Знайсці
23.09.2021 / 19:33

«Каму не даць грошай? Чыноўнікам? Настаўнікам? Арміі?» Дзе Беларусь можа ўзяць сродкі, каб закрыць дэфіцыт

Урад прадставіў бюджэт на будучы год. У ім запланаваны мінус — 3 мільярды рублёў. Між тым, сёлета бюджэт планаваўся з мінусам амаль у 6 мільярдаў (хоць па справаздачы за ліпень мінус рэзка зменшыўся да 500 мільёнаў). Якія варыянты развіцця падзей ёсць ва ўладаў? Адкуль можна ўзяць грошы, каб скараціць «дзірку»?

«Фінансавая сістэма цяпер знаходзіцца на такой мяжы, што любы чых можа яе скласці»

«Стандартныя спосабы, дзе ўзяць грошы — гэта ўласныя рэзервы. Напрыклад золатавалютныя», — расказвае кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Ці ёсць нейкая сума, якую бяспечна можна выдзеліць з нашых умоўных $8,5 мільярдаў ЗВР (тут варта памятаць, што крыху больш за $1 мільярд — гэта SDR, што прыйшлі ад МВФ, іх не так і проста патраціць), якую можна бяспечна выдзеліць на закрыццё дзіркі ў бюджэце?»

Павялічыць

«У нейкай больш-менш зразумелай сітуацыі можна было б прагназаваць і тэрміны і аб’ёмы. Але ў нашай сітуацыі, калі ўводзяцца дадатковыя санкцыі, таму гэта рабіць складана, — працягвае Кавалкін. — Бо пастаянна ў гэтай сістэмы ўраўненняў з’яўляюцца новыя ўраўненні.

Напрыклад, мы ведаем, што пасівы дзяржбанкаў павялічвалі за кошт таго, што там Нацбанк размяшчаў рэзервы. Той жа самы Беларусьбанк і іншыя дзяржбанкі. Для пакрыцця дэфіцыту патрэбна будзе даставаць гэтыя сродкі.

Узнікае пытанне, а што будзе з пасівамі дзяржбанкаў. А дзе дзяржбанкам тады браць пасівы? Пасівы браць няма дзе — прывітанне, крызіс неплацяжоў і банкаўска-фінансавы крызіс.

Фінансавая сістэма цяпер знаходзіцца на такой мяжы, што любы чых можа яе скласці, як картачны домік. Таму тут нейкія прагнозы па аб’ёмам і тэрмінам — справа няўдзячная. Любы подых ветру, можа змяніць сітуацыю, як у лепшы, так і ў горшы бок. У нашай сітуацыі, відаць, у негатыў. Бо я сабе слаба ўяўляю, якім чынам улады раптам знойдуць грошы ў вялікай колькасці».

«З эканамічнага пункту гледжання Беларусі даваць пазыку нельга»

Калі не траціць золатавалютныя рэзервы, то звычайна дзяржавы бяруць пазыкі. То бок павялічваюць дзярждоўг. Як унутраны, так і знешні.

«Што тычыцца ўнутранага дзярждоўга, то цяпер яму расці досыць складана, бо ўнутры Беларусі рэсурсаў досыць мала, — лічыць Кавалкін. — Калі казаць пра знешні, то тут удвая больш складана нешта пазычыць з-за санкцый і знешнепалітычнай сітуацыі».

Павялічыць

Улады збіраліся папрасіць $3 мільярды ў Расіі, пакуль атрымалася толькі $640 мільёнаў. Ці дасць яна нам грошы? Эксперт мяркуе, што так многа Расія не дасць, але падтрымліваць перадкрызісны стан эканомікі можа доўга.

«Даць ці не даць грошы Беларусі — гэта пытанне палітычнае для Расіі, а не эканамічнае. Бо з эканамічнага пункту гледжання Беларусі даваць пазыку нельга, — адзначае Кавалкін. — Ёсць перакананне ў тым, што наўрад ці Пуцін дазволіць крах беларускай эканомікі.

Мяркуючы па апошняму году, яму цікава трымаць эканоміку Беларусі на мінімальным пайку. Умоўна кажучы, так, каб эканоміка была ў стане перманентнай пагрозы краху. Гэта і ёсць той самы павадок.

І, калі патрэбна можна пацягнуць за яго: у наступным месяцы перавода не атрымаеш, рабі, як мы хочам. Таму нейкай упэўненасці, што нам дадуць грошы, няма, а вось упэўненасць, што Пуцін будзе маніпуляваць Лукашэнка, — ёсць».

«Фамільнага срэбра» не пад санкцыямі засталося не так ужо і шмат»

Яшчэ дзяржава можа ўзяць грошы за кошт прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. Па дадзеных на 2020 год, дзяржаве цалкам ці часткова належала 3275 прадпрыемстваў.

«Тут узнікае пытанне санкцый і таго, што можна прадаць, а што нельга. У прынцыпе, усё дзяржаўнае, што прыносіць нейкую знешнегандлёвую выручку, і ўсё, што больш-менш рэнтабельнае, ужо пад санкцыямі, — гаворыць Кавалкін. — Таму прадаць яго можна, толькі не выгадна. Любы авантурыст (а ў такой сітуацыі пакупніком хутчэй за ўсё будзе нейкі авантурыст) захоча вялікую зніжку. Таму што ён разумее: могуць быць другасныя санкцыі, што калі ўлезці ў такія справы, то можна вельмі моцна паплаціцца.

Павялічыць

Адпаведна дысконт на такія актывы будзе вялікі. Прасцей кажучы, задорага не прадасі. Але не выключана, што ў такой сітуацыі Лукашэнка і яго атачэнне могуць пайсці і на гэта.

Кавалкін адзначае, калі дзяржава пойдзе на варыянт з прыватызацыяй, што ў такім выпадку, каб атрымаць 3 мільярды рублёў, патрэбна прадаць досыць шмат прадпрыемстваў.

«Фамільнага срэбра» не пад санкцыямі засталося не так ужо і шмат», — кажа эканаміст.

«Першае, што звычайна скарачаюць у такіх выпадках — капітальныя выдаткі»

У рэшце рэшт, па словах эканаміста, заўжды можна яшчэ больш скараціць выдаткі бюджэту. Хоць Раман Галоўчанка і адзначыў, што бюджэт збіраюцца захаваць сацыяльна арыентаваным.

«Ёсць варыянт не плаціць па пазыках, але гэта не варыянт, бо гэта сітуацыя дэфолту. Таму першае, што звычайна скарачаюць у такіх выпадках — капітальныя выдаткі: добраўпарадкаванне, рамонт дарог, мастоў, трубаправодаў, электрастанцый.

Павялічыць

Умоўна, усё, што можа яшчэ нейкі час, што называецца «на соплях» працаваць, — кажа эканаміст. — Далей пытанне, за кошт каго яшчэ скарачаць выдаткі. Каму не даць грошай? Чыноўнікам? Настаўнікам? Арміі?

«Барацьба розных міністэрстваў і ведамстваў за бюджэт узмоцніцца. Цікава будзе паглядзець, хто каго перайграе», — адзначае Кавалкін. — Калі ўжо пачнуць скарачаць заробкі бюджэтнікаў, то гэта будзе азначаць, што сітуацыя зусім патавая. Дарэчы, медыкам кавідныя сплаты пачалі скарачаць, відавочна, што сітуацыя ўжо досыць балючая».

«Але скарачаць усё роўна прыйдзецца, бо краіна пад санкцыямі з тым знешнегандлёвым сальда, якое ёсць зараз і з тымі пазыкамі, што ёсць зараз і прагнозамі, доўга з мінусам у бюджэце без нейкіх узрушэнняў быць не можа. Калі такі мінус будзе доўга, то гэта прывядзе да дэвальвацыі і інфляцыі», — гаворыць эксперт.

«Для прыватнага бізнесу будзе дарагі крэдыт, па поўнай стаўцы»

Таксама адным з варыянтам выхаду з дэфіцыту бюджэту, па словах Кавалкіна, гэта палітыка розных крэдытных ставак для прыватнага бізнесу і дзяржпрадпрыемстваў.

«Прасцей кажучы, для прыватнага бізнесу будзе дарагі крэдыт, па поўнай стаўцы, — тлумачыць аналітык. — А для дзаржпрадпрыемстваў, каб яны не памерлі, хутчэй за ўсё, будзе якая-небудзь схема з аблігацыямі Банка развіцця ці дзяржбанкаў. Адпаведна, па меншым стаўкам. Гэта, непрамы спосаб фінансаваць дэфіцыт дзяржбюджэту, але гэта дае палёгку для дзяржпрадпрыемстваў па выплаце крэдытаў (а іх выплату гарантуе бюджэт — заўв. «НН»).

Павялічыць

Такая палітыка прывядзе да падзення інвестыцый. Больш бізнэсаў будзе зачыняцца, чым адкрывацца. А значыць, будзе скарачацца колькасць працоўных месцаў. На наступным этапе мы атрымаем яшчэ большае сцісканне эканомікі і памяншэнне напаўнення бюджэту. У тым ліку з-за скарачэння працоўных месцаў, і, адпаведна, падаткаў».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31