Знайсці
16.09.2021 / 08:19РусŁacБел

Валанцёр з Гомеля, што напісаў 2,5 тысячы лістоў палітвязням: «Адзінае, што ў нас засталося, — гэта слова»

Іллю Міронава затрымалі 17 жніўня і асудзілі за нібыта «пікетаванне майкай», на якой быў надпіс «Пішыце лісты».

Пра ўмовы ў гомельскім ізалятары ён расказаў у інтэрв'ю «Новаму часу».

Ілля прызнаецца: пасля тых умоваў, у якіх ён правёў 25 сутак, мае патрэбу ў адпачынку і адаптацыі да нармальнага жыцця. Але ў той жа час валанцёр гаворыць, што аптымізму пасля адседкі ў яго не паменела, а наадварот, стала яшчэ больш.

— Упершыню за час майго знаходжання ў ізалятары — а гэта за апошні год шосты раз — я атрымаў вельмі шмат лістоў падтрымкі як з Беларусі, так і з іншых краін. Кожны ліст нёс такі зарад энергіі, які дапамог мне адчуваць сябе ў тых умовах нашмат лепш, чым калі б я быў без лістоў.

Валанцёр распавядае, што гэтым разам яму кожны дзень прапаноўвалі на 30 хвілін пачытаць альбо кніжку, альбо лісты, якія прыходзілі ледзь не штодня.

За дзень Ілля атрымліваў ад адной да 10, а то і больш, вестачак з волі — лістоў (толькі іх у ізалятар прыйшло 57), паштовак, тэлеграм. Але праз 30 хвілін усе лісты забіралі з камеры і выдавалі толькі па выхадзе з ізалятара.

— Яны падтрымлівалі мяне, як крылы, — гаворыць Ілля.

Тое, што лісты перадавалі, для яго самога стала дзівам. Бо да гэтага, калі ён трапляў у ізалятар на восем сутак у ліпені ў якасці падазраванага па крымінальнай справе «Аб тэрарызме», карэспандэнцыю яму перадалі толькі пры выхадзе.

Раз на тры дні маці актывіста спадарыня Валянціна прыносіла перадачы для сына. Іх прымалі, але многія пазіцыі выкрэслівалі з незразумелых прычын. Іллю перадавалі сала, каўбасу, часнок, цыбулю, печыва, пернікі. Дзякуючы часнаку і цыбулі, гаворыць суразмоўца, ён не падчапіў у зняволенні нават насмарк, таму раіць перадаваць гэтыя прадукты зняволеным. Паперу, асадкі і канверты актывісту выдалі толькі пасля вызвалення, таму напісаць адказы на лісты ён не мог.

Ілля распавядае, што пагаршэнне ўмоваў у гомельскім ізалятары пачалося з канца сакавіка. Сталі моцна абмяжоўваць перадачы, забіраць пасцелю і матрацы для асуджаных па «палітычных» артыкулах. Калі актывіст быў там у ліпені, ён пісаў заяву, каб праверылі ўмовы ўтрымання, якія нагадваюць катаванні. Вядома, праверка парушэнняў не выявіла.

Падчас апошняга зняволення валанцёру даводзілася спаць на голым жалезным каркасе нараў пад яркай лямпачкай, якая гарэла кругласутачна — на шчасце, была маска для сну.

Спаць дазвалялі толькі на верхнім ярусе, таму была пастаянная рызыка зваліцца і зачапіцца за лаўку ці трапіць у туалет, які знаходзіўся зусім блізка. У першыя дні верасня было вельмі холадна, таму Ілля спаў у дзвюх парах штаноў, шкарпэтак і кофт, падклаўшы пад галаву ручнік. Але і гэта дапамагала хіба на паўгадзіны, потым даводзілася прачынацца і рабіць практыкаванні, каб сагрэцца і зноў заснуць.

Першы тыдзень зняволення Ілля знаходзіўся ў камеры з іншымі людзьмі, якіх затрымалі па адміністрацыйных артыкулах. Але паколькі яны не былі «палітычнымі», у іх усё было — і матрацы, і пасцеля, аднаго з іх нават вазілі кудысьці на працу.

Астатнія 18 дзён Ілля быў у адзіночных камерах памерам два на тры метры.

Множны лік тут таму, што кожныя суткі вязня пераводзілі ў новую камеру — для таго, каб арганізм не паспяваў адаптавацца да новага месца і такім чынам адчуваў яшчэ большы стрэс, мяркуе валанцёр.

Яшчэ большы дыскамфорт прыносілі дадатковыя паверкі. Апроч звычайных ранішняй і вячэрняй, калі ўсіх выводзілі ў калідор, каб праверыць саміх вязняў і камеры, былі яшчэ дзве: раніцай і пасля абеду. Вязняў зноў выводзілі ў кайданках, аглядалі камеру, і заводзілі назад. Апроч таго двойчы будзілі ноччу: а 12-й і а 3-й гадзіне ночы трэба было падыходзіць да дзвярэй і называць сваё прозвішча. А яшчэ ледзьве не кожныя 10 хвілін ахоўнікі шчоўкалі дзвярным «вочкам», зазіраючы ў камеру — гэта жудасна раздражняла.

— Каб мозг працаваў, трэба нешта рабіць. Таму я спяваў песні ўголас, — дзеліцца «лайфхакам» Ілля.

— Я не ведаю, як жыць далей, — прызнаецца актывіст. — Я працягваю пісаць лісты і хадзіць на суды. Канешне, мяне наведваюць думкі, што, магчыма, варта на нейкі час выехаць у бяспечнае месца. Але я пакуль не прыйшоў у сябе, і я тут. Мяне нібы чымсьці агаломшылі, і я сяджу ў нейкай прастрацыі.

І ўсё ж Ілля не перастае паўтараць: дзейнасць, накіраваная на падтрымку іншых, падтрымлівае і яго самога. Калі ён атрымлівае чарговы ліст з-за кратаў, напаўняецца энергіяй і сіламі дзейнічаць далей.

Адвакат і маці Іллі Міронава напісалі заяву ў пракуратуру з нагоды ўмоваў у ізалятары. За некалькі дзён да вызвалення да Іллі нават прыходзіў супрацоўнік ведамства, запытваўся, на што ён скардзіцца, але ніякіх зменаў пасля візіту не адбылося.

Разважаючы пра змены, якія адбыліся ў Беларусі цягам апошняга года, Ілля зазначае, што грамадская салідарнасць нікуды не знікла. Так, многія вымушаныя былі з’ехаць за мяжу. Так, судовыя пасяджэнні па «палітычных» справах сталі рабіць закрытымі. Але людзі як прыходзілі падтрымаць вязняў у суды, так і прыходзяць. А яшчэ беларусы сталі пісаць больш лістоў салідарнасці.

— Фактычна, адзінае, што ў нас засталося, — гэта слова, ад лістоў вельмі вялікая падтрымка. Дзякуй усім, хто іх піша, абавязкова працягвайце гэта рабіць, — падсумоўвае валанцёр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930