Знайсці
27.09.2021 / 14:40РусŁacБел

Германія засталася без Меркель: што ад гэтага беларусам? Разбіраемся

Ангела Меркель пасля 16 гадоў пакінула пасаду канцлера Германіі. Адбыліся новыя выбары, але імя новага канцлера яны пакуль не вызначылі. Хто зойме крэсла Меркель і як гэта паўплывае на Беларусь? Разбіраемся разам з экспертам. Аляксандр Фрыдман, гісторык, выпускнік БДУ, які сёння жыве і працуе ў Германіі, кажа, што нямецкія выбары сёння — галоўная падзея ў Еўропе. І вельмі важная падзея ў тым ліку і для Беларусі.

Аляксандр Фрыдман

«Германія — ключавая краіна ЕС, якая моцна ўплывае на рашэнні ЕС. А рашэнні ЕС — гэта ў тым ліку і санкцыі супраць Беларусі. Ці будуць яны ўзмацняцца? Ці будуць уводзіцца новыя санкцыі? Усё гэта ў значнай ступені будзе залежаць ад палітыкі новага нямецкага ўрада, — тлумачыць Фрыдман. — Сёння сітуацыя з нямецкімі выбарамі наступная: яны адбыліся, хрысціянскія дэмакраты, партыя Меркель, сёлета пацярпелі адчувальную паразу, амаль 9% страцілі. Найлепшы вынік — але не такі і добры — у сацыял-дэмакратаў. Трэцімі ідуць «зялёныя», за імі лібералы.

Гэтыя чатыры партыі і будуць фарміраваць наступны ўрад. Цяпер яны таксама мусяць сфарміраваць кааліцыю, якая і вызначыць новага канцлера. 

Магчымая кааліцыя сацыял-дэмакратаў і хрысціянскіх дэмакратаў, гэта фактычна паўтор кааліцыі, якую раней узначальвала Меркель. Але ж такой кааліцыі не вельмі хочуць і самі партыі, і нямецкае насельніцтва, асабліва моладзь. 

Два іншыя варыянты: кааліцыя сацыял-дэмакратаў (СД) разам з «зялёнымі» і лібераламі. Яе ўзначаліць прадстаўнік СД Олаф Шольц. Альбо тыя ж «зялёныя», лібералы плюс хрысціянскія дэмакраты, тады кіраўніком будзе прадстаўнік ХД Армін Лашэт.

Адметнасць сёлетніх выбараў, што так званыя «маленькія партыі», лібералы і «зялёныя», фактычна і будуць паміж сабою вырашаць з кім уступаць у кааліцыю, адпаведна, хто — Шольц ці Лашэт — узначаліць новы нямецкі ўрад.

І гэты новы ўрад будзе мець выразны «зялёны» і ліберальны профіль, няважна хто стане канцлерам: сацыял-дэмакрат Шольц, ці хрысціянскі дэмакрат Лашэт».

Хутчэй за ўсё, новым канцлерам усё ж стане Олаф Шольц, мяркуе Фрыдман.

«Калі глядзець з пункту гледжання Лукашэнкі — вынікі нямецкіх выбараў кепскія, — кажа эксперт. — І добрых для яго быць у прынцыпе не магло, бо ўсе партыі былі настроеныя вельмі і вельмі негатыўна да беларускага рэжыму.

Калі браць Шольца, то ён яшчэ летась адкрыта выказваўся пра фальсіфікацыю выбараў у Беларусі і падкрэсліваў, што Лукашэнка мусіць сысці. У мінулым жніўні заявы Шольца ў параўнанні з іншымі нямецкімі палітыкамі былі хіба не найбольш радыкальнымі.

І Шольц далей падтрымліваў гэтую сваю пазіцыю, нават сустракаўся з Ціханоўскай. Погляды гэтага палітыка на беларускую сітуацыю вядомыя, гэта агульнаеўрапейскай пазіцыя: Лукашэнка мусіць сысці, мусяць быць праведзеныя сумленныя выбары, палітвязняў неабходна вызваліць. 

Шольц таксама лічыць, што пытанні Беларусі мусяць вырашацца ў тым ліку і ў дыялогу з Масквой, каб не паўтарыліся ўкраінскія падзеі 2014 года. 

Але ж вялікае адрозненне Шольца ад Меркель у тым, што Меркель вельмі моцна ўплывала на знешнюю палітыку Германіі, фактычна кіравала ёю.

Шольц іншая фігура, па-першае, ён не мае той жа еўрапейскай палітычнай вагі ў параўнанні з Меркель, таму дамінаваць так жа ён не будзе. І знешняя палітыка трохі не яго сфера, Шольц тыповы сацыял-дэмакрат, які канцэнтруецца на ўнутраных пытаннях.

Адпаведна, знешняй палітыкай у новым нямецкім урадзе, верагодна, будуць займацца прадстаўнікі «зялёных». І тут для Лукашэнкі пачнецца самае цікавае, бо «зялёныя» і лібералы гэта самыя жорсткія крытыкі яго рэжыму. Гэта партыі, якія заклікалі да большай падтрымкі беларускіх дэмсілаў, якія заклікалі да ўзмацнення санкцыяў.

І «зялёныя», і лібералы лічаць, што ў знешняй палітыцы Германіі дэмакратычныя каштоўнасці павінны адыгрываць большую ролю, чым тое было ў часы Меркель. Акрамя таго, яны выступаюць за ідэю не настолькі пільнай увагі да рэакцыі Крамля.

Таму для Лукашэнкі не варта чакаць нічога добрага ад будучага нямецкага ўрада. Стаўленне будучага ўрада ў дачыненні да Беларусі можа быць нават больш жорсткім, чым тое было пры Меркель».

Калі глядзець з пункту гледжання беларускага дэмакратычнага грамадства, то вынік нямецкіх выбараў станоўчы, з’яўленне ва ўрадзе «зялёных» і лібералаў — вялікі плюс, кажа Фрыдман.

Але ці неяк паўплывае новы падыход Германіі на беларускія ўлады? Ці магчымыя перамовы з Лукашэнкам?

«Звярніце ўвагу, як беларуская дзяржпрапаганда ацэньвае вынікі нямецкіх выбараў — і гэта ці то смешна, ці то проста недарэчна.

Прэса любых іншых краін аналізуе, што гэтыя выбары дадуць іх краінам у будучых адносінах з Германіяй. Чаго чакаць? 

Беларуская дзяржаўная прэса гэтае пытанне ўвогуле не ставіць. Яны робяць выгляд, што нямецкія выбары не маюць ніякага дачынення да Беларусі. Нібыта гэта выбары недзе вельмі далёка, у Чадзе ці Сьера-Леонэ. І гэта вельмі смешна назіраць, — адзначае Аляксандр Фрыдман. — Што тычыцца таго, ці магчымыя нейкія перамовы ў будучыні паміж Беларуссю і Германіяй ці ЕС.

Варыянт перамоваў з Лукашэнкам на яго ўмовах я выключаю. Тое, што ён нарабіў са жніўня 2020, не дае перагарнуць старонку, ніхто не будзе заплюшчваць вочы на гэта. Новы нямецкі ўрад на гэта проста не пойдзе.

Калі перамовы і будуць, то толькі пры ўмовах сыходу Лукашэнкі і вызвалення палітвязняў.

Прычым выйсці абавязкова мусяць людзі, якіх ведаюць на Захадзе. Ключавая фігура тут — Марыя Калеснікава. Яе вызваленне было б найлепшым сігналам ад сённяшняй Беларусі, што яна гатовая да перамоваў. 

Але зноў жа, перамовы пасля вызвалення Калеснікавай наблізіліся. Вось толькі абмяркоўвалася б на іх галоўнае — калі і як сыходзіць Лукашэнка і яго эпоха? Бо суіснаванне з ім, а тым больш ігнараванне Еўропай таго, што адбывалася апошнім часам у Беларусі — гэтага не будзе».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера