Знайсці
21.09.2021 / 11:02РусŁacБел

«Я ад спадара Лукашэнкі не атрымаў ніводнага звання». Былыя падпалкоўнікі КДБ збіраюцца ў суд з-за пазбаўлення іх пенсійных надбавак

Падпалкоўнікі КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська і Валерый Костка збіраюцца судзіцца: з кастрычніка іх пенсіі змяншаюцца. Пра гэта яны распавялі «Народнай Волі».

У маі 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім пазбавіў вайсковых і спецыяльных званняў больш як 80 сілавікоў. Многія з іх публічна выказвалі нязгоду з дзеяннямі ўлады пасля выбараў 2020 года, некаторыя крытыкавалі палітыку Лукашэнкі і раней.

Сяргей Аніська распавёў, што чатыры месяцы яго пенсія заставалася ранейшай. Але 20 верасня патэлефанавалі з пенсіённага аддзелу КДБ:

— Кажуць: маўляў, за чатыры месяцы мы з вас павінны ўтрымаць больш за 500 рублёў, вы нам вінныя. І гэтая жанчына мяне супакойвае: вы не хвалюйцеся, ваша пенсія будзе складаць 1091 беларускі рубель з 1 кастрычніка. Пенсіі ў нас прыстойныя — тут утойваць няма чаго, тым больш што ў мяне яшчэ «афганскія» налічэнні. Нехта скажа: маўляў, дык пенсія і так нядрэнная. Але мая жонка гаворыць, што раней было лепей. І чаму я павінен губляць грошы, на якія маю законнае права?

Сяргей Аніська з Валерыем Косткам вырашылі падаваць у суд на пенсійныя аддзелы.

— Я ад спадара Лукашэнкі не атрымаў ніводнага звання. Усе свае званні да маёра я атрымаў у Савецкім Саюзе, падпалкоўніка мне прысвоіў былы старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі. Пенсіянерам я стаў тады, калі Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады. На ўсіх маіх пасведчаннях аб медалях таксама няма подпісу Лукашэнкі.

Тады пытанне: якое ён мае права пазбаўляць мяне звання? Ясная справа, што не памром мы без гэтых грошай. Мазгі ёсць, рукі адтуль, адкуль трэба, растуць. Але ж гэта справа прынцыпу! — кажа Сяргей Аніська.

Валерый Костка распавёў, што ягоная пенсія зменшыцца прыблізна на 150 рублёў — цалкам прыбяруць надбаўку, якая тычыцца звання. Раней ён атрымліваў 800 рублёў.

Валерый Костка ўжо амаль 30 год як на пенсіі. Пазбаўленне звання было нечаканасцю.

— Можа, нехта і хацеў бы, каб я пачаў нервавацца з-за ўсяго гэтага, але я на гэта проста не звяртаю ўвагі. Працую.

Злева направа: Уладзімір Барадач (таксама пазбаўлены звання, цяпер у эміграцыі ў Германіі), Юрый Захаранка (знік без вестак) і Валерый Костка.

Костка ўжо звяртаўся са скаргай у суд Ленінскага раёну, бо не згодны з рашэннем аб пазбаўленні звання.

— У судзе Ленінскага раёну сказалі, што ў маёй скарзе ўтрымліваюцца некарэктныя фразы і выразы. Але я не разумею, што там можа быць некарэктнага? Я звярнуўся да іх з просьбай прызнаць Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы, а ягоны ўказ — нікчэмным. Між іншым, пры гэтым яны не напісалі, што Лукашэнка — легітымны прэзідэнт.

Ленінскі суд Костку адмовіў. Ён звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд і папрасіў, каб яму растлумачылі, што некарэктнага ў скарзе.

— Мінскі гарадскі суд адказаў: маўляў, судовая сістэма ў нас незалежная і мы не можам аказваць ціск на суддзю, таму мы пацвярджаем, што скарга некарэктная, і адмаўляем вам. Я пайшоў у Вярхоўны суд, бо лічу, што ў дадзеным выпадку сур’ёзна парушаны мае правы. Ніхто мяне не судзіў, ніхто мяне не прызнаваў ні ў чым крымінальным. <…> 

Не было абсалютна ніякіх падстаў ні для суда, ні для Лукашэнкі пазбаўляць мяне звання. Мяне суд павінен прызнаць у нечым вінаватым і толькі пасля пазбавіць звання. Я маю права на свабоду выказванняў. Але за меркаванне звання не пазбаўляюць. Таму, на маю думку, гэты ўказ — такая дзіўная спроба пацягаць за валасы.

Валерый распавёў, што яго шмат хто падтрымаў у маі.

— Мне з гэтай нагоды столькі людзей пазванілі! Мяне ніколі не віншавалі столькі, нават калі прысвойвалі воінскае званне! Адкуль толькі не тэлефанавалі — і сябры, і з-за мяжы, я ж шмат з кім кантактаваў і ў контрразведцы, і ў Ваеннай акадэміі, сябры па ўсім свеце раскіданы. 

Ён кажа, што воінскае званне мае значэнне, толькі калі ты знаходзішся на службе. 

— Да мяне зараз прыязджаюць і генералы, і палкоўнікі, у тым ліку і тыя, хто займае адказныя і вельмі высокія пасады ў Расіі. Мы як сябры гарэлку п’ём — званне цяпер не мае ніякага значэння. Толькі чалавечыя стасункі.

Наконт звароту ў суд Костка не мае ілюзіяў.

— Разумею, што ніхто не будзе гэтыя скаргі разглядаць, але гэта яшчэ адзін доказ таго, што ў нас дыктатура, што не існуе незалежных судоў і пракуратуры, якая павінна сачыць за выкананнем законаў. У нас створана класічная дыктатарская сістэма ўлады.

І няхай часова ўказы падмянілі законы, але ж законы ніхто не адмяняў, і, калі зменіцца сітуацыя, закон усё роўна запатрабуе адказнасці ад тых, хто яго парушыў. Паміж злачынствам і пакараннем заўсёды існуе сувязь, яна можа расцягвацца па часе, але гэта няважна. Усе адкажуць за парушэнне правоў, — мяркуе ён.

Чытайце таксама: 
Пазбаўлены звання падпалкоўнік КДБ Костка: Я ніводнага дня не служыў пры Лукашэнку і прысягу яму не прыносіў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930