Знайсці
24.09.2021 / 16:03РусŁacБел

«Мы зрабілі памылку, што не стварылі альтэрнатыўных інстытутаў улады». Пра што Ціханоўская і Латушка казалі на канферэнцыі беларусаў свету

У Вільні праходзіць канферэнцыя беларусаў свету, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі дыяспар і дэмакратычных структур. На ёй Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка выказаліся пра сітуацыю, у якой цяпер апынулася Беларусь, і пра тое, як дзейнічаць далей. «Наша Ніва» прыводзіць некаторыя цытаты.

«Гэта барацьба на знос»

«Мне нядаўна ў інстаграм напісала дзяўчына, якая знаходзіцца на хатняй хіміі, — распавяла Святлана Ціханоўская. — Яна напісала не для таго, каб расказаць, як ёй цяжка, а каб расказаць пра тое, што яна трымаецца, шукае працу, што яе падтрымліваюць сябры і незнаёмыя людзі з іншых краін. І напісала: «Я веру ў вас».

Мы разумеем, што ўнутры людзі, сутыкаючыся з жудасным гвалтам, жахамі турмаў, крызісам, бяспраўем на працы і бесчалавечным стаўленнем, усё адно партызаняць. Людзі распаўсюджваюць самвыдат, рыхтуюць стачку, валанцёраць, дапамагаюць палітзняволеным і іх сем’ям.

І мы [тыя, хто за мяжой] у параўнанні з беларусамі ў краіне можам дзейнічаць больш адкрыта і адчуваць сябе ў большай бяспецы. Мінулы год таму доказ».

Сярод галоўных пытанняў, якія будуць абмяркоўваць штабы на канферэнцыі, — як узмацніць дапамогу беларусам унутры краіны і зрабіць гэту дапамогу рэгулярнай, як пашырыць палітычны і эканамічны ціск на рэжым, трымаць Беларусь у міжнароднай павестцы, як супрацоўнічаць дыяспарам.

«Разумею, што мы перайшлі ў фазу зацяжнога супрацьстаяння. Фактычна гэта барацьба на знос.

Разумею, што многія стаміліся. Цяпер складана генераваць новыя фарматы працы, новыя ідэі. Сотні тысяч беларусаў пакінулі дом, але таксама сотні тысяч умацавалі дыяспару.

І як бы нам не хацелася адмаўляць гэта, мы сталі эмігрантамі ці рэлакантамі.

Але тыя, хто нам супрацьстаяць, не ўлічылі ход часу, яны думаюць, што, як і раней, фізічны ад’езд роўны знікненню чалавека і немагчымасці працягваць сваю барацьбу».

«Узнікла рэальная пагроза страты суверэнітэту Беларусі»

Павел Латушка нагадаў пра галоўныя мэты дэмакратычных структур. Першае — вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Другое — прыцягненне да адказнасці вінаватых за злачынствы супраць беларускага народа. Трэцяе — правядзенне новых дэмакратычных выбараў.

«Мы знаходзімся ў сітуацыі маштабнай контратакі на дэмакратычныя сілы і грамадзянскія ініцыятывы, скіраванай на поўнае падаўленне грамадзянскай супольнасці.

Беларускае грамадства праходзіць этап псіхалагічных пераўтварэнняў ад эйфарыі аб’яднання да прагматызацыі і ацэнак рэальнага стану спраў і чакае выразнай праграмы з боку дэмакратычных сіл па выхадзе з сітуацыі, якая склалася.

З улікам дзеянняў Крамля па падтрымцы і фінансаванні Лукашэнкі, узнікла рэальная пагроза страты суверэнітэту Беларусі».

Латушка кажа, што яны будуць працягваць спробы дамагчыся непрызнання Лукашэнкі і яго ўраду на міжнароднай арэне.

«Пры гэтым не трэба сумяшчаць два паняцці — непрызнанне Лукашэнкі і непрызнанне дзяржавы. Міжнароднай прававой суб’ектнасці Беларусь у гэтай сувязі не губляе і ёй нічога не пагражае», — лічыць кіраўнік НАУ.

Ён таксама агучыў планы правесці 11 кастрычніка ў Нюрнбергу канферэнцыю па злачынствах супраць чалавечнасці. 

«Трэба ставіць задачу аб выкарыстанні механізму ўніверсальнай крымінальнай адказнасці ў рамках канвенцыі ААН супраць катаванняў, які, на жаль, дагэтуль не даў адпаведнага выніку. Стратэгічнай задачай з’яўляецца стварэнне міжнароднага крымінальнага суда па Беларусі».

Якую памылку, па меркаванні Латушкі, зрабілі штабы?

«Мы ўсе зрабілі істотную памылку ў тым, што не стварылі альтэрнатыўных інстытутаў кіравання дзяржавай. Прапаную выправіць яе і вярнуць гэту ініцыятыву ў рукі беларускага народа.

Для дасягнення гэтай мэты прапаную ў найбліжэйшы час склікаць кангрэс беларусаў, у незалежнасці ад месца іх пражывання — як у Беларусі, так і за мяжой. Дэлегаты кангрэсу маглі б прыняць рашэнне аб стварэнні альтэрнатыўных інстытутаў улады, у тым ліку выканаўчай».

Калі будзе «адзіны фронт дэмсілаў»?

Святлану Ціханоўскую спыталі, калі нарэшце дэмакратычныя сілы аб’яднаюцца.

«Мяне заўсёды ўводзіць у ступар гэтае пытанне — пра адзіны фронт дэмсілаў. Мы ўжо адзіны фронт. Я так разумею, што хочуць, каб мы назваліся адной назвай, селі ў адным месцы і разам працавалі. Дык так не атрымаецца.

Калі нехта мне дасць структуру адзінага фронту дэмсілаў, дзе распісаны ролі, зразумела, хто што робіць, то падказвайце. Як умоўна прыедзе хтосьці з нямецкай дыяспары, сядзе побач і будзе прадстаўляць у дэмсілах дыяспару. Як гэта будзе выглядаць, я не разумею. Мы з Пал Палычам і так сустракаемся, абмяркоўваем сітуацыю, кожны дзень практычна на званках», — пракаментавала Ціханоўская.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930