Знайсці
21.09.2021 / 08:41РусŁacБел

«Абраз XVIII стагоддзя прыбілі да сценкі замест звычайных дошак». Як мінскі музейшчык працягвае справу Івана Луцкевіча і калекцыянуе народнае мастацтва

Мінскі гісторык Павел Каралёў працуе ў музеі на палову стаўкі, а ў вольны час збірае артэфакты. Кажа, натхніўся прыкладам Івана Луцкевіча. У яго калекцыі — палескія абразы, куфры, ліштвы. Ёсць нават знаходка, якой 250 мільёнаў год. Пра самыя цікавыя рэчы ў калекцыі і гісторыю іх ратавання Павел распавёў «Нашай Ніве».

Фота Ганны Шарко для smartpress.by

«Студэнтам спрабаваў ратаваць археалагічную калекцыю, якую звезлі на сметнік»

Ратаваць артэфакты Паўлу не ўпершыню.

«У пачатку 2000-х, калі вучыўся ва Універсітэце культуры і быў старшынёй краязнаўчага таварыства, мы спрабавалі ратаваць мінскую археалагічную калекцыю, якую звезлі на сметнік у Калядзічах. Камунальнікі памылкова выкінулі скрыні са знаходкамі (яны тады часова захоўваліся ў падсобных памяшканнях — «НН») — навукоўцы пра гэта даведаліся толькі праз некалькі месяцаў.

І мы тады студэнтамі хадзілі па розных арганізацыях, выпрасілі ў МАПІДа экскаватар. На 7-8 метраў апускалі коўш, самі поўзалі па сметніку, шукаючы гэтыя скрыні. На жаль, не атрымалася», — згадвае гісторык.

Яго шпацыры часта сканчваюцца цікавымі знаходкамі. У Ружанах Павел падабраў палацавую плітку, у мінскім парку заўважыў скарб с золатам (перадаў яго Інстытуту гісторыі, але ўзнагароду пакуль так і не атрымаў).

У цэнтры Мінска проста ў траншэі знайшлі скарб з залатымі манетамі часоў Мікалая ІІ ФОТАФАКТ

«Гэта не шанцаванне, а проста натрэніраванасць, бо ёсць звычка глядзець пад ногі. Тут важныя ўважлівасць і імпэт. Я стараюся не прайсці міма, калі штосьці разбураецца. Так, два гады таму ўдалося адстаяць падмуркі дамоў Луцкевічаў — калі праводзілі камунікацыі ў парку Янкі Купалы, іх хацелі іх знішчыць. Зараз падмуркі цэлыя пад зямлёй».

Копія «Мадонны» Рафаэля і лямпа Аладзіна

Збіраць уласную калекцыю Каралёў стаў 2,5 года таму. Праект назваў «Куфар старажытнасцяў». Пачалося ўсё з народных палескіх абразоў — Павел захапіўся імі, яшчэ калі працаваў у музеі народнай архітэктуры і побыту.

«Калі пабачыў, што гэтыя рэчы прадаюцца на інтэрнэт-пляцоўках, вырашыў іх старацца набываць і аддаваць у рэстаўрацыю, каб вяртаць да жыцця.

Сярод самага цікавага — вялікі абраз XVIII стагоддзя з Кобрынскага раёна. Яшчэ тры гады таму ён выкарыстоўваўся як дошкі для сценкі, за якой быў склад розных непатрэбных рэчаў. Напэўна, за савецкім часам вынеслі з царквы і прыбілі ў хаце.

Чалавек, які пасля гэту хату набыў, ададраў абраз, паглядзеў, што ён старажытны. Аднёс у царкву — там не ўзялі, бо патрэбна было шмат грошай на рэстаўрацыю. І тады чалавек выставіў яго на продаж. 

Той самы абраз XVIII стагоддзя. Фоты калекцыі з асабістага архіву

Мне пасля прапаноўвалі гэты абраз перапрадаць у гістарычны ці мастацкі музей, але я зацікаўлены, каб ён мог выстаўляцца ў розных гарадах.

Ёсць у калекцыі абраз — копія знакамітай «Мадонны ў крэсле» Рафаэля. Нашы мастакі перамалявалі яго ў ХІХ стагоддзі. Ён захоўваўся разабраны, на чатырох дошчачках.

Беларуская копія Рафаэля ў ліштве

У асноўным я збіраю абразы з усходняга Палесся, бо менавіта для іх характэрны каларытны кветкавы дэкор. Гэта нашае народнае мастацтва, якое лёгка распазнаць. Для мяне Палессе — гэта наогул край-рай».

Падчас падарожжаў па Гомельшчыне Паўла ўражвалі розныя ліштвы на вокнах. Пазней ён набыў такія — хтосьці рабіў рамонт і здымаў ліштвы са сваёй хаты.

У калекцыі музейшчыка таксама куфры, маркі, манеты, рэдкія кнігі. З незвычайнага — кумган: посуд для абмывання, з дапамогай якога татары перад малітвай праводзіць абрад ачышчэння. Гэты прадмет 1912 года, які нагадвае лямпу Аладзіна, удалося адшукаць у Відзах-Лаўчынскіх. 

Апошнім часам Павел зацікавіўся аўтографамі класікаў. Ужо ёсць аўтографы Уладзіміра Караткевіча, Сяргея Грахоўскага, Генадзя Бураўкіна, Кандрата Крапівы, Ніла Гілевіча.

А самаму старажытнаму экспанату калекцыі — 250 мільёнаў год! Гэта акамянеласці, знойдзеныя ў Мінску, у якіх захаваліся беспазваночныя марскія жывёлы эпохі палеазою.

«Абразы ў Расію выкупаюць — ніхто потым не будзе памятаць, што гэта беларускае мастацтва»

Многія рэчы Павел выкупляе на інтэрнэт-пляцоўках.

«Я лічу, што музейшчыкі павінны маніторыць іх, бо нейкія важныя рэчы могуць проста сысці. Абразы часта ў Расію выкупаюць. І ніхто потым не будзе памятаць, што гэта беларускае мастацтва.

Я працую на палову стаўкі, таму сваіх грошай нямнога, але дапамагаюць людзі. Часта беларускае мастацтва не звышдарагое. У нас, напрыклад, шануюцца абразы ў акладах, якія асабліва нават не маюць дачынення да Беларусі. І гэта дае магчымасць за адносна невялікія грошы набыць прадмет і яго зберагчы. Праўда, рэстаўрацыя часам цягне больш, чым сама пакупка.

Абраз святога Георгія Пераможцы з Кармянскага раёна

Самы дарагі абраз каштаваў у інтэрнэце 251 рубель. Хаця некаторыя прадаюць і па 80 рублёў, і па 2000».

Трымаць дома ўсе артэфакты немагчыма — месца не дазваляе. «Калі ліштвы да сябе завязу, застануся без жонкі», — жартуе Каралёў.

Таму экспанаты захоўваюцца на розных выставах. Цяпер такіх чатыры — у музеі Янкі Купалы (знаходкі з купалаўскага парка і тэрыторый паблізу), у Чырвоным касцёле, у праваслаўным цэнтры Еўфрасінні Полацкай і на аграсядзібе ў Валяр'янаве пад Мінскам.

Выстава перасоўная, таму па заяўках яе могуць прывезці ў іншы горад.

Уласныя калекцыі мастацтва звычайна трымаюць мецэнаты. Павел, просты музейны супрацоўнік, на гэтую заўвагу усміхаецца: беларуская гісторыя ведае і іншыя прыклады.

Абразы мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў

«Узяць таго ж Івана Луцкевіча. Ёсць успамін ягонай каханай Юліаны Мэнке, што ён выходзіў у горад, каб набыць ежы на рынку, і вяртаўся толькі ўвечары з нейкай беларускай старажытнасцю.

Тады яго каханая ўпотайкі купляла прадукты. І боты ў яго часам былі прадраныя, ногі мокрыя. А чалавек абышоў усю краіну — жартавалі, што яго ведае кожны трэці беларус, бо ён у розных гарадах з’яўляўся. 

Янка Купала меў схільнасць калекцыянаваць манеты. У ягонай уласнай бібліятэцы быў пэўны час статут ВКЛ. Вацлаў Ластоўскі цікавіўся калекцыянаваннем. У асяродку беларускай інтэлігенцыі гэта была пашыраная з’ява».

***

Калі ў вас ёсць пэўныя цікавосткі і вам шкада іх выкінуць, то Павел просіць перадаваць іх у бліжэйшы музей або да яго самога. «Важна, каб гістарычныя памяткі не зніклі. Мы і так на працягу стагоддзяў шмат усяго згубілі», — кажа гісторык. 

За праектам «Куфар старажытнасцяў» можна сачыць у тэлеграм-канале. Калі ў вас ёсць прапановы памяшкання, дзе можна было б выстаўляць калекцыю, пішыце Паўлу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера