Знайсці
18.09.2021 / 18:32РусŁacБел

Як Украіна «разлюбіла» Лукашэнку

9 верасня сацыёлагі апублікавалі рэйтынг сімпатый украінцаў да замежных палітыкаў. Аказалася, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін узначалілі антырэйтынг. Да Аляксандра Лукашэнкі цяпер негатыўна ставяцца 59% апытаных, пазітыўна — 34%. За апошнія два гады колькасць тых, хто ставіцца пазітыўна, зменшылася ўдвая (з 67% да 34%). Разбіраемся, у чым жа прычына такога рэзкага падзення папулярнасці Лукашэнкі, ці праўда, што ён доўгі час быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне, і адкуль увогуле была такая любоў да аўтарытарнага палітыка ў дэмакратычнай і вольналюбівай краіне?

Лукашэнка праўда быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне?

«Сацыёлагі паказваюць, што на сёння 36% украінцаў хацелі б бачыць вас, Аляксандр Рыгоравіч, сваім прэзідэнтам ва Украіне. Гэта ж не проста так. Гэта сацыялогія, гэта навука», — заявіў 20 красавіка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску дэпутат Вярхоўнай Рады Яўген Шаўчэнка.

Сам Лукашэнка пайшоў яшчэ далей. «Вы дажартуецеся да таго, што я рызыкну і пераступлю мяжу [з Украінай] без зброі. І ў мяне будзе не 40% украінцаў, а мінімум 90%. І мы Украіну вернем… Не для таго, каб захапіць, а каб зрабіць Украіну ўкраінскай», — заявіў Лукашэнка 9 жніўня падчас сваёй «Вялікай размовы».

Беларуская дзяржаўная прапаганда рэгулярна называла Лукашэнку самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне, спасылаючыся на апытанні ўкраінскіх сацыялагічных груп.

«Ва Украіне найлепшым сусветным лідарам лічаць Лукашэнку», — пісала 19 лютага 2019 года лукашэнкаўская «Советская Белоруссия», спасылаючыся на даныя сацыялагічнага апытання аналітычнага цэнтра «Нова Європа». У чым тут каверза? 

Рэч у тым, што такое сацыялагічнае апытанне і праўда было, але пытанне там гучала так: «У каго будучы прэзідэнт Украіны павінен браць прыклад, наследаваць стыль прыняцця рашэнняў і палітычных паводзін?» Гэта моцна адрознівалася ад пытання «Каго вы лічыце найлепшым сусветным лідарам?».

Украінцам маглі падабацца некаторыя рысы Лукашэнкі як дзяржаўнага дзеяча, якіх бракавала ўкраінскім палітыкам, але гэта зусім не азначае, што ўкраінцы лічаць Лукашэнку «найлепшым сусветным лідарам». Беларускія дзяржаўныя СМІ занадта вольна інтэрпрэтавалі вынікі такіх апытанняў і ў іншых сітуацыях.

«Украінцы назвалі Лукашэнку ўзорным прэзідэнтам», «Лукашэнка перамог еўрапейскіх палітыкаў ва ўкраінскім сацапытанні», «Лукашэнка з усіх замежных лідараў сёння найбольш аўтарытэтны палітык для ўкраінцаў»… СМІ выдавалі шчодрыя загалоўкі, хаця ў сацыялагічных даследаваннях пытанні тычыліся канкрэтных і вельмі вузкіх тэм і атрыбутаў палітыка.

Падобная маніпуляцыя была і з апытаннем, якое меў на ўвазе дэпутат Шаўчэнка. Гаворка была пра праведзенае апытанне з 27 студзеня па 1 лютага 2021 года Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі. Сумарны рэйтынг даверу Лукашэнкі там быў дасягнуў 36,0%.

Але гэта не пытанне аб тым, за каго б галасавалі ўкраінцы на выбарах прэзідэнта. Пытанне гучала так: «Я буду па чарзе зачытваць імёны палітыкаў у алфавітным парадку. А вы кажыце, наколькі вы давяраеце гэтаму палітыку: цалкам давяраеце, хутчэй давяраеце, хутчэй не давяраеце, зусім не давяраеце. Калі імя гэтага палітыка вам невядома, скажыце пра гэта».

Тое, што ў падобных рэйтынгах Лукашэнка быў сярод лідараў — не дзіўна. Да 2014 года лідарам падобных апытанняў быў Уладзімір Пуцін, але гэта ніяк не сведчыць пра жаданне ўкраінцаў бачыць іх прэзідэнтамі Украіны.

Нягледзячы на тое, што ўкраінцы часам добра ставяцца да дыктатараў з суседніх краін, у сваёй краіне яны хочуць іншага лідара — які гнуткі і прыслухоўваецца да меркавання людзей. Гэты парадокс тлумачыцца тым, што замежных палітыкаў ацэньваюць не так, як айчынных.

Гэты феномен тлумачыць палітычны эксперт Аляксей Рагавік, кіраўнік аналітычнага цэнтра Free Voice:

«Апытанне пра папулярнасць замежных палітыкаў ва Украіне само па сабе вельмі адноснае. Таму што паінфармаванасць украінскага грамадства як і кожнага грамадства ў міжнароднай палітыцы меншая, чым ва ўнутранай палітыцы. Таму пэўная частка ўкраінцаў, перш за ўсё эмацыйна, сімпатызуе тым, пра каго яны маглі больш пачуць на тэлебачанні ці ў іншых СМІ. Зразумела, што кіраўнікоў суседніх дзяржаў, як Беларусі, у нашых медыя ўспамінаюць гэтак жа часта, як і лідараў ЗША і найбуйнейшых краін Еўропы. Яны часта і з'яўляюцца папулярнымі.

У асноўным адносіны да замежных палітыкаў будуюцца на грубых абагульненнях, стэрэатыпах, асобных скандальных ці піярных гісторыях, стаўленні да тых ці іншых дзяржаў. У такіх апытаннях стаўленне да вызначанага лідара людзі могуць сумяшчаць са стаўленнем да краіны і яе жыхароў. Таму гэтыя лічбы трохі скажоныя. Лукашэнка часта мог мець высокі рэйтынг ня дзякуючы сабе, а дзякуючы добрым адносінам украінцаў да беларускага народу», — кажа эксперт.

І праўда, узровень падтрымкі Лукашэнкі быў высокі, бо і была высокая, амаль 100%-ая пазнавальнасць беларускага палітыка. Палітыкаў з больш далёкіх краін многія ўкраінцы проста не ведаюць, але гэта не значыць, што іх яны любілі б менш за Лукашэнку.

Напрыклад, у 2019 годзе 30% украінцаў увогуле не ведалі, хто такі Джасцін Трудо (на той момант кіраўнік Канады, аднаго з галоўных хаўруснікаў Украіны), хаця ягоны антырэйтынг быў меншы, чым у Лукашэнкі. 

Аляксей Рагавік кажа: «Гадамі расійская і прарасійская прапаганда прыводзіць нейкія вырваныя з кантэксту факты з жыцця Беларусі для маніпуляцыі з нагоды тых ці іншых пытанняў унутранай палітыкі. Таму ў некаторых украінцаў мог скласціся лжывы вобраз Лукашэнкі і ягонай палітыкі, пры гэтым ігнараваўся негатыўны бок.

Часта можна было заўважыць распаўсюджванне ў сацсетках многімі людзьмі інфармацыі аб эканоміцы або іншых сферах жыцця Беларусі з сумніўных крыніц.

Лукашэнка пэўны перыяд быў папулярны ва Украіне сярод антывакцынатараў і прыхільнікаў тэорый змоў адносна кавіду. Гэта значыць была прыхільнасць вельмі сумніўных па поглядах грамадскіх груп. Пры гэтым прарасейскія СМІ не толькі ўсхвалялі Лукашэнку, але і ачарнялі ўсіх лідараў цывілізаванага Захаду».

Але як жа так выйшла, што ўкраінскае грамадства, якое не цярпіць дыктатуры ў сваёй краіне, падтрымлівала дыктатараў у іншых?

«Наконт дыктатуры, украінскае грамадства вельмі разнастайнае і супярэчлівае. У ім ёсць як адкрытыя прыхільнікі «моцнай рукі», так і людзі-амбіваленты, што адначасова патрабуюць і вяршэнства права, і ўкаранення некаторых рашэнняў недэмакратычным спосабам.

Тут некаторыя ўкраінцы не валодалі ўсёй інфармацыяй аб аўтарытарызме Лукашэнкі, блыталі дыктатуру і свае ўяўленні аб парадку. Але мільённыя пратэсты ў Беларусі ўсё змянілі», — сцвярджае эксперт.

