Знайсці
22.09.2021 / 16:28РусŁacБел

Пасля скандальнай карыкатуры «Мінская праўда» засталася без галоўнай рэдактаркі

Карыкатура на першай паласе «Мінскай праўды» ў пачатку верасня нарабіла шмат шуму. Гомельскаму выданню «Флагшток» стала вядома, што за гэты выпуск газеты несла адказнасць Вольга Селязнёва, за што яе пазбавілі пасады галоўнага рэдактара выдання.

Карыкатура аўтарства віцебчука Антона Астроўскага, на якой хрысціянскія крыжы ператвараюцца ў нацысцкія свастыкі, выклікала абурэнне. Праз дзень пасля выхаду карыкатуры кіраўніку МЗС Макею давялося сустракацца з прадстаўніком Папы Рымскага, арцыбіскупам Антэ Ёзічам.

Галоўным рэдактарам «Мінскай праўды» на момант выхаду карыкатуры была Вольга Анатольеўна Селязнёва, менавіта яна была пазначаная ў якасці галоўнага рэдактара газеты ў дзень выхаду скандальнай карыкатуры. Прычым атрымала гэтую пасаду яна зусім нядаўна — у жніўні 2021 года. Да яе ў ліпені 2021 года галоўрэдам значылася Ларыса Коршун. Выпуск, які рушыў за скандальным, выйшаў ужо без галоўнага рэдактара — у выходных даных нумара знікла Селязнёва і яе пасада. У цяперашні час выходзяць толькі шараговыя публікацыі пад яе аўтарствам.

Параўнанне выходных даных газеты «Мінская праўда»: зверху нумар са скандальнай карыкатурай, знізу наступны нумар

«Флагшток» патэлефанаваў у рэдакцыю «Мінскай праўды»: 

«Галоўны рэдактар пакуль не ўзгоднены», — адказаў голас па нумары галоўрэда.

Праўда, пасля публікацыі аб зняцці з пасады Вольгі Селязнёвай телеграм-канал выдання напісаў, што «яна сапраўды праходзіць узгадненне на пасаду галоўнага рэдактара, а цяпер часова выконвае яго абавязкі», а «з'яўленне або адсутнасць яе прозвішча, імя ў газеце абсалютна не звязана з нечымі неабгрунтаванымі здагадкамі».

Вольга Селязнёва злева

Вольга Селязнёва — сябра «Белай Русі», двойчы назірала за выбарамі і сама абіралася ў дэпутаты Добрушскага раённага савета, была намесніцай старшыні Добрушскага райвыканкама Вольгі Махаравай, працавала ў рэдакцыі «Гомельскай праўды», была галоўным рэдактарам раёнкі «Добрушскі край» і галоўрэдам газеты «Гомельскія ведамасці».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера