Знайсці
24.09.2021 / 10:55РусŁacБел

«Выглядае, спрабуюць кантраляваць адток насельніцтва». Чаму ў Беларусі да гэтага часу не адмянілі забарону на выезд

З 19 снежня 2020-га беларусы не могуць свабодна выязджаць з рэспублікі па зямлі — нонсэнс для еўрапейскай краіны. Тады, амаль год таму, улады тлумачылі сваё рашэнне клопатам пра здароўе — нібыта, каб не завозілі каранавірус. Але з закрытымі межамі ў Беларусі, нават згодна з афіцыйнай статыстыкай, штодзённа ўдвая больш выпадкаў захворвальнасці, чым у суседняй Польшчы. У чым сапраўдная прычына забароны на выезд?

Фота: rbc.ru

Афіцыйную пазіцыю пра зачыненыя межы днямі агучыў падчас стрыму экс-міністр здароўя, а сёння кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

«Трэба разумець, што мяжа на выезд закрыта таму, што мы разумеем, што грамадзяне, якія выехалі, яны вярнуцца, — казаў Каранік. — Мы гэта бачылі падчас першай і другой хвалі, калі стаяла пытанне, як хутка вярнуць з замежжа 8 тысяч нашых турыстаў і забяспечыць усіх ПЛР-тэстамі і дынамічным назіраннем.

Тут абмежаванне не абсалютнае. Ёсць падставы, па якіх грамадзяне могуць спакойна выязджаць за мяжу, вяртацца з-за мяжы. Дзесьці з назіраннем, дзесьці без наступнага назірання».

Медыкі, з якімі мы звязаліся, кажуць, што з сапраўдным размахам эпідэміі і масавымі звальненнямі персаналу сілаў даўно не хапае на кантроль хоць бы ўнутрыбеларускіх выпадкаў і кантактаў.

Таксама пытанне, чаму не выпускаць праз наземную мяжу цалкам вакцынаваных беларусаў? А такіх, нават згодна з афіцыйнай статыстыкай, у краіне нямала. Пытанне адкрытае.

Крыніцы «Нашай Нівы» з дзяржаўных органаў заўважаюць, што наўрад ці «клопат аб здароўі» — асноўная прычына забароны выезду. У рэальнасці яны палітычныя. 

«У беларускіх правілах дзяржаўнай дзейнасці, каб адмяніць нейкае абмежаванне, нейкі дзяржаўны орган павінен выступіць з ініцыятывай, пакуль што такіх няма, бо пра гэта яшчэ не выказваўся Лукашэнка. Усе ведаюць, што ён лічыць сябе экспертам у пытаннях мяжы, таму не лезуць наперад», — тлумачыць нам крыніца, блізкая да Саўміна. 

«Выглядае, што забаронай на выезд спрабуюць кантраляваць адток насельніцтва. Бо існуе аператыўная інфармацыя аб тым, што чарга ў візавыя цэнтры для атрымання гуманітарных і нацыянальных віз краін ЕС завоблачная — усё распісана на месяцы наперад, — кажа наш суразмоўца. —

Прэзідэнт Польшчы паведаміў, што ў яго краіне аселі ўжо 150 тысяч беларусаў, не ясна, ці праўдзівая гэта лічба, але што гаворка прынамсі пра дзясяткі тысяч — гэта падобна да праўды, праблема ёсць. 

Апроч таго, зацікаўленыя органы, найперш Рада бяспекі і КДБ, у рамках свайго паралельнага ўспрымання «бяспекі» лічаць, што ва ўмовах закрытага неба плыня людзей па зямлі пры адкрытых граніцах моцна ўзрасце. Кантраляваць рух стане цяжэй, і ў краіну будуць паступаць «грошы на працяг рэвалюцыі».

А магчымасці пагранічнага кантролю на зямлі ніколі не былі здавальняючымі». 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930