Знайсці
14.09.2021 / 21:08

Мяса — амаль на 30%, малако — на 18%. Паглядзелі, як змяніліся цэны пасля «замарозкі»

Больш за паўгода ў Беларусі стрымліваюць цэны, хоць першапачаткова планавалася, што гэта будзе на тры месяцы. З 24 лютага і дагэтуль працуе пастанова №100, згодна з якой урад замарозіў цэны на 62 сацыяльна значныя тавары і 50 найменняў лекаў. Мы папрасілі чытачоў даслаць чэкі за люты, каб паглядзець, што змянілася пасля «замарозкі».

Нагадаем, згодна з пастановай №100, з сакавіка рост цэн на пэўныя тавары не павінен быў перавышаць 0,2% у месяц. У спіс увайшлі крупы, макарона, курыца, свініна, ялавічына, каўбасы, малако, гарбата, мыла і іншыя тавары.

За гэты час вытворцам і прадаўцам некалькі разоў дазвалялі падвышаць цэны адносна стану на 28 лютага. Так раслі цэны на алей, рыс, потым на дзіцячае харчаванне, хлеб і хлебабулачныя вырабы, а затым яшчэ і на малочныя прадукты. На пачатку верасня дазволілі павысіць цэны на мяса. Аднаразова, на 4,9%. Як паведамляе МАРГ, у сярэднім цэны выраслі на 5%.

Чытачы «Нашай Нівы» перыядычна паведамляюць нам пра рост цэн на тыя ці іншыя тавары. Мы папрасілі даслаць іх чэкі за люты з цэнамі да «замарозкі» і параўналі з цяперашнімі. Для параўнання мы карысталіся сэрвісам infoprice.by. Бралі адныя і тыя ж прадукты ў адных і тых жа крамах у лютым і ў верасні. Вядома, наш разлік не прэтэндуе на статыстычную дакладнасць. Гэта больш погляд простага пакупніка.

Грэчка і рыс падраслі на 11-12%, хлеб — на 10%

Пачак шліфаванага рысу ў лютым каштаваў 2,45 рубля. Цяпер яго можна набыць ужо на 12,2% даражэй, за 2,75 рубля.

За адзін і той жа пачак грэчкі ў лютым трэба было аддаць 2, 68 руб., а цяпер 2,99 руб. Рост склаў 11,5%.

Павялічыць

Пачак макароны Рasta Ricci вагой 400 грамаў у лютым каштаваў 1, 45 руб., а цяпер — 1,79 руб. У выніку набыць макарону цяпер абыходзіцца беларусам даражэй на 23%.

Алей «Золотая семечка» можна было набыць за 4,99 руб., а цяпер цана вырасла на 4% да 5,19 руб. Прытым што МАРГ у красавіку дазволіў падняць цэны на алей да 15% ад цэнаў у лютым.

Павялічыць

А вось кілаграм цукру «Гарадзея» застаўся на тых жа пазіцыях: і ў лютым, і цяпер каштуе 1,72 руб.

Таксама ў спісе тавараў з зафіксаванымі цэнамі апынуўся і збожжавы хлеб. Так, адзін і той жа «Літоўскі» з кменам у лютым можна было знайсці па 1,54 руб. — цяпер ён каштуе 1,69 руб. Цана павялічылася на 9,7%.

Павялічыць

Цікава, што пшанічны тоставы хлеб «Чайный», які не ўваходзіць у спіс «замарожаных» тавараў, з лютага вырас на 26%: з 1,5 руб. да 1,89 руб.

Тушку бройлера можна было набыць па 2,29 рублі за кіло, цяпер — больш за 5

Філе кураняці-бройлера каштавала 7,99 руб. за 1 кг — зараз 8,35 руб., але за 850 г. Вылічваем — і атрымліваем 9,82 руб. за кілаграм. Даражэй на 22,9%.

Тушка кураняці-бройлера каштавала ў лютым у «Грыне» 2,29 руб. Аналагічнай маркі цяпер няма. А можна знайсці «Халяльную» па 5,32 руб. за кілаграм. Дарэчы, што цікава, і ў е-дастаўцы кілаграм тушкі-бройлера ад «Пятрухі» каштуе прыкладна на такім жа ўзроўні — 5,19 руб.

Павялічыць

Свіная шыя ў звычайныя не акцыйныя дні ў «Віталюры» каштавала 12,79 руб. за кілаграм, а цяпер — 15,99 руб. Рост склаў 25%.

Кілаграм лапатачнай часткі свінні ў той жа краме можна было набыць за 8,29 руб., цяпер цана вырасла да 10,49 руб. Рост увогуле склаў 27%.

Павялічыць

Свіны фарш «Новы» ў лютым можна было набыць па 7,49 руб. А цяпер ён падаражэў на 36% і каштуе па 10,19 руб. за кілаграм. 

Што тычыцца каўбас, каторыя таксама ёсць у спісе, то вараная «Доктарская» (650 грамаў) каштавала ў «Суседзях» 5,92 рубля. У верасні цана засталася той жа.

А вось, напрыклад, «Фінскі сервелат», цэны на які не рэгулююцца, каштаваў 11,49 руб. за кг, а сёння — 15,79 руб., што на 37% даражэй.

На 28% падаражэла і каўбаса салямі «Крамлёўская»: была 10,99 руб. за кіло, а стала на 28% даражэйшай — 14,05 руб.

Яйкі падаражалі на 39%, а малако на 18%

«Малочка» таксама падрасла. Напрыклад, бутэлька малака «Стары Менск», 950 мл у лютым каштавала 1,35 рубля, а цяпер стала 1,59 руб., што на 18% больш.

Павялічыць

Смятана «Здравушка» (тлустасць 15%, вага 400 г.) каштавала 1,55 руб. А цяпер — 1,62 руб. Рост — 4,5%.

Прыкладна на столькі ж (4,4%) падрэсла цана біякефіру «Лёгкая цена». За пачак 930 г. трэба было аддаць 1,12 руб. А цяпер — 1 руб. 17 кап.

Тварог «Беллакт» тлустасцю ў 10% раней можна было набыць па 1,52 руб. за пачак у 200 г. Цяпер цана падрасла да 1,54 руб., ці на 1,3% даражэй.

Павялічыць

Пачак масла «Сялянскае» было 2,89 рубля, а стала — 3,37 рубля. Рост — 17%.

Дзясятак яек у лютым можна было знайсці па 1,99 рубля. Сёння адны з самых танных каштуюць 2,77 руб. А гэта даражэй на 39%.

Садавіна і гародніна значна патаннелі

Зразумела, што садавіна і гародніна ў лютым будуць нашмат даражэйшымі, чым у верасні. Так, напрыклад, буракі ў лютым каштавалі 1,19 рубля за кілаграм, а цяпер іх можна знайсці па 0,79 рубля. Морква прадавалася па 1,38, а цяпер — па 0,89.

Павялічыць

Больш чым напалову патаннелі памідоры «сліва», у лютым каштавалі 4,79 рубля, а цяпер 2,09. Гуркі ўвогуле скінулі больш за 70%: зімой цана была каля 8 рублёў, цяпер можна знайсці за 2.

Бульба ўзімку каштавала 1,39 рубля за кілаграм, а цяпер яе можна знайсці на 1,01 рубля, што на 37% менш. А вось апельсіны падаражэлі на 25%: 3,99 рублі супраць 4,99.

Чаму цэны выраслі, нягледзячы на замарозку?

Як адзначаюць абазнаныя ў сферы, рэч у тым, што пасля пандэміі цэны на прадукты растуць ва ўсім свеце. Даражэе той жа самы камбікорм для птушак, ветэрынарныя прэпараты і ўгнаенні. Стрымліваць цэны ў такой сітуацыі — задача вельмі складаная. Таксама, натуральна, ёсць спакуса прадаць прадукцыю на рынкі, дзе цэны вышэйшыя, і зарабіць больш.

«Вытворцы ўжо неаднаразова знаходзілі выйсце з гэтай сітуацыі, — кажуць прадаўцы. — Справа ў тым, што падвышаць цэны нельга на існыя пазіцыі тавараў. Але калі ты ўводзіш новы прадукт, то і цану можаш паставіць новую. Напрыклад, замест сцягна курыцы можна прадаваць мякаць сцягна. І вось ужо кошт вышэйшы.

Таксама вытворцы скарачаюць асартымент для ўнутранага рынку і стараюцца як мага больш пастаўляць на знешні. У прыватнасці, у Расію, дзе цэны не рэгулююцца. Таму часта тых прадуктаў, што вы куплялі раней, можа і не быць».

Нагадаем, дзяржрэгуляванне цэнаў працягнулі да 31 снежня 2021 года. Але пры гэтым МАРГ будзе дазваляць падымаць цэны пры неабходнасці, як гэта было з алеем, рысам і мясам.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30