Як мянялася стаўленне да Лукашэнкі апошнія гады?

Сацыялагічная група «Рэйтынг» з 2014 года ўключала Лукашэнку ў падобныя апытанкі ў фармулёўцы: «Як вы ставіцеся да гэтых сусветных лідараў?» Вось якія былі вынікі.

  • З 9 да 19 жніўня 2014 года: сумарны рэйтынг даверу (цалкам пазітыўна і хутчэй пазітыўна) — 62%.
  • З 14 да 22 студзеня 2016 года: сумарны рэйтынг даверу — 63%.
  • Чэрвень 2018 года: сумарны рэйтынг даверу — 68%.
  • З 29 кастрычніка да 4 лістапада 2019 года: сумарны рэйтынг даверу — 66%.

Як бачым, стаўленне да Лукашэнкі заставалася адносна стабільным апошнія гады. Пераломным тут стаў 2020 год. 

Ужо ў жніўні 2020 года пазітыўна да Лукашэнкі ставіліся толькі 45% апытаных, а ў верасні 2020 — толькі 34% (і ажно 59% — негатыўна). 

У розных апытаннях неістотна маглі адрознівацца фармулёўкі, але істотнае падзенне папулярнасці Лукашэнкі ва Украіне застаецца фактам. Адбылося гэта сярод розных груп: і на ўсходзе, і на захадзе Украіны, і сярод моладзі, і сярод старых людзей, сярод багатых і бедных.

Лукашэнка ў будынку Вярхоўнай Рады на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі.

У 2014 годзе Лукашэнка карыстаўся павагай украінцаў за непрызнанне Крыма расійскім, неўмяшанне ў расійска-ўкраінскі канфлікт і свае паслугі пасярэдніка. Палітык дабіўся таго, што падтрымлівалі яго агулам як прарасійскі электарат, а таксама жыхары Усходняй Украіны (за тое, што не рассварыўся з Расіяй), так і празаходні электарат і жыхары Заходняй Украіны (за незалежніцкую рыторыку і сцвярджэнне, што ён абараняў бы Крым на месцы Украіны).

Узровень падтрымкі ў Лукашэнкі быў трохі большы сярод малазабяспечаных, жыхароў усходу, старых, малаадукаваных украінцаў. Але сярод багатых, жыхароў захаду, маладых і адукаваных ён таксама меў высокую падтрымку.

Апытанне ў 2016 годзе зафіксавала, што Лукашэнка быў папулярны не толькі сярод украінцаў, што выступаюць за Мытны саюз (88%), але нават сярод тых, хто за ўступленне ў НАТА і ЕС (па 58%), то-бок за заходнюю геапалітычную арыентацыю Украіны. 

Паводле апытання 2019 года, Лукашэнку падтрымліваў не толькі электарат прарасійскай партыі «Опозиційна платформа» (90%), але таксама электарат папулісцкіх «Батьківщина» (68%), «Слуга народу» (71%), і нават празаходніх партый «Голос» (49%) і «Європейська солідарність» (42%).

Лукашэнка меў вялікую падтрымку як сярод тых, хто шкадаваў пра распад СССР (82%), так і сярод тых, хто не шкадаваў (57%).

А вось пасля падзей жніўня 2020 года падтрымка і праўда істотна прасела, ва ўсіх рэгіёнах краіны, ва ўсіх узроставых групах, сярод прыхільнікаў розных палітычных сіл.

Паводле апошняга апытання за верасень 2021 года, Лукашэнку працягваюць падтрымліваць толькі на ўсходзе Украіны (55% падтрымкі і 38 — супраць). Для параўнання, у 2019 годзе на ўсходзе падтрымлівалі ажно 79% рэспандэнтаў.

На поўдні прыхільнікаў Лукашэнкі засталося толькі 44%. А ў цэнтры і на захадзе (дзе традыцыйна моцныя праўкраінскія, празаходнія і дэмакратычныя настроі) Лукашэнку падтрымлівае толькі 26% рэспандэнтаў. Для параўнання, у 2019 годзе Лукашэнку на захадзе падтрымлівалі 58% рэспандэнтаў. 

Сярод прыхільнікаў розных палітычных сіл, Лукашэнку працягвае падтрымліваць толькі электарат прарасійскай партыі «Опозиційна платформа» — 69%.

Сярод электарату папулісцкай партыі «Батьківщина» — 34%, «Слугі народу» — 25%, праеўрапейскіх партыі «Голос» 20% і «Європейська солідарність» — 10%. Падзенне з 2019 года ва ўсіх частках палітычнага спектру, асабліва моцнае сярод прыхільнікаў праеўрапейскіх партый. 

Падтрымка Лукашэнкі скацілася да асобных маргінальных электаральных нішаў.

Беларусь перастала быць прываблівай мадэллю для многіх украінцаў

Многія ўкраінцы раней падтрымлівалі не столькі Лукашэнку як палітыка, колькі сваё ўяўленне пра Беларусь, якое ў многіх выпадках грунтавалася на стэрэатыпах і абрывістых павярхоўных ведах.

Беларусь успрымалася многімі ўкраінцамі як узор стабільнасці і парадку на постсавецкай прасторы. У грамадстве панавалі стэрэатыпы пра якасныя беларускія прадукты, някепскія дарогі, лепшую на фоне Украіны медыцыну і сістэму сацыяльнага забеспячэння.

Пытанні дэмакратыі і вяршынства права ў Беларусі цікавілі толькі маленькую праслойку ўкраінцаў. Тое, што шмат гадоў называлася беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэллю, было і праўда прываблівым для многіх грамадзян Украіны, якія перажылі сацыяльную катастрофу 90-ых і стаміліся ад пастаянных палітычных крызісаў і папулізму.

Узровень жыцця ва Украіне доўгі час заставаўся ніжэйшы, чым у Беларусі, але за апошнія гады ўсё змянілася. Сярэдні заробак (каля 540 даляраў) амаль дасягнуў беларускі, і гэта пры тым, што цэны на многія тавары ва Украіне ніжэйшыя, большы памер шэрай эканомікі, большая колькасць людзей працуе неафіцыйна і мае дадатковыя крыніцы даходаў, што не фіксуюцца дзяржаўнай статыстыкай.

З падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі з ЕС Украіна пачала актыўней гандляваць з еўрапейскімі краінамі. Украінскія вытворцы прадуктаў харчавання істотна палепшылі сваю якасць, каб трапіць на еўрапейскі рынак, а еўрапейскім вытворцам стала таксама прасцей трапіць на ўкраінскі. Так быў падарваны міф пра якасныя і натуральныя беларускія прадукты. 

Нягледзячы на адсутнасць прагрэсу ў некаторых рэформах, Украіна дасягнула пэўных поспехаў у рэфармаванні мясцовага самакіравання і публічнага адміністравання на лакальным узроўні.

Ва Украіне адносна паспяхова правялі дэцэнтралізацыю і адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, на фоне якіх істотна палепшылася якасць інфраструктуры ў многіх гарадах. Украінскія дарогі агулам цяпер лепшыя за беларускія.

Зяленскі інспектуе новыя дарогі.

Паспяхова ва Украіне ідуць справы і з аграрным сектарам. Краіна сабрала рэкордны за ўсю гісторыю краіны ўраджай пшаніцы (32 мільёны тон) і ячменю (больш за 10 млн тон).

Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ва Украіне склала 46,2 ц/га, ячменю — 41 ц/га. Прагназуецца, што разам з кукурузай Украіна збярэ сёлета 80—82 млн тон збожжа, што таксама стане рэкордам за ўсю гісторыю краіны.

Дагэтуль максімальны быў 2019 год, калі ўраджай склаў 75 мільёнаў тон. Правёўшы зямельную рэформу і стварыўшы паўнавартасны рынак зямлі, украінская дзяржава чакае яшчэ большага росту вытворчасці аграрнай прадукцыі.

На фоне гэтага ўсяго Беларусь, што апошнія 11 гадоў пражыла ў сацыяльна-эканамічнай стагнацыі, перастала быць прываблівай мадэллю дзяржавы для ўкраінцаў. 

Калі да 2020 года многія ўкраінцы глядзелі на Беларусь праз прызму сваіх стэрэатыпаў, то на фоне пратэстаў 2020 года многія ўкраінцы пачалі цікавіцца актуальнай эканамічнай сітуацыяй у Беларусі, і гэта не магло не адбіцца на рэйтынгах Лукашэнкі.

Аляксей Рагавік тлумачыць:«Чаму ўпалі адносныя рэйтынгі Лукашэнкі ва Украіне? Вядома, з такой відавочнай фасільфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў, масавымі пратэстамі і крывавым адказам на іх ад Лукашэнкі лічбы не маглі не змяніцца. У многіх украінцаў банальна расплюшчыліся вочы на рэаліі дыктатуры, рэпрэсіяў, забойстваў.

Людзі пачалі больш актыўна вывучаць рэальную сітуацыю з эканомікай, упраўленнем. Зразумелі што паміж Лукашэнкам і народам прорва».

Больш не гарант стабільнасці паўночнай мяжы

Пачынаючы з 2014 года, Лукашэнку ва Украіне ўспрымалі як няхай і ідэалагічна няблізкага, але сітуатыўнага гібрыднага саюзніка.

Кіраўнік Беларусі на словах дыстанцыяваўся ад агрэсіўнай неаімпескай палітыкі Расіі, працягваў актыўна гандляваць з Украінай у разгар вайны на Данбасе, у тым ліку прадукцыяй вайсковага прызначэня.

Ён пераконваў Украіну, што з тэрыторыі Беларусі на яе ніхто не будзе нападаць, стаў пасярэднікам у перамовах з Расіяй і прарасійскімі баевікамі. Падабаліся ўкраінцам і пікіроўкі Лукашэнкі з Крамлём, ягоная незалежніцкая рыторыка. Яго пачалі ўспрымаць як палітыка, што прыкрывае паўночны фланг Украіны ад расійскага наступлення.

Пытанні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўкраінскі палітычны клас амаль не хвалявалі. Іх цалкам задавальняў Лукашэнка, і гэта ўмацоўвалася сувязямі ўкраінскіх і беларускіх бізнэс-эліт. 

Але настаў 2020 год. Кіеў не прызнаў вынікі выбараў і заявіў, што прыпыняе кантакты з суседам і будзе афіцыйна называць Лукашэнку па імені, без указання пасады.

Лукашэнка на гэта адрэагаваў шэрагам антыўкраінскіх выказванняў, а таксама адказаў на сакцыйны ціск збліжэннем з Крамлём. Ягоная рыторыка істотна змянілася, дайшло да таго, што ён нават загаварыў пра магчымыя авіярэйсы ў акупаваны Крым, а таксама дапусціў «сілавікоў» так званай ЛНР да Рамана Пратасевіча.

«Калі б мы хацелі паставіць вас на калені, будзем шчырыя, мы б гэта зрабілі на працягу сутак разам з нялюбым вамі прэзідэнтам Пуціным. Мы б перасталі пастаўляць вам гаруча-змазачныя матэрыялы, і заўтра на вілах б павыносілі і Зяленскага, і ўсіх астатніх», — куражыўся Лукашэнка.

Украіна перастала ўспрымаць Беларусь як нейтральную краіну, таму яна адмовілася ад Мінскай перамоўнай пляцоўкі па пытанні ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Вясной прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі ў ТКГ заявілі пра тое, што адмовяцца ад паездак на перамовы ў Беларусь з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама з-за варожай рыторыкі Мінска ў дачыненні да Украіны.

Беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў, якіх раней стрымлівалі ад прамых нападак на Украіну, цяпер спусцілі з ланцугоў, і яны пачалі паўтараць адносна суседняй краіны ўсе крамлёўскія прапагандысцкія наратывы. Украінцы гэта заўважылі.

Рыгор Азаронак у эфіры СТБ называе Украіну «краінай жабрацкага народа, што вымірае, і «гардонаў» ва ўладзе», «амерыканскім штатам «Постмайданная Украіна»». Затым паказвае відэа баёў на Данбасе, украінцаў у палоне гібрыдных сіл Расіі, праклёны на адрас Пятра Парашэнкі.

Аляксей Рагавік кажа:

«Лукашэнка пачаў знішчаць рэйтынг даверу да сябе ва Украіне не толькі рэпрэсіямі супраць медыя, палітычных апанентаў, проста ўсіх нязгодных. Ён гэта зрабіў відавочнымі антыўкраінскімі выпадамі. Ён стаў інструментам прапаганды для Пуціна і Крамля супраць Украіны. Вядома, што ва ўмовах вайны з Расійскай Федэрацыяй такі пераход ад хітрага нейтралітэту да адкрытай падтрымкі Расіі дабіў рэйтынгі».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930