Знайсці
28.09.2021 / 16:45РусŁacБел

Навошта Лукашэнку новая Канстытуцыя? Разбіраемся з экспертамі

28 верасня Лукашэнку прадставілі змены ў новай рэдакцыі Канстытуцыі. Не абышлося і без яго каментароў: Лукашэнка загадаў «улічваць нюансы», каб не дапусціць да ўлады нейкіх «іх». Таксама ён паведаміў, што рэферэндум па зменах у Канстытуцыю пройдзе не пазней за люты 2022 года. Але ж навошта Лукашэнку ўвогуле штосьці мяняць у галоўным законе краіны?

«Спроба прадаць гэта як кампраміс, у першую чаргу, Расіі»

«Спачатку ідэя змен у Канстытуцыі нарадзілася ў Лукашэнкі як ідэя сапраўды не даць будучаму пераемніку тых жа паўнамоцтваў, — кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. — Бо ён мае пэўны страх, што калі пераемнік будзе мець тую ж абсалютную ўладу, то немагчыма будзе абараніць самога Лукашэнку, пры патрэбе, ад дзеянняў пераемніка. Таксама новы кіраўнік зможа абсалютна валюнтарысцкі мяняць курс дзяржавы. 

А так — будуць пэўныя «прыбудовы» для кантролю пераемніка, каб ён не сыходзіў з рэек і курсу, які задаваць яму будзе Лукашэнка. На маю думку, менавіта ў гэтым была асноўная мэта канстытуцыйнай рэформы.

Шмат у чым гэтая мэта і застаецца, але сёння дадаецца спроба праз рэформу супакоіць частку грамадства. Маўляў, вы хацелі перамен? Вось перамены! Я лічу, гэта наіўная спроба, бо людзі пратэставалі не за гэта і мала каго гэта можа пераканаць у чымсьці.

Ну і яшчэ адна мэта змен у Канстытуцыю — спроба прадаць гэта як кампраміс, у першую чаргу, Расіі, якая таксама хацела нейкага прававога вырашэння крызісу ў Беларусі. І Расія ж таксама ўхапілася за ідэю гэтай рэформы. Лукашэнка так гэта і падае Маскве: глядзіце, я не забіўся ў бункер, я мяняю дзяржаўную машыну ў адказ на народны запыт.

Мне здаецца, у Канстытуцыйнай рэформы вось такі набор мэтаў».

«Выглядае, што гэтая ідэя ўзнікла з падачы Масквы»

Палітолаг Валер Карбалевіч таксама мяркуе, што восенню мінулага года тэма канстытуцыйнай рэформы з’явілася ў якасці кампрамісу, які ўлада прапанавала ў адказ на патрабаванні перамен.

Фота: currenttime.tv

«У тым ліку гэта было патрэбна, каб людзі сышлі з вуліц. Маўляў, хочаце перамен — вось, мы прапануем перамены, ідзём вам насустрач. І нават змяншаем паўнамоцтвы прэзідэнта! Вы хацелі дэмакратыю? Вось.

Але выглядае, што гэтая ідэя ўзнікла з падачы Масквы, — кажа Карбалевіч. — Бо менавіта пасля візіту ў Сочы да Пуціна шмат хто ў Расіі пачаў казаць пра неабходнасць канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, і толькі пасля гэта падхапілі беларускія дзяржаўныя медыя.

У 2019 годзе, яшчэ да пратэстаў, Лукашэнка таксама выказваўся пра неабходнасць змен у Канстытуцыю, але тады гэта было зусім іншае. Тады ён казаў, што наступнаму прэзідэнту нельга пакідаць такія ж вялізныя паўнамоцтвы.

Ён, напэўна, баяўся рабіць стаўку на чалавека, для гарантый пасля свайго адыходу. Таму хацеў рабіць стаўку на інстытуты. У гэтым яго адрозненне ад Ельцына, напрыклад, які якраз паставіў на чалавека, і, у прынцыпе, не прагадаў з яго пазіцыі.

Лукашэнка ж нікому не давярае, таму хацеў стварыць нейкія інстытуцыйныя гарантыі бяспекі і, магчыма, ўлады для сябе.

Але пасля пачатку пратэстаў усё змянілася. І цяпер змены ў Канстытуцыю былі спачатку накшталт перніка для той часткі грамадства, у якой ёсць запыт на перамены, якая выходзіла на вуліцу. А пасля таго як пратэсты задушылі, праца працягнулася ў тым ліку і па інэрцыі, бо «мы ж абяцалі». Але абяцалі, баюся, Маскве.

Ну і сёння, па логіцы Лукашэнкі, канстытуцыйная рэформа мусіць захаваць сістэму, нават калі ён сыдзе. Цяпер сэнс рэформы зноў змяніўся».

«Ён не хоча радыкальна мяняць сваю сістэму»

Аналітык Аляксандр Класкоўскі кажа: 

«Пра новую Канстытуцыю Лукашэнка перыядычна гаварыў апошнія гадоў 10. Нават у 2019 годзе, на маю думку, гэта было яшчэ такое палітычнае какецтва, нейкая морква для тых, хто незадаволены ўладай і яе незмяняльнасцю.

Фота: baj.by

Але ў 2020 годзе Лукашэнка быў шакіраваны пратэстамі, згадайце яго сустрэчу з рабочымі на МЗКТ. І Масква прапанавала яму як варыянт плаўнага выхаду з крызісу гэтую рэформу. Гэта была спроба зацягнуць час і пераключыць увагу грамадства. Гэтыя задачы былі ў выніку выкананыя.

Але цяпер Лукашэнка задушыў пратэсты і актуальнасць змен у Канстытуцыю для яго сышла. Цяпер ён разумее, што не вечны і трэба рыхтаваць палітычную канструкцыю пад транзіт улады.

Для яго гэта драма і пакуты, бо ўладу аддаваць Лукашэнка не хоча і не бачыць сябе на нейкай іншай пасадзе. 

Але ён не хоча радыкальна мяняць сваю сістэму, ключавая фраза на яго сённяшняй нарадзе, што «трэба не дапусціць гэтых да ўлады».

Можа ён увогуле б і нічога не мяняў, але ёсць два моманты. Па-першае, надта шмат было публічна сказана і абяцана пра гэтую рэформу, а, магчыма, былі яшчэ і непублічныя абяцанні Маскве.

І, па-другое, усё ж транзіт улады — аб’ектыўная неабходнасць. Але выглядае, што Лукашэнка цвёрда плануе дасядзець да канца гэтага пяцігадовага тэрміну і кардынальна ламаць сістэму гэтыя змены ў Канстытуцыі ўсё ж не будуць.

Будуць дэкаратыўныя змены, кшталту пазбаўлення прэзідэнта права выдаваць дэкрэты, але што гэта зменіць, калі будзе цалкам паслухмяны ўрад і парламент? 

Ды і само абмеркаванне змен у Канстытуцыю — гэта імітацыя, народ у ім не ўдзельнічае. Хоць Лукашэнка і кажа, што ўсё гэта адказ на леташні запыт на перамены, але мы добра памятаем — леташні запыт быў трохі іншым, патрабавалі канкурэнтных свабодных выбараў. Гэтага ўжо відавочна не будзе, нават пасля змен у Канстытуцыі.

Ну і плюс гэтымі зменамі і рэферэндумам улада праводзіць такую, як бы мовіць, легітымізацыю самой сябе. Хоча паказаць, што народ яе прымае, і сам рытуал рэферэндуму для яе шмат значыць: маўляў, людзі прыйшлі на ўчасткі, галасавалі, то-бок прымаюць гэтую ўладу і яе дзеянні».

Але ці чакаць пасля рэферэндуму новай хвалі пратэстаў? Усе аналітыкі адназначна кажуць: не.

«Для пратэстаў патрэбныя спрыяльны збег абставін, так званы «ідэальны шторм», які здарыўся ў 2020 годзе. Цяпер такога няма.

І другі момант — праціўнікі Лукашэнкі ўвогуле не абмяркоўваюць, як яны могуць выкарыстаць рэферэндум на сваю карысць. Я бачу, што адзінай іх тактыкай будзе байкот, маўляў, не пойдзем і такім чынам пакажам кукіш у кішэні. Але байкот — не фактар мабілізацыі, наадварот. Таму я не бачу перспектывы пратэстаў», — кажа Валер Карбалевіч.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера