Знайсці
28.09.2021 / 14:09РусŁacБел

«Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс». Пра што распавядае ў лістах жонцы Валянцін Стэфановіч

Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня. Яго, як і Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзя Лабковіча, абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і арганізацыі і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 КК). У іх назіраюцца праблемы з ліставаннем. Жонка Валянціна Стэфановіча Аліна атрымала ўчора адразу два лісты ад 18 і 23 верасня.

Валянцін Стэфановіч піша, што адчувае вялікую падтрымку ад блізкіх, калегаў і неабыякавых людзей, але ўсё роўна сумуе па сям'і:

«Нават седзячы тут і не маючы поўнай інфармацыі, адчуваю вялікую падтрымку на волі. То невядомыя людзі грошай на рахунак закінуць, то ў пасылцы яблыкаў дашлюць. Ведаю, што і калегі мае пра мяне не забыліся. Ад гэтага сядзець мне тут значна лягчэй. Хаця, вядома, усё адно сумую па табе і па дзетачках».

Праваабаронца падзяліўся, што ўспрымае сваё зняволенне як творчую камандзіроўку:

«Паколькі большасць часу я вымушана праводжу ў замкнёнай прасторы з яшчэ 11-12 чалавекамі, то я шмат размаўляю і слухаю розныя гісторыі.

Вядома, шмат вельмі смешных назіранняў і гісторый тут пабачыў і пачуў. Гумар — вельмі моцная рэч, я гэта заўсёды ведаў і гэта тое, што я моцна цаню і люблю. Калі мы зноўку будзем разам, я абавязкова буду распавядаць іх табе. Асэнсаванне гэтага ўбачанага, пачутага і перажытага трэба будзе выкласці на паперы. Верагодна, у выглядзе кароткіх апавяданняў ці навэл. Так што, можна сказаць, я тут у нейкім сэнсе ў творчай камандзіроўцы». 

Вясновец у лісце распавёў, як яго публічныя лекцыі маюць вялікі попыт у камеры:

«Таксама я і тут удасканальваю свае навыкі выкладчыка. Малюю мапы Еўропы часоў Першай сусветнай і распавядаю пра гісторыю гэтай вайны. Учора, напрыклад, пра Ціхаакіянскі тэатр баявых дзеянняў у часы Другой сусветнай вайны [распавядаў].

Таксама намаляваў для лепшай нагляднасці мапу. Іншым разам распавядаў пра войны ў Індакітаі. Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс. Просяць [сукамернікі] распавядаць яшчэ. Так што я тут ліквідую прабелы ў адукацыі».

Валянцін напісаў жонцы Аліне, што марыць з ёй адправіцца ў вандроўку:

«Калі будзем разам, то я распавяду табе розныя цікавосткі і мае назіранні. Ты ж ведаеш, што я паўсюль знайду нешта цікавае і цікавых людзей. У маіх марах мы зноўку едзем з табой кудысьці, слухаем нашую любімую музыку і шмат гаворым. Я вельмі люблю так вандраваць з табой, магу ўсю планету так аб’ехаць. Усё яшчэ будзе, мы зноўку будзем разам і ўжо больш ніколі не будзем расставацца на ўсё доўгае-доўгае жыццё».

Праваабаронца распавёў пра малюнкі-прыгоды кісуна, якія не прапусціў цэнзар на волю:

«Тут ужо ўключылі ацяпленне і ў нас вельмі цёпла цяпер. Да нас пад акно прыходзіць коцік, а нядаўна котка з кацянятамі прыходзіла. Іх тут на кухні, відаць, падкормліваюць. Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе кісуна.

На адной з карцінак ён быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай — у душы мыўся, а на трэцяй — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з паметкай «Не прайшоў цэнзуры». Не любяць тут жартаў, карацей».

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца) 
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930