Знайсці
22.09.2021 / 19:59РусŁacБел

Доктарка падала ў суд на кобрынскую раёнку за паклёпніцкі артыкул — пазоў адхілілі

22 верасня суддзя Кобрынскага раённага суда Аляксей Кміта не задаволіў пазоў дзіцячай доктаркі Юліі Рафаловіч у абарону гонару, годнасці і справавой рэпутацыі, паведамляе «Новы час». 

Разгляд грамадзянскай справы Юліі Рафаловіч супраць рэдакцыі раённай газеты «Кобрынскі веснік» пачаўся 27 жніўня. Нагадаем, 21 красавіка на сайце vkobrine.by і 24 красавіка ў папяровым выданні быў апублікаваны артыкул «Калі забытая клятва Гіпакрата…». Аўтар публікацыі паведаміў, што ўчастковая доктарка «з палітычных матываў наадрэз адмовілася… аказваць дапамогу дзіцяці супрацоўніка РАУС».

Аднак праваахоўныя органы не знайшлі ў дзеяннях доктаркі складу злачынства, каб распачаць супраць яе крымінальную справу «па факце неаказання медычнай дапамогі хворай асобе без уважлівых прычынаў».

У інтэрв'ю «Новаму Часу» Юлія Рафаловіч заўважыла, што артыкул у «Кобрынскім весніку» выклікаў у яе абурэнне. «Менавіта так я рэагавала на абвінавачванне аўтаркі публікацыі, што ўбачыла лютага ворага ў хворым дзіцяці, якому была патрэбна тэрміновая медычная дапамога», — падкрэсліла спадарыня Юлія.

На яе меркаванне, аўтарка артыкула грэбуе нормамі журналісцкай этыкі, калі так перакручвае той факт, што без талона на прыём яна адмовілася выдаць даведку аб стане здароўя дзіцяці для заняткаў у танцавальным гуртку.

Нагадаем, пасля адкрытага выступу Юліі Рафаловіч супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў дзіцячая доктарка перажыла суды, штрафы, зняволенне, звальненне з працы і зневажальную публікацыю ў газеце. Апроч таго, пераслед спадарыні Юліі выявіўся пагрозамі завядзення на яе крымінальнай справы, праблемамі мужу на працы, адмовамі сыну, які вучыцца ў Польшчы, права перасекчы мяжу ды вярнуцца на радзіму. 10 жніўня 2020 года ў Кобрыне сын доктаркі быў затрыманы, збіты і асуджаны на 15 сутак.

Ва ўсіх гэтых захадах была праігнараваная 20-гадовая бездакорная праца Юліі Рафаловіч, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару бальніцы, шчыры клопат педыятра пра маленькіх кобрынцаў у любы час сутак, а не толькі ў працоўны. Была пакінутая без увагі і просьба грамадскасці да галоўнага доктара бальніцы Міколы Брашко не звальняць шаноўную лекарку, хоць пад такім зваротам былі сабраныя больш за 800 подпісаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930