Знайсці
25.09.2021 / 18:46РусŁacБел

Наватары: як у Расіі сфальсіфікавалі выбары з дапамогай электроннага галасавання

Электроннае галасаванне ў расійскім варыянце з’яўляецца «чорнай скрыняй», якую ніхто не кантралюе.

Пуцін галасуе праз інтэрнэт.

На мінулым тыдні ў Расіі адбыліся чарговыя выбары — расіяне выбіралі дэпутатаў парламента, а таксама мясцовых кіраўнікоў. Можна канстатаваць: гэта былі найменш сумленныя выбары ў РФ, пачынаючы з 1991 года. І справа не толькі ў фальсіфікацыях падліку: сапраўдная апазіцыя — у тым ліку прыхільнікі антыкарупцыйнага блогера Аляксея Навальнага — не былі дапушчаныя да выбараў.

Але найбольш скандальнай часткай выбараў стала электроннае галасаванне, якое было даступнае жыхарам некалькіх расійскіх рэгіёнаў — здаецца, аўтарытарныя рэжымы знайшлі для сябе новы, яшчэ прасцейшы спосаб фальсіфікацыі выбараў, і гэта можа стаць трэндам у іншых недэмакратычных краінах. Разбіраемся, што не так з электронным галасаваннем у Расіі, і што думаюць пра электроннае галасаванне ў іншых краінах.

Што не так з расійскім электронным галасаваннем?

Электроннае галасаванне было ўведзена на выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай думы, якія прайшлі з 17 па 19 верасня. Магчымасць прагаласаваць дыстанцыйна была ў Маскве, акупаваным Севастопалі, Курскай, Мурманскай, Ніжагародскай, Растоўскай і Яраслаўскай абласцях.

Электронныя галасы кардынальна памянялі карціну на выбарах у Маскве.

Па выніках «папяровага» галасавання кандыдаты ад ініцыятывы Навальнага «Разумнае галасаванне» перамагалі «Адзіную Расію» ў Маскве з разгромным лікам у многіх раёнах. Па выніках электроннага галасавання ўсе яны раптам прайгралі. Пры гэтым вынікі электроннага галасавання былі абвешчаныя не праз гадзіну, як раней, а нашмат пазней. У выніку ў Маскве не аказалася ніводнай аднамандатнай акругі, дзе атрымалі б перамогу апазіцыйныя кандыдаты.

Так, кандыдат ад КПРФ Анастасія Удальцова да апошняга моманту, пасля падліку 99% пратаколаў, лідзіравала на выбарах у Дзярждуму ў Нагацінскай акрузе Масквы. Аднак пасля падліку 100% пратаколаў яна заняла другое месца (25,3%), саступіўшы прадстаўніку «Адзінай Расіі» Святлане Разваротневай.

Паўплывалі вынікі дыстанцыйнага электроннага галасавання і на выбары па партыйных спісах. Так, пры ўліку вынікаў толькі вочнага галасавання найбольшы адсотак падтрымкі ў Маскве атрымала партыя КПРФ (30,4%), «Адзіная Расія» апынулася на другім месцы (30,1%). Але пасля ўліку электроннага галасавання карціна змянілася. Па выніках толькі электроннага галасавання (без уліку традыцыйных участкаў) «Адзіная Расія» паказала больш высокі вынік — 44,77%. Рэйтынг КПРФ у анлайне, наадварот, упаў: за яе прагаласавалі 15,53% выбаршчыкаў. У выніку з улікам абедзвюх формаў галасавання «Адзіная Расія» набрала 36,96%, а КПРФ — 22,66%.

Самае цікавае адбывалася ва ўчастковых камісіях на электронных выбарчых участках. Там таксама былі назіральнікі, як і на звычайных участках, але ў большасці сваёй тэхнічна недасведчаныя. А вось дасведчаным закрылі доступ да камп’ютара, падлучанага да блакчэйн-сеткі, з якога можна кантраляваць тое, што адбываецца на электронным участку. А калі дапусцілі, высветлілася, што ён не працуе, таму што ў яго больш няма сертыфіката бяспекі, які выдаецца ФСБ. Яго дзеянне скончылася а 20:00 19 верасня, гэта значыць адразу пасля заканчэння выбараў.

Усе гэтыя дзівосы сталі нагодамі для сумневаў у тым, што электроннае галасаванне прайшло сумленна. Падлік электронных галасоў у Маскве зацягнуўся і фактычна праводзіўся без назірання. Афіцыйныя прапаненты электроннага галасавання сцвярджалі, што ўсе гэтыя анамаліі тлумачацца тэхнічнай недасканаласцю сістэмы і асаблівасцямі паводзін выбаршчыкаў, якія нібыта больш ахвотна галасуюць за кандыдатаў ад улады менавіта анлайн.

І гэта вельмі дзіўна. У 2020 годзе, калі праводзілася галасаванне па папраўках у Канстытуцыю, сітуацыя была зусім іншая. Анлайн за папраўкі, прапанаваныя ўладамі, прагаласавала 62,3%, а афлайн — 66,9%, гэта значыць сярод анлайн аўдыторыі было на 7% менш людзей, што падтрымліваюць уладу, чым сярод афлайн. Чаму цяпер сітуацыя памянялася — незразумела.

Многія тлумачаць такія дзівосы тым, што цяпер на электроннае галасаванне зганялі бюджэтнікаў. Нават калі гэта і так, прымус да галасавання, — гэта таксама фальсіфікацыі.

Расійцы па-ранейшаму не ведаюць, як менавіта былі падлічаныя апублікаваныя вынікі. Яны не заснаваныя на тых публічных даных, якія даступныя грамадству. З улікам пагадзіннай раскладкі, можна казаць, што ўнутры анлайн-галасавання былі фальсіфікацыі.

Вось адзін з прыкладаў. Былі апублікаваныя графікі пададзеных па часе электронных галасоў на ўчастку, дзе абіралася апазіцыянерка Анастасія Бруханава. Там ёсць два перыяды, дзе доля галасоў за праўладную Хаванскую значна перавышае долю галасоў за Бруханаву, на абедзвюх гэтых фазах, напэўна, адбываліся ўкіды.

18 верасня на ютубе апублікавалі відэасправаздачу меркаванага супрацоўніка адной з бюджэтных арганізацый Алчэўска, горада на тэрыторыі так званай «ЛНР». У 16-хвілінным роліку нейкі мужчына паказаў, як электронна прагаласаваў на выбарах у Дзярждуму за іншых людзей.

Відэа пачынаецца з таго, што на экране паказваюць вордаўскі дакумент з табліцай, дзе пералічаны дзясяткі імёнаў і прозвішчаў жыхароў Алчэўска з іх электроннымі адрасамі, паролямі ад акаўнтаў і данымі іх расійскіх пашпартоў.

«17 верасня, першы дзень электроннага галасавання, — кажа на запісе мужчына. — Электронная справаздача Алчэўскага цэнтра культуры і народнай творчасці для выбарчай камісіі». Затым аўтар роліка паказвае, як галасуе замест нейкай Надзеі: заходзіць на сайт, затым — на старонку для галасавання, атрымлівае на электронную пошту Надзеі код аўтарызацыі і адкрывае электронны бюлетэнь.

«За каго мы, Надзея, будзем з табой галасаваць? Напэўна, за «Адзіную Расію», — кажа мужчына, пасля чаго пачынае гартаць электронны бюлетэнь. — Камуністы — міма. «Зялёныя» — міма. ЛДПР, Уладзімір Вольфавіч — міма. Гэтых наогул не ведаю. Так, нумар пяць, як гаварылі на нарадзе. На жаль, іншага нам не дадзена».

Затым аўтар роліка працягвае галасаваць за іншых людзей. А ў канцы відэа кажа: «Трэба сказаць, што сістэма дастаткова абароненая. Старонняму практычна немагчыма прагаласаваць, ну, калі не ведаць пароль і лагін усяго гэтага».

Матэматыкі і іншыя навукоўцы, якія вывучаюць статыстыку расійскіх выбараў, прыйшлі да высновы, што вынікі электроннага галасавання ў Маскве былі сфальсіфікаваныя. Сістэма электроннага галасавання, якая выкарыстоўвалася ў Маскве, парушае элементарныя законы матэматыкі.

Матэматык Аляксандр Боргенс, прааналізаваўшы ўчасткі ва ўсёй Расіі, прыйшоў да высновы, што за «Адзіную Расію» было пададзена 14 млн «анамальных» галасоў. Там, дзе галасы размяркоўваліся не падазрона, у «Адзінай Расіі» атрымалася 36,85% галасоў. Афіцыйна па ўсёй Расіі ЦВК налічыла адзінаросам 49,82% галасоў.

Цяпер электроннае галасаванне з’яўляецца «чорнай скрыняй», якую ніхто не кантралюе. Адзіны кацёл, у які скідаюцца ўсе гэтыя галасы. Даследаваць мільён галасоў, зваленых у адну кучу, немагчыма — аналізаваць можна масіў. Але ў выпадку з вынікамі электроннага галасавання выстаўляюць толькі вынікі некалькіх партый і адну лічбу па яўцы. Для аналізу гэтага недастаткова.

Гістарычна ў Расіі статыстыка публікуецца па ўчастковых камісіях. Менавіта на падставе даных па ўчастковых камісіях былі выяўленыя і даказаныя масавыя фальсіфікацыі. Усе выбаршчыкі электроннага галасавання першапачаткова былі прыпісаны да нейкай камісіі. Няма ніякіх тэхнічных праблем, каб выдаць гэтую статыстыку ў разрэзе камісій, каб прааналізаваць звесткі з афлайн вынікамі і з гістарычнымі данымі. Па электронным галасаванні былі апублікаваныя толькі агрэгаваныя лічбы, якія робяць фактычна немагчымым якасны статыстычны аналіз. Гэта нагадвае падыход беларускай ЦВК.

Ну і нарэшце, сістэма электроннага галасавання знаходзіцца пад кантролем расійскіх уладаў, у прыватнасці, пад кантролем ФСБ. Ці можна верыць арганізацыі, якая мяняе мачу, каб падмануць сістэму допінг-кантролю, а таксама пераследуе апазіцыю ў Расіі?

Што кажа Крэмль?

Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што ў Крамлі хацелі б, каб электроннае галасаванне, якое на думскіх выбарах выкарыстоўвалася ў некалькіх рэгіёнах, «як мага хутчэй распаўсюдзілася шырэй».

«Гэта вельмі ўдалая і зручная практыка. Вядома, яе трэба ўдасканальваць і распаўсюджваць на ўсе рэгіёны», — заявіў Пяскоў. Ён сказаў, што электроннае галасаванне зручна з пункту гледжання часавых выдаткаў і з пункту гледжання яўкі. Таксама яно дазваляе зэканоміць вялікую колькасць дзяржаўных сродкаў. «Абсалютна мэтазгодна гэтую практыку распаўсюджваць і далей», — падкрэсліў спікер Крамля.

Электроннае галасаванне можа быць уведзенае на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Пра гэта заявіла спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка.

«Што тычыцца прэзідэнцкіх выбараў, у нас яшчэ дзве электаральныя кампаніі да гэтага, адзіны дзень галасавання. І я думаю, як пойдзе гэты працэс, — спадзяюся, што ён пройдзе паспяхова, і гэта дазволіць на ўсіх узроўнях выбараў выкарыстоўваць электроннае галасаванне», — сказала Мацвіенка.

А што думаюць у дэмакратычных краінах?

Пад электронным галасаваннем разумеюць працэс, з дапамогай якога зарэгістраваны выбаршчык можа падаць бюлетэнь з дапамогай электронных сродкаў, замест таго, каб ісці на выбарчы ўчастак. Выбаршчыкі праглядаюць свае варыянты на экране камп’ютара і робяць свой выбар, як анлайн-апытанне. Затым галасы захоўваюцца на дыску памяці, у воблаку або з дапамогай нейкага іншага механізму, пакуль яны не будуць зведзены ў табліцу.

Сусветны досвед электроннага галасавання праз інтэрнэт паказвае, што пакуль гэтая тэхналогія не абаронена ні ад злоўжыванняў арганізатараў выбараў, ні ад знешняга ўзлому. Нават дэмакратычныя краіны з высокай тэхнічнай экспертызай і даверам грамадства да дзяржаўных інстытутаў ставяцца да электроннага галасавання праз інтэрнэт скептычна. Тое, як ганебна прайшло электроннае галасаванне ў Расіі, можа толькі дадаць аргументаў скептыкам такой формы волевыяўлення. 

Перавагі электроннага галасавання відавочныя. Галоўная перавага ў тым, што гэта банальна зручна. Чалавеку не трэба марнаваць некалькі гадзін свайго часу на паход на выбарчы ўчастак, дастаткова проста прагаласаваць праз смартфон ці камп’ютар, як у тэлевізійных конкурсах. Такая форма дазваляе знізіць кошт выбарчага працэсу, выдаткі, зрабіць яго больш хуткім і гнуткім. Вынік можна атрымаць адразу, амаль не выкарыстоўваючы марудную чалавечую працу, тым самым эканомячы грошы, ліквідуючы чалавечы фактар і маніпуляцыі на лакальным узроўні. Людзі з далёкіх цяжкадаступных раёнаў (пустыні, горы, стэпы, хутары) змогуць прасцей скарыстацца сваім грамадзянскім правам, ім не трэба пераадольваць дзясяткі кіламетраў, каб дабрацца да ўчасткаў. Тое ж тычыцца і старых людзей і інвалідаў, для якіх паход на выбарчы ўчастак — сапраўднае выпрабаванне.

У выбарах змогуць камфортна паўдзельнічаць і тыя, хто жыве за мяжой, паехаў у адпачынак ці камандзіроўку, альбо даглядае старых бацькоў. І сам працэс галасавання становіцца агулам больш інклюзіўны: у ім з большай ахвотай бярэ ўдзел моладзь, а таксама нацыянальныя меншасці (для якіх можна рабіць асобныя бюлетэні і інфармацыю аб выбарах на розных мовах).

Электронны фармат дазваляе публікаваць больш інфармацыі пра кандыдатаў, бо плошча электроннага бюлетэня не абмежаваная, у адрозненне ад папяровага. Таксама электроннае галасаванне добрае тым, што дазваляе, пры доступе да масіву даных, рыхтаваць больш падрабязныя і якасныя аналітычныя справаздачы адносна паводзін выбаршчыкаў і яго электаральных пераваг. Мы жывём у эпоху візуалізацыі даных і графікі, а з папяровымі бюлетэнямі гэта зрабіць немагчыма.

Нягледзячы на відавочныя плюсы, агулам у заходніх дэмакратычных краінах электроннаму галасаванню пакуль што не давяраюць.

Электронныя сістэмы галасавання могуць быць узламаныя, як мясцовымі хакерамі, каб паўплываць на вынікі выбараў, так і замежнымі спецслужбамі, каб падарваць палітычную стабільнасць у іншай краіне. Інтэрнэт — глабальная прастора, яна патрабуе каласальных навыкаў, рэсурсаў, часу, каб эфектыўна адсочваць усе магчымыя пагрозы. Праводзіць свае лакальныя выбары ў глабальнай прасторы — занадта небяспечна для любой дзяржавы.

Акрамя таго, значна спрашчаюцца механізм і рызыкі масавай фальсіфікацыі. Адной маштабнай хакерскай атакі дастаткова, каб змяніць ход выбараў. А вось з класічным папяровым галасаваннем правярнуць такія афёры ў дэмакратычных краінах не так і проста: фальсіфікацыя мільёнаў папяровых бюлетэняў там проста не застанецца незаўважанай.

Прафесар Прынстанскага ўніверсітэта Эндру Апель у даследаванні 2020 года канстатаваў, што праблемы з кібербяспекай узнікалі практычна ва ўсіх выпадках прымянення інтэрнэт-галасавання ў розных краінах свету з 2000 да 2020 года.

Майкл Спектэр з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута і Алекс Халдэрман з Мічыганскага ўніверсітэта ў працы, таксама апублікаванай у 2020 годзе, прыйшлі да высновы аб «фатальнай небяспецы» ўсіх сучасных формаў інтэрнэт-галасавання. У нядаўнім дакладзе Агенцтва па кібербяспецы ЗША гаворыцца, што «тэхналогіі электроннага галасавання спалучаныя з высокай рызыкай нават пры наяўнасці кантролю» і «з'яўляюцца больш уразлівымі, чым іншыя формы дыстанцыйнага галасавання».

Даклад па электронным галасаванні, выпушчаны ў 2018 годзе Нацыянальнай акадэміяй навук ЗША, сведчыў аб тым, што «ніводная вядомая тэхналогія не гарантуе сакрэтнасці, бяспекі і правяральнасці бюлетэняў, што перадаюцца праз інтэрнэт», таму «бяспечнае інтэрнэт-галасаванне, хутчэй за ўсё, будзе немагчыма ў найбліжэйшай будучыні».

Але тэхналагічная ўразлівасць інтэрнэт-галасавання — толькі адна з мноства звязаных з ім праблем.

Існуе рызыка махлярства з выбарамі ў выніку крадзяжу асабістых даных. Напрыклад, махляр звязваецца з зарэгістраванымі выбаршчыкамі, сцвярджаючы, што працуе ў мясцовым выбарчым камітэце, якому неабходна «праверыць рэгістрацыю выбаршчыкаў». Затым махляр можа папрасіць чалавека перадаць асабістую інфармацыю, такую як нумар пашпарту, сацыяльнага страхавання і гэтак далей.

Іншая праблема — магчымы ўплыў на галасаванне тэхналагічных кампаній, якія будуць займацца распрацоўкай такіх сістэм. Няма ніякіх гарантый таго, што тэхналагічныя кампаніі не пачнуць лабіяваць сваіх кандыдатаў і быць больш прысутнымі ў палітычным працэсе. Паўнавартасны грамадскі кантроль за такімі сістэмамі будзе недаступны звычайным людзям без адпаведных тэхнічных ведаў. Узнікне няроўнасць, калі толькі тэхналагічная эліта зможа кантраляваць і адсочваць працэс выбараў — гэта можа стаць велізарнай спакусай для іх падабраць выбары пад сябе.

Калі звычайны чалавек можа пракантраляваць падлік кожнага папяровага бюлетэня, то чытаць код такіх электронных сістэм галасавання звычайны чалавек проста не зможа. Як арганізаваць празрыстае назіранне за такімі выбарамі, якому б давярала грамадства, як праводзіць аўдыт і пералік галасоў — невядома.

Немагчымасць традыцыйных формаў грамадскага кантролю над выбарамі ў дэмакратычных краінах прызнана непрымальнай. Гэта было асноўнай фармальнай прычынай забароны інтэрнэт-галасавання ў 2008 годзе ў Нідэрландах і ў 2009 годзе ў Германіі.

Яшчэ адна праблема — магчымая няроўнасць тых, хто галасуе на ўчастках, і тых, хто галасуе дыстанцыйна. Дыстанцыйнае галасаванне стварае небяспеку прымусу (што мы бачылі ў Расіі), калі бюджэтнікаў прымушалі галасаваць анлайн у прысутнасці начальства. Існуе небяспека прымусовага галасавання і ў сям’і, напрыклад, калі палітычныя погляды членаў сям’і істотна разыходзяцца. Як абараніць тайну галасавання і яго ананімнасць — таксама незразумела.

На звычайным участку выбаршчык можа адасобіцца ў кабінцы і разлічваць, што яго выбар застанецца таямніцай. Пры дыстанцыйным галасаванні грамадзяніна могуць прымусіць галасаваць. Але нават пры адсутнасці відавочнага прымусу само выкарыстанне незразумелай для выбаршчыка тэхналогіі можа сказіць яго выбар.

Электронным галасаваннем могуць часцей карыстацца прадстаўнікі дыяспары, якія жывуць за мяжой. Часта дыяспара галасуе зусім не так, як пастаянныя жыхары краіны. Гэты фактар таксама можа стаць прычынай недаверу да выбараў унутры краіны, а таксама спакусай для асобных палітычных сіл выкарыстоўваць дыяспару ў сваіх мэтах.

Нарэшце, акрамя аб'ектыўных, ёсць і суб'ектыўная праблема — дэфіцыт даверу да электроннай формы галасавання, які можа стаць прычынай нізкай легітымнасці органаў улады, абраных такім спосабам.

Дэмакратычныя выбары грунтуюцца на некалькіх фундаментальных прынцыпах: ананімнасць, правільная ідэнтыфікацыя выбаршчыка і давер. Электроннае галасаванне пакуль што не дазваляе аб’ядноўваць гэтыя прынцыпы ў адной сістэме, заўсёды нешта выпадае. Калі мы максімальна поўна ідэнтыфікуем выбаршчыка, то як гарантаваць ананімнасць? Калі мы гарантуем ананімнасць, то як ідэнтыфікаваць выбаршчыка і назіраць за выбарамі?

У пачатку 2000-х і 2010-х гадоў у заходніх дэмакратычных краінах правялі мноства выпрабаванняў з інтэрнэт-галасаваннем, але апошнія гады інтарэс да гэтай тэмы істотна зменшыўся. Адзінай краінай ЕС, якая рэалізавала паўнавартаснае наладжанае электроннае інтэрнэт-галасаванне для ўсіх грамадзян на выбарах розных узроўняў стала Эстонія. Яшчэ электроннае галасаванне ў абмежаваным фармаце было рэалізавана ў Францыі — але толькі для выбаршчыкаў з заморскіх тэрыторый. Але гэтыя дзве краіны з’яўляюцца хутчэй выключэннем з правіла.

За апошнія гады планы запусціць інтэрнэт-галасаванне на выбарах розных узроўняў агучваліся ў Балгарыі, Швецыі, Уэльсе, Літве, Шатландыі, але яны так і не былі цалкам рэалізаваныя. 

Скепсіс да электроннага галасавання ў заходніх дэмакратыях зусім не азначае, што лічбавыя тэхналогіі не могуць дапамагчы ў палягчэнні выбарчага працэсу.

Напрыклад, некаторыя краіны ўкаранілі ІТ-сістэмы для рэгістрацыі выбаршчыкаў, падліку галасоў і перадачы вынікаў. Некаторыя краіны (напрыклад, Румынія і Літва) выкарыстоўваюць ІТ-сістэму для праверкі ў дзень выбараў, ці зарэгістраваная асоба, якая хоча прагаласаваць, у спісе выбаршчыкаў. Вялікабрытанія выкарыстоўвае сканавальныя машыны для аналізу подпісаў. У Харватыі выбаршчыкі могуць выкарыстоўваць анлайн-дадатак для змены свайго выбарчага ўчастка за некалькі дзён да выбараў.

Гэта карысныя інструменты, але цалкам абапірацца на электроннае галасаванне развітыя дэмакратычныя краіны пакуль што не гатовыя.

Чытайце таксама:

У Расіі стартавалі выбары ў Дзярждуму. Што пра іх трэба ведаць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера