Знайсці
21.09.2021 / 16:44РусŁacБел

«Цёмныя справы робяцца за зачыненымі дзвярамі». Леанід Судаленка піша ў лістах пра суд над ім

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота «Гомельская Вясна»

«Гомельская Вясна» апублікавала вытрымкі з лістоў палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі да гомельскага актывіста Васіля Палякова, дзе ён распавёў, што адбываецца на закрытым працэсе.

Нагадаем, у судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 3 верасня распачаўся суд над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

Суддзя Сяргей Салоўскі па хадайніцтве пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова вынес пастанову, якой вызначыў праводзіць суд над «вясноўцамі» ў закрытым рэжыме на працягу ўсяго разбіральніцтва.

Леанід Судаленка піша, што абскардзіў рашэнне суда аб закрыцці працэсу:

«Цёмныя справы робяцца за зачыненымі дзвярамі, і з гэтым не паспрачаешся. Я абскардзіў тым не менш, патрабуючы публічнасці суда».

Палітзняволенай Таццяне Ласіцы ў першы дзень працэсу стала блага:

«Суд быў да 13.00, потым Таццяне выклікалі хуткую і ўсё. Пасля абеду суда ўжо не было. Працяг у панядзелак, калі Таццяна будзе ў норме».

Леанід на судзе падаў ужо 9 хадайніцтваў — усе былі адхіленыя:

«Падаў 9 хадайніцтваў, якія суд паслядоўна адхіліў. Два з іх — на паручыцельства. Адмоўлена».

Абвінавачванне па справе падтрымліваюць тры пракуроры:

«У справе аж тры пракуроры з гарадской пракуратуры падтрымліваюць абвінавачанне і сур’ёзна лічаць, што праваабарона ў краіне незаконна!»

У судзе дапытваюць 61 сведку:

«У мяне працягваюцца суды. Нудна, руціна. Выйшаў, паглядзеў налева, сеў у тралейбус… (так Леанід апісвае адказы сведак, у якіх шмат «вады», — заўв. рэд.) І так 97% тамоў — ні пра што. Разбіраюць серыю пікетаў 2019 года Марыі Тарасенкі супраць дэкрэта аб дармаедах. Яшчэ крыху і да выбараў 10-га года вернуцца».

Прагнозы па выніку суда ў праваабаронцы несуцяшальныя:

«Але вырак ужо чытаецца. Мяркуючы як ён ідзе, суддзя шкадуе, што няма дзе разгуляцца, а так бы даў болей».

«Дзяўчат (Ласіцу і Тарасенка) ад першай часткі, думаю, вызваляць. Таццяне яшчэ паўгода давядзецца пасядзець. Па Марыі — інтрыга. Па другой частцы арышт — мінімальна. У мяне максімальны тэрмін — мінус некалькі месяцаў на дзіця. Значыць, дзембель — вясна 23-га. А там па сітуацыі».

Леанід плануе падаваць апеляцыйную скаргу на прысуд і не губляе надзеі на вызваленне:

«Згодны на ўсе 100%, што пытанне вызвалення — пытанне часу. Хацелася бы хутчэй, але, відаць, ёсць яшчэ запас трываласці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930