Знайсці
17.09.2021 / 09:00РусŁacБел

Новапалачаніну Яўгену Харашкевічу прысудзілі чатыры гады калоніі. На абвяшчэнне прысуду прынеслі фота трохмесячнай дачкі

Прысуд вынес 16 верасня Віцебскі абласны суд. 27-гадовага Яўгена абвінавачвалі адразу па трох артыкулах, у тым ліку ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

Рашэнне агучыў суддзя Андрэй Прэйс. Бок абвінавачання прадстаўляў пракурор Аляксандр Філімонаў. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.

Яўгена Харашкевіча прызналі вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК), а таксама «ў падрыхтоўцы і арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Па сукупнасці пакаранняў Яўгена Харашкевіча асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Згодна з прысудам, ён мусіць выплаціць супрацоўнікам МУС, якія былі прызнаныя пацярпелымі, кампенсацыю маральнай шкоды: старэйшаму оперупаўнаважанаму групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Наваполацкага ГАУС Дзянісу Свяцкаму — 1500 рублёў і выкладчыцы кафедры прафесійна-прыкладной фізкультуры акадэміі МУС Наталлі Петуховай — 1000 рублёў.

Яўген Харашкевіч быў затрыманы 19 студзеня 2021 года ў Наваполацку.

Як расказаў бацька абвінавачанага Аляксандр, праблемы пачаліся пасля таго, як сын пайшоў назіральнікам на выбарчы ўчастак па месцы прапіскі ў вёсцы Фарынава. Напісаў скаргу ў пракуратуру з нагоды грубага парушэння Выбарчага кодэкса, у якой інфармаваў пра неапячатаную урну для галасавання. Пасля гэтага, 12 жніўня, да Яўгена на працу прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго. Але неўзабаве адпусцілі. 19 студзеня 2021 ён зноў быў затрыманы, але ўжо ў межах крымінальнай справы.

За гэты час бацька бачыў сына толькі аднойчы. 

На абвяшчэнне прысуду бацькі Яўгена прынеслі ў залу раздрукаваныя каляровыя фотаздымкі яго трохмесячнай дачкі Міланы. Пакуль ён быў за кратамі, у яго нарадзілася дзіця, якога ён яшчэ не бачыў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера