Знайсці
27.09.2021 / 08:09РусŁacБел

«Ляжала па падлозе і думала толькі, чаму так адбываецца». Былая дзяўчына саўласніка мінскай трэнажоркі паказала сляды дзікіх пабояў

Гэтай гісторыяй дзяўчына рашылася падзяліцца толькі праз месяц пасля здарэння.

Усё адбылося ў Грузіі ў канцы жніўня. Пара паехала туды пажыць на нейкі час. Дар’і Лавар дагэтуль балюча ўспамінаць тое, што адбылося — падчас размовы яна зрываецца на слёзы і спрабуе саўладаць з голасам, які дрыжыць.

Фота са слядамі пабояў Дар'я выклала ў сацсетках

«Першы раз, калі чалавек падняў на мяне руку, быў у жніўні мінулага года. Мы ўвечары пайшлі ў горад. Тады наогул была стрэсавая сітуацыя. Мы пасварыліся, і чалавек паваліў мяне на зямлю і пабіў па твары. Людзі падбеглі і пачалі казаць: «Што вы робіце?! Вы ж мужчына». Тады ён падняў мяне, выбачыўся. Я проста маўчала ў той момант, мы нічога не абмяркоўвалі.

Пасля ў нас адбылася размова. Я сказала: «Разумею, што, калі не сыду, ты калі-небудзь сабе гэта зноў дазволіш, проста таму што перайшоў рамку аднойчы». Але засталася з ім, бо хацела верыць у лепшае.

Як у далейшым чалавек мне сказаў, ён гэтым самым (прымяненнем сілы. — «НН») спрабаваў мне нешта патлумачыць, інакш у яго не атрымлівалася.

Мы былі разам два гады. Было б дзіўна, калі б за час, што мы сустракаліся, нічога добрага не было. Я ведала, што ён таксама стараецца, каб я была шчаслівай, ушчамляе недзе сябе. У мяне і цяпер ёсць пачуцці да яго, ёсць за што цаніць чалавека, і мне страшна, што мы загубілі адно аднаго і дапусцілі такую сітуацыю.

У нас былі вельмі шчырыя адносіны, не было здрадаў. Мы стараліся, каб быць разам, але ў нас розныя погляды на жыццё і праз гэта адбываліся непаразуменні. Сутычкі, замашкі, сінякі былі не раз. Я нікому нічога не расказвала, старалася не выносіць на публіку, лічыла нашымі асабістымі праблемамі.

Калі я заязджала дадому і сястра магла заўважыць сінякі, я старалася закрыць тэму. Блізкая сяброўка таксама бачыла. Але ніхто не ўмешваўся ў маё асабістае жыццё, усе разумелі, што я дарослы чалавек і мне лепей відаць, што адбываецца.

У Грузіі я звярнулася да сямейнага псіхолага, каб дапамагчы нашым адносінам. 

У той вечар, калі ўсё адбылося, мы не былі п’янымі. Проста сядзелі ў кватэры і абмяркоўвалі далейшыя планы на жыццё. У нейкі момант пачаліся неразуменні, з-за чаго я расплакалася. Ён пачаў злавацца. Я сышла ў іншы пакоі і гучна рыдала.

Пасля выйшла да яго і папрасіла: «Ваня, абдымі мяне, калі ласка, мне патрэбна гэта зараз, мне маральна цяжка». Ён ужо тады быў на конях. Ляжаў на канапе, не збіраўся слухаць і стаў затыкаць вушы навушнікамі.

Напэўна, у той момант яго трэба было не чапаць. Але мне хацелася, каб мяне абнялі і супакоілі. Ён пачаў адбівацца нагамі, каб я сышла. Я расплакалася зноў. Стала прыбіраць навушнікі, выліла на яго шклянку віна: «Супакойся». Праз гэта ўсё і пачалося…

Далей я ўжо нічога не рабіла. Ён некалькі разоў ударыў мяне галавой аб падлогу, біў па твары. Гэта не было выпадкова — ён мэтанакіравана біў ад злосці. У мяне шокавы стан быў. Памятаю, як ляжала па падлозе і думала толькі: «Чаму так адбываецца? Чаму, калі людзі кахаюць адно адно, такое магчыма?»

Пасля ўсяго ён проста лёг спаць. Я з’ехала з кватэры да знаёмых, не паехала ў бальніцу. Там была б паліцыя, а ў мяне сляды ад абутку, іншыя адмеціны… Думала спачатку сказаць, што я ўпала, але было бачна, што гэта збіццё.

Я не звярнулася адразу ў паліцыю, бо не хацела сапсаваць чалавеку жыццё. Калі ў цябе ёсць пачуцці і ты хочаш выратаваць сітуацыю, ты заплюшчваеш на многае вочы і не шкадуеш сябе. У той момант я хвалявалася, што яго мама будзе перажываць, калі яго пасадзяць. Але не думала пра сябе і сваіх бацькоў. Я ім спачатку нават не расказала пра гэту сітуацыю. Калі яны даведаліся ад сястры, бацька плакаў. 

Я не зляцела з Грузіі адразу. Праз дзень сустрэлася з чалавекам, каб пагаварыць. Сталі абмяркоўваць гэту сітуацыю. Чалавек чатыры дні каля мяне плакаў, і мне здавалася, што ён сапраўды моцна раскайваецца ў гэтым, яму шчыра шкада і балюча, што я ў такім стане. Што чалавек больш ніколі не адважыцца такое зрабіць, адносіны пойдуць на лад і мы абое будзем трапятліва ставіцца адно да аднаго. 

Я разумею, што ніводзін чалавек не ў праве рабіць такое — я ў той дзень магла памерці. Я моцна некалькі разоў ударылася галавой, страціла прытомнасць. І чалавек не думаў тады, што мяне можа не стаць і за гэта трэба несці адказнасць. Калі я казала, што патэлефаную ў паліцыю, ён адказваў: «Тэлефануй», — бо ведаў, што не рашуся. 

Я тады не думала, што мы расстанемся і гэта кропка фінальная. Думала, нам патрэбны перыяд, каб прыйсці ў сябе. Ён папрасіў мяне з’ехаць, каб гэта дапамагло нашым адносінам — каб мы пабылі на адлегласці, ацанілі тое, што адбываецца, зразумелі, што трэба берагчы пачуцці. 

Але, ведаеце, у нейкі момант нашай размовы я зразумела, што ён, здаецца, не пра мяне думае.

Бо ён тады перажываў, што ўсё выйшла публічна (я ў гісторыю інстаграма выклала фота сябе, але пасля выдаліла) і яму давядзецца разграбаць сваю рэпутацыю. І папрасіў на наступны дзень выкласці гісторыю і напісаць, што гэта нашы асабістыя справы, у нас усё добра, самі разбяромся. Ён мне так і сказаў: «Ты мяне засадзіла ў такую яму, з якой я цяпер мушу выкарасквацца». 

Ён лічыў, што, канечне, не мае рацыі, што пабіў дзяўчыну, але вінавата ў гэтай сітуацыі ўсё адно я. А не ён, бо не стрымаў эмоцыі. І дагэтуль вінаваціць мяне, што я выклала пост — маўляў, не ўмею расставацца спакойна і вырашыла адпомсціць.

Але я не рабіла гэта з лютасці. У мяне б слёзы не ліліся цяпер і не было б цяжка пра гэта расказваць. Хоць я і разумею, што гэта — ненармальныя рэчы. 

Тры тыдні я прыходзіла ў сябе. Спіна балела доўгі час. Мучылі дзікія галаўныя болі — я сядзела на таблетках, бо спаць не магла. Думала, калі не пройдзе, паеду ў бальніцу, але пасля неяк стала лепш. У мяне былі тры зубы зламаныя. І дагэтуль засталіся сінякі пад вачыма — не ведаю, ці праз стрэс не праходзяць, ці гэта наступствы ўдару.

Сястра яго сказала, што раней такім не бачыла. А сябар згадаў, што былі выпадкі, калі ён пачынаў малаціць дзяўчыну. Проста не даходзіла да пабояў.

Я з’ехала — яго каханне прайшло на наступны дзень. Мне ніхто не тэлефанаваў і не пытаўся, як я сябе адчуваю. У яго пачалося новае жыццё, у яго ўсё добра. Ён проста пазбавіўся таго, што яго грузіла.

Я званіла сама некалькі разоў, дзялілася перажываннямі. Але чалавек сказаў, што не хоча ніякіх адносін і не прапанаваў сваю дапамогу. 

У мяне было некалькі сеансаў з псіхолагам, якія наставілі мяне на верны шлях. Я стараюся сабрацца, заняцца сабой і ісці далей. Я вырашыла напісаць пост, бо хацела адчуць падтрымку. Самае жудаснае, што я працягваю капацца ў сабе, шкадаваць пра нешта зробленае».

Па прыездзе ў Мінск Дар’я напісала заяву ў міліцыю. Але справу заводзіць не сталі — праз адсутнасць у дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння. У прыватных размовах дзяўчыне патлумачылі, што, калі б яна падала заяву адразу ў Грузіі, вынік мог бы быць іншы.

Што кажа другі бок?

Вышэй выкладзена пазіцыя Дар’і. «Наша Ніва» звязалася з яе былым хлопцам — саўладальнікам сеткі мінскіх трэнажорных залаў KlukvaGym Іванам Каўцэвічам і папрасіла пракаментаваць сітуацыю.

— Я не хачу рабіць з гэтага шоу. Усе блізкія ўсё ведаюць.

— Гэта прычыненне цялесных пашкоджанняў іншаму чалавеку, а не шоу.

— З гэтым ужо разабраліся кампетэнтныя людзі, — адказаў хлопец, спаслаўшыся на рашэнне міліцыі.

Куды звяртацца ў сітуацыях хатняга гвалту?

8 (017) 317-32-32 — кругласуткавая гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту.

8 (029) 610-83-55 — прытулак для пацярпелых жанчын ад грамадскага аб'яднання «Радзіслава».

8 (044) 704-05-53 — «Крызісны пакой» у Ленінскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва.

8 (033) 603-20-32 (будні з 9.00 да 18.00) — грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера