Знайсці
14.09.2021 / 18:04РусŁacБел

Служыў у войску, сустракаў Кандрусевіча на мяжы. Што вядома пра новага кіраўніка Каталіцкага касцёла

Новым арцыбіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім прызначылі Юзафа Станеўскага. «Наша Ніва» сабрала факты пра новую фігуру і чаканні, якія звязвае з ім касцёл і ўлады. 

Фота Catholic.by

Вырас у вёсцы ў сям'і вернікаў

Станеўскі родам з вёскі Зданевічы, што недалёка ад Гродна. Яму 52 гады. Вучыўся ў школе ў Луцкаўлянах, пасля служыў у войску. 

«Думаю, на яго характар больш паўплывала не вайсковая служба, а тое, што ён паходзіць з традыцыйнай веруючай сям’і і атрымаў адпаведнае выхаванне. Ёй спакойны, добры чалавек»,

— кажа ксёндз Вячаслаў Барок, які разам з будучым арцыбіскупам тры гады вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пасля семінарыі — Станеўскі быў адным з яе першых студэнтаў — маладога Юзафа накіравалі вікарыем у Ваўкавыск.

Вывучаў пытанне разводаў

На гэтым адукацыя будучага мітрапаліта не скончылася. У Люблінскім каталіцкім універсітэце ён стаў магістрам кананічнага права. Абараняў працу на тэму «Працэсуальныя правы бакоў у выпадку скасавання шлюбу». 

З 2005 года быў рэктарам гродзенскай духоўнай семінарыі.

У 2013-м Станеўскага прызначылі дапаможным біскупам Гродзенскай епархіі. Пазней ён абіраўся генеральным сакратаром Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў.

Фота Catholic.by

Добры пастар і кампрамісная фігура

У святарскай супольнасці пра Станеўскага адгукаюцца добра.

«Але шмат хто задае пытанне, ці будзе ён добрым кіраўніком. Адна справа — быць пастарам сваіх вернікаў, зусім іншая — кіраваць і прымаць рашэнні адміністрацыйныя», — разважае Вячаслаў Барок. 

Новага мітрапаліта лічаць кампраміснай фігурай. Верагодна, улады прасілі Ватыкан прызначыць такога кіраўніка касцёла, які б не праяўляў сябе дагэтуль, не заклікаў уладу трымацца закону.

Але кампраміс не значыць кепскі варыянт.

«У Польшчы, напрыклад, Стэфан Вышынскі некалі таксама абіраўся на арцыбіