Былога форварда «Гарадзеі» і яшчэ дваіх фігурантаў справы асудзілі да «хатняй хіміі»
У судзе Заводскага раёна Мінска 22 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе па абвінавачванні 20-гадовых Расціслава Шавеля, Вадзіма Шашуры і Мікіты Ермакова паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Расціслаў Шавель у цэнтры з аранжавым пакетам
Суддзя Алег Каляда вынес хлопцам тыя прысуды, якія і запрасіў пракурор, а менавіта — «хатнюю хімію»:
Вадзіму Шашуру — два з паловай года абмежавання волі без накіравання;
Расціславу Шавелю — тры гады абмежавання волі без накіравання;
Мікіту Ермакову — два з паловай года абмежавання волі без накіравання, паведамляе «Вясна».
Шашуру і Шавеля вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Мікіта Ермакоў падчас суда быў пад падпіскай аб нявыездзе.
Абвінавачаныя прызналі віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Мінску: Шашура і Ермакоў — 25 кастрычніка 2020 года, Шавель — 25.10 і 01.11.2020 г. Шашура сказаў, што падвергнуўся ўплыву ТГ-каналаў, ніякіх мэтаў не пераследваў, проста выйшаў, прачытаў пра заклік у тэлеграм-канале.