Знайсці
15.09.2021 / 11:54РусŁacБел

«Выкарыстае візіт, каб перарваць сваю знешнепалітычную ізаляцыю». Чаго чакаць ад удзелу Лукашэнкі на саміце ў Таджыкістане

З 15 да 17 верасня Аляксандр Лукашэнка будзе з працоўным візітам у Таджыкістане, дзе возьме ўдзел у саміце АДКБ і ШАС. Галоўнай тэмай стане сітуацыя ў Афганістане. Што плануюць абмяркоўваць на сустрэчах і які сэнс мае гэта паездка? Эксперты каментуюць для «Нашай Нівы».

«Беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць паказаць сваю значнасць»

Асаблівасць гэтага саміту — вострая павестка па сітуацыі ў Афганістане. Па ёй мусіць быць прынята супольная заява ад імя лідараў дзяржаў, кажа дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч

Фота з асабістага архіву

«Асноўная праблема з Афганістанам, па-першае, бежанцы. Пытанне актуальна для Таджыкістана, іншых краін Сярэдняй Азіі. Гэта зараз вострая праблема рэгіянальнай бяспекі.

Другі момант — міжнародны тэрарызм, ці будуць тэрарысты мець магчымасць выкарыстоўваць Афганістан у якасці сваёй базы. Гэта зноў жа найбольшая праблема для Таджыкістана і асабліва Узбекістана, дзе ісламісцкі рух мае шырокую сацыяльную аснову. Узбекістан спыніў членства ў АДКБ у 2012 годзе, але з пачаткам крызісу ў Афганістане праяўляе высокую зацікаўленасць у супрацоўніцтве. 

Ёсць пытанне, як ставіцца да новага ўрада: ці прызнаваць талібаў цалкам, ці настойваць на тым, што яны мусяць зрабіць інклюзіўны ўрад. Калі мы паглядзім на заявы, якія рабіліся на саміце АДКБ у жніўні, то там гучалі заклікі ў бок Афганістана распачаць інклюзіўны палітычны дыялог. Відавочна, гэта зараз маларэалістычна, але праблема застаецца.

Што яшчэ будзе абмяркоўвацца? Розныя праблемы арганізацыі і забеспячэння калектыўных сіл АДКБ, перш за ўсё пытанні аператыўнага рэагаванння і ўзбраення. Гэта становіцца ўсё больш актуальна, крызіс у Афганістане закранае многія краіны Сярэдняй Азіі. Таму лагічна ставіць пытанне пра супольныя дзеянні, у тым ліку групы пад супольным камандаваннем», — тлумачыць палітолаг.

Паколькі Беларусь і Афганістан — далёкія краіны, магчымасць Беларусі ўплываць на працэсы там мінімальная, асабліва зараз, калі ёсць вялікая колькасць унутраных праблем. 

«Але, канечне, беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць паказаць сваю значнасць, давать парады і прапаноўваць рашэнні. Такая актыўнасць, праўда без асаблівага выніку, ужо была бачна ў жніўні на сустрэчы АДКБ, дзе Лукашэнка доўга прамаўляў, а па выніках сустрэчы беларуская пазіцыя амаль не згадвалася, — заўважае Андрэй Казакевіч. — 

Гэты саміт Лукашэнка будзе выкарыстоўваць для таго, каб перарваць знешнепалітычную ізаляцыю і паказаць значнасць, паспрабаваць уключыцца ў вырашэнне канфлікту, і стаць заўважным на міжнароднай сцэне.

Знешнепалітычная ізаляцыя моцна цісне на ўлады. І афганскі крызіс будуць спрабаваць выкарыстаць для таго, каб паспрабаваць выйсці з яе, прынамсі на постсавецкай прасторы.

А пры добрым складзе абставін — і вывесці на новы ўзровень дыялог і з іншымі краінамі. У прыватнасці плануецца ўдзел Беларусі ў якасці наглядальніка Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, паседжанне якой таксама пройдзе ў гэтыя дні».

«Факт візіту выкарыстаюць для дэманстрацыі міжнароднай легітымнасці Лукашэнкі»

Былы дыпламат, а цяпер палітычны аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Павел Слюнькін кажа, што не стаў бы шукаць дадатковых сэнсаў у гэтым візіце. Лукашэнка туды едзе не па асабістым запрашэнні, а для ўдзелу ў саміце АДКБ. 

Фота з асабістага архіву

«Факт візіту, канечне, будзе выкарыстаны беларускімі ўладамі для дэманстрацыі міжнароднай суб'ектнасці Лукашэнкі, яго легітымнасці. 

Звычайна падчас такіх візітаў акрамя сустрэч у шматбаковым фармаце праходзяць таксама пратакольныя сустрэчы высокіх гасцей з гаспадаром, які прымае іх у сваёй краіне. Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка будзе прыняты Рахмонам і ў асабістым статусе, у двухбаковым фармаце. Але гэта не будуць паўнавартасныя перамовы, а хутчэй сустрэча ветлівасці, падчас якой яны змогуць абмеркаваць у тым ліку і пытанні двухбаковай павесткі», — каментуе аналітык. 

Асноўнай тэмай на саміце АДКБ заяўлена сітуацыя ў Афганістане. З улікам яе наступстваў і патэнцыйных пагроз для краін — сябраў АДКБ абсалютна лагічна, што гэта пытанне будзе абмяркоўвацца найперш. 

«Цікава будзе паназіраць за спробай абмеркаваць сітуацыю паміж дзвюма арганізацыямі — АДКБ і ШАС, асабліва ўлічваючы, што ШАС — гэта ўсё ж такі не выключна абарончая ці ваенная арганізацыя». 

Павел Слюнькін мяркуе, што для шмат якіх лідараў краін АДКБ сэнс удзелу ў гэтым саміце стаў нашмат меншым пасля з'яўлення навіны, што Пуцін будзе ўдзельнічаць толькі ў анлайн фармаце. 

«Бо традыцыйна падчас такіх самітаў ёсць канкурэнцыя за асабістыя сустрэчы з ім дзеля абмеркавання двухбаковых актуальных пытанняў. Ну і, вядома, што роля Расіі ў АДКБ дамінуючая, там сур'ёзныя рашэнні прымаюцца з ініцыятывы ці са згоды Масквы. Думаю, асабістая адсутнасць Пуціна будзе ўплываць і на эфектыўнасць сустрэч у Душанбэ», — падсумоўвае былы дыпламат.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930