Знайсці
16.09.2021 / 18:00РусŁacБел

«Сёння ў дворыку знайшлі буслінае пяро». Што пішуць нашаніўцы з-за кратаў

Больш за два месяцы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко знаходзяцца пад вартай. Ліставанне з імі — не толькі падтрымка палітвязняў, але і інтэлектуальнае задавальненне.

Андрэй і Ягор шчодра дзеляцца ў сваіх лістах успамінамі, назіраннямі, меркаваннямі, выказваюцца наконт цяперашніх навін і згадваюць мінулае. 

У лісце калезе Ягор Марціновіч, напрыклад, згадаў пра стромныя прапановы працы.

«Гэта мегасмешна, але першае, куды мяне запрашалі, — зашкварны сайт Імперыя.Бай (ці не Бай, не памятаю).

Я ўжо не памятаю, якога майго знаёмага папрасілі рэкрутаваць студэнтаў, але стаяла задача напаўняць сайт. Канешне, ад гэтай убогай антыбеларушчыны я адмовіўся адразу. Нават не пытаўся пра ўмовы працы. Гэта недзе на першым курсе было, відаць. Усё смяюся, што жыццё магло развярнуцца адваротна, супрацьлеглым чынам. Але не магло, канешне:)».

У Ягора 3 верасня — дзень народзінаў. І ён успамінае свае перажыванні з дзяцінства на гэты конт.

«З канцом лета ў мяне заўсёды была дылема. Глядзі, лета — крута. І дзень нараджэння — крута. Падарункі і ўсё такое. Але каб прыйшоў дзень нараджэння, павінен пачацца навучальны год. І вось выбар, што лепш: чакаць дзень нараджэння ці халера з ім, хай будзе лета?) Карацей, я выбіраў лета) Бо дзень нараджэння — гэта адзін дзень, а мучыцца пасля да канца мая!»

Ягор піша, што некалькі гадоў запар удавалася сустракаць дзень нараджэння ў экзатычных краінах — Іран, Албанія, востраў Мэн, Македонія.

«Толькі ў мінулым годзе было не да таго. Ну і ў гэтым:)»

Уяўляе нібы плыве на караблі XVII стагоддзя некуды з Англіі ў амерыканскія калоніі

Паўліна Скурко распавядае, што Андрэй вельмі добра трымаецца.

«Я ім ганаруся і захапляюся яго аптымізмам, вытрымкай, пачуццём гумару.

У камеры ён заўгас — сочыць, каб не псаваліся прадукты (частку прадуктаў — гародніну, садавіну, мяса — вязні выкладаюць на агульны стол). Я смяюся, што ён знайшоў прымяненне сваёй гаспадарлівасці нават за кратамі.

У кожным лісце Андрэй дасылае сыночку Тамашу, якому паўтара года, новы вершык, які прыдумляе ў камеры.

Паўліна неяк напісала Андрэю, што малы часта просіць мульцік пра трактар або відэа «Як размаўляюць жывёлы» — і прыходзіцца ісці на ўсякія хітрыкі, каб не даваць яму тэлефон.

І вось у Андрэя нарадзіўся такі вершык:

Мы не будзем есці суп,

Будзем лепш глядзець ютуб.

Тэлефон у мамы —

Ён чароўны самы!

Ціснем на іконку —

Што там за старонка?

Лопалка з шарамі,

Мульцік з трактарамі,

З камерай праграма

Ёсць для інстаграма.

Трэба сфоткаць і змясціць,

Як прыгожа мама спіць!

«Малы пастаянна пытаецца пра тату: калі прачынаецца ранкам, калі бачыць машыну, падобную да нашай. Нядаўна я ездзіла адвозіць перадачу і вярнулася з горада на таксі.

Малы пабачыў мяне: «Мама! мама!» — а пасля бачыць, што за мной машына і: «Тата! Тата!» Не, кажу, гэта яшчэ не тата, але ён скора прыедзе і таксама на машыне.

Канечне, ад гэтага рвецца сэрца. У той жа час я рада, што сынок не забывае бацьку. Горш было б, каб ён пра тату не ўспамінаў. Гэта было б несправядліва. А так няхай знае, што гэта злыя дзядзі яго пакуль што трымаюць у замку, а сам татачка наш проста цудоўны і вельмі хоча з намі хутчэй убачыцца».

У лістах Андрэй піша, што ўяўляе нібы плыве на караблі XVII стагоддзя некуды з Англіі ў амерыканскія калоніі.

«Я падтрымала гэту гульню, — распавядае Паўліна. — Пішу, што кожны дзень выходжу на бераг выглядаць ягоны карабель:) Гэты карабель — багаты вобраз: тут і замкнёнасць, і калектыў, ад якога ты нікуды не падзенешся і з якім мусіш знаходзіць супольную мову, і бяскрайняе мора як неабмежаваны час яго зняволення — і ўсё ж некалі карабель прычаліць, а зняволенне скончыцца».

У апошнім лісце Андрэй дадае: «Карабель гэты часам, у добрым сэнсе, пірацкі:) Не Стывенсан тут, хутчэй, а Сабаціні. (Гэта аўтар кніг пра высакароднага пірата Капітана Блада — заўв. «НН»). 

«На прагулцы трапіўся дворык пад самай вежай Валадарскага замка — можна было разгледзець яе як след. Цікава, што там ёсць нішы, нібыта як для статуй — такія бываюць на касцёлах ці на Мастацкім музеі. Быў бы фотаапарат — быў бы рэдкі кадр. А сёння ў дворыку знайшлі буслінае пяро: відаць, буслы ляцелі ў вырай і скінулі:)»

З сумнага: Андрэй піша, што спорт адсутнічае, бо папросту няма дзе займацца. У камеры 12-15 чалавек. Прагулкі бываюць то ў малым дворыку (там можна толькі стаяць і размаўляць, не паразмінаешся), то ў вялікім — тады гэта шчасце і можна пагуляць у даганялкі, напрыклад.

Андрэй запісаўся на вакцынацыю ад кавіду. Яшчэ ў яго пачаліся праблемы з зубам — цяпер яны на стадыі вырашэння, на Валадарцы ёсць стаматолаг.

***

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вінавацяць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. 

Калі ласка, пішыце нашаніўцам:

СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск

Скурко Андрэю Генадзевічу

Марціновічу Ягору Аляксандравічу 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера