Знайсці
24.09.2021 / 09:36РусŁacБел

БелАЗ пераходзіць на расійскія рухавікі і кітайскія батарэі

БелАЗ пераходзіць на расійскія рухавікі і кітайскія батарэі пасля таго, як прадпрыемства апынулася пад санкцыямі. Аб гэтым у эфіры БТ заявіў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык.

Міністр назваў санкцыі барацьбой за рынкі. На яго думку, краіны-канкурэнты ўдарылі па тых прадпрыемствах, якія прайшлі мадэрнізацыю і сталі канкурэнтаздольнымі. Ён назваў «Амкадор», БелАЗ, МАЗ. Аднак беларускія прадпрыемствы знаходзяць выхад з сітуацыі, паведамляе reform.by.

«БелАЗ вельмі моцна завязаны на рухавікі ўнутранага згарання, якія выраблены ў Злучаных Штатах Амерыкі. І зразумела, што сёння ёсць абмежаванні па пастаўцы гэтых рухавікоў. Але сёння БелАЗ ужо катае кар'ерныя самазвалы, якія працуюць на іншых энергетычных сродках. Гэта і газавыя рухавікі, якія вырабляюцца ў Расійскай Федэрацыі, гэта выкарыстанне акумулятарных батарэй, якія не вырабляюцца ў Еўропе, а вырабляюцца ў Азіі: Кітай, Карэя. Вельмі важна, што гэтыя элементы ў найбліжэйшы час — мы перад сабой ставім задачу — вырабляліся ў нашай краіне. Каб вось гэтая залежнасць, так званая, ад еўрапейскіх краін была як мага меншая», — сказаў Пархомчык.

Ён не ўдакладніў, пра якія менавіта рухавікі ідзе гаворка, не назваў іх магутнасць, а таксама мадэлі кар'ерных самазвалаў, якія пераведзеныя на газавыя маторы з Расія. Трэба адзначыць, што ў маі гэтага года БелАЗ афіцыйна паведамляў аб запуску серыйнай вытворчасці самазвала БЕЛАЗ 7513-з з газадызельным рухавіком.

Пры гэтым у прэс-рэлізе завода згадвалася, што 136-тонная машына камплектуецца амерыканскім рухавіком Cummins KTA50-C. Да гэтага паведамлялася, што завод выпрабоўваў 45-тонны самазвал з газапоршневым рухавіком расійскай вытворчасці. Планавалася паставіць такія маторы на 90 і 120-тонныя машыны. У гэтым годзе Белстат афіцыйна спыніў публікацыю статыстыкі аб экспарце і імпарце транспартных сродкаў і прадукцыі машынабудавання.

Пархомчык прызнаў, што з-за санкцый беларускія прадпрыемствы вымушаныя адмаўляцца ад высакаякасных еўрапейскіх камплектуючых і замяняць іх пастаўкамі ад іншых вытворцаў.

«Ідзе замена камплектуючых. Я адразу скажу, што мы пераходзім, ну скажам, ад высакаякасных (я гэта не хаваю) еўрапейскіх камплектуючых на камплектуючыя іншых вытворцаў. Гэта зноў жа азіяцкія краіны, гэта Кітай, гэта Турцыя. Ну, кажу, нехта страціў, нехта знойдзе. Няма сумневаў, што ніводнае прадпрыемства не спыніцца», — сказаў Пархомчык.

Міністр дадаў, што лакалізацыя трактароў складае 75%. Гэта тычыцца не ўсіх мадэлей. У некаторых доля імпарту больш. Ён таксама адзначыў, што вырасла лакалізацыя беларускіх камбайнаў, якая раней складала 20-30%.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера