурснікаў хлопец — «мэтавік». І цяпер яго лёс на пяць гадоў звязаны з Верхнядзвінскам, што ў Віцебскай вобласці.

Першапачаткова Максім хацеў звязаць сваё жыццё са спортам. Але бацькі вырашылі інакш. Хлопец пайшоў у Буда-Кашалёўскі каледж, што ў Гомельскай вобласці. Адвучыўся на электраманцёра, а пасля вырашыў штурмаваць ВНУ. Праўда, пабаяўся, што самастойна на бюджэт не пройдзе.

«Я быў няўпэўнены ў сабе, бо ў каледжы вучыўся сярэдне, — расказвае ён. — Таму загадзя дамовіўся з прадпрыемствам аб мэтавым накіраванні. Вырашыў скарыстацца магчымасцю: мэтавае — гэта гарантыя таго, што ты паступіш ва ўніверсітэт».

Праз пяць гадоў падчас размеркавання жыццё Максіма было вызначана: ехаць у Верхнядзвінск. Вядома, перспектыва пяць гадоў правесці ў сельскай гаспадарцы выпускніку падабалася нашмат менш, чым у часы абітурыенства. Але і «касіць» нейкім чынам ад размеркавання хлопец не збіраўся.

«Тут нельга было нічога зрабіць. Нават цяпер рэгулярна пра гэта думаю, але нагнуць сістэму, на мой погляд, немагчыма», — кажа ён.

У выніку Максім стаў галоўным энергетыкам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве Верхнядзвінска. Тут разводзяць буйную рагатую жывёлу і вырошчваюць збожжа. Але само па сабе прадпрыемства будуць фінансава аздараўляць да 2033 года.

«Наогул у мяне графік пяць праз два. Але могуць выклікаць і ноччу»

Першы дзень на новым месцы галоўнага энергетыка Максіма Чаўкіна прайшоў лёгка. Хлопец памяняў дзве лямпачкі і адрамантаваў рухавік. Спачатку лічыў, што так будзе заўсёды. Але потым праца стала займаць усё больш і больш часу.

«Наогул у мяне графік пяць праз два. Але могуць выклікаць і ноччу. Нават у выхадныя, бывае, іду на працу, — расказвае ён. — Магу палову дня праседзець у кабінеце, вечарам прыехаць дадому, а на працы што-небудзь зламаецца ў гэты момант. Даводзіцца ехаць рамантаваць.

А тут такое абсталяванне, з якім я нават не ведаю, як працаваць. Мы не вывучалі гэтага ва ўніверсітэце. Вельмі доўга сварыўся з дырэктарам наконт гэтага. Адкуль я, малады спецыяліст, магу ведаць?

А ўвогуле, я тут адзін, больш працаваць няма каму. Быў электрык да мяне адзін, мы з ім папрацавалі пару месяцаў. Паказаў мне нюансы, звольніўся, паехаў за мяжу. Як мне аднаму з усім справіцца? Плюс ад мяне патрабуюць столькі, быццам я павінен ведаць усё ў гэтай галіне. Ну гэта ж нерэальна.

Агулам калектыў да мяне ставіцца добра, але не ўсе разумеюць, што я на гэтай пасадзе ўпершыню».

Заробак у маладога спецыяліста ў параўнанні з некаторымі іншымі выпускнікамі — добры. Аклад — 841 рубель, яшчэ 100 рублёў даплаты за маладога спецыяліста. Аднак працаваць даводзіцца не на адной пасадзе. Хлопец выконвае абавязкі інжынера, электрыка і энергетыка.

«За перапрацоўку асобна не даплачваюць, але ў кантракце прапісана, што ідзе налічэнне пяці працэнтаў ад акладу, — расказвае Максім. — У жніўні выйшла больш, бо я працаваў яшчэ і аператарам сушыльнай устаноўкі. Гэта сезонная падпрацоўка, такая магчымасць ёсць не заўжды».

«Я яшчэ нармальна размеркаваўся. Мой сябар на такой жа пасадзе зарабляе 300 рублёў. І калі ў мяне ад працы дом, то ў яго арэндны пакой у бабулі, — не губляе аптымізму хлопец. — А памер зарплаты залежыць ад прадпрыемства: ці стратна яно альбо не. Там, дзе можна нешта зарабіць, як правіла, маладых спецыялістаў не бяруць».

Максім — адзін са шчасліўчыкаў, што атрымаў жыллё. Пры тым у новым доме, які пабудавалі літаральна перад яго працаўладкаваннем.

«Ён цалкам пусты. Рамонт, вядома, тут ёсць, але мэблі няма. Прыйшлося дакупіць неабходнае. За яго я буду плаціць арэнду 89 рублёў і плюс камунальныя паслугі. Жыву адзін і знаходжуся дома толькі ўвечары, таму выходзіць эканомна», — кажа малады чалавек.

«Што будзе, калі я не дапрацую да канца? Давядзецца плаціць каля 6800 даляраў»

Адпрацаваўшы паўгода, Максім кажа, што заставацца на гэтай працы ў Верхнядзвінску ён наўрад ці будзе. Лічыць, што ўсё ж пяць гадоў па размеркаванні — гэта вельмі шмат. Нават для «мэтавікоў».

«Гэта своеасаблівы ланцуг на шыі. Лічу, што адпрацоўкі пасля ўніверсітэта ўвогуле быць не павінна. А мэтавікам трэба скараціць гэты тэрмін да двух гадоў, — кажа ён. — Што будзе, калі я не дапрацую да канца? Мне давядзецца плаціць каля 6800 даляраў.

Як па мне, то навучанне ў БДАТУ столькі не каштуе. Гэта маё асабістае меркаванне. Камусьці і такія ўмовы будуць у радасць, але я люблю павагу да сваёй працы і цаню яе. У сельскай гаспадарцы такое бывае рэдка.

За гэтыя грошы можна адкрыць невялікае ІП, якое прынясе табе значна больш цікавага, чым праца на дзяржаўнае прадпрыемства.

Цяпер я нікому не параю мэтавае паступленне. Удумайцеся: на працягу пяці гадоў ты звольніцца не можаш і цябе звольніць не могуць».

Што тычыцца планаў, то ў хлопца ёсць мара — адкрыць свой уласны бізнэс. Кажа, што не ў Беларусі.

«Назапашу грошай і паеду за мяжу, адкрыю там свой бізнэс. Які? Яшчэ не ведаю. Можа, нешта звязанае з электрыкай, — расказвае ён. — Ёсць жаданне з’ехаць толькі з-за таго, што ў Беларусі вельмі цяжка развіваць сваю справу: тое, што падабаецца.

Узровень жыцця тут не задавальняе, проста хочацца свабоды дзеянняў. Магчыма, яшчэ з-за таго, што хачу падарожнічаць, а не ў адным месцы пражыць усё жыццё».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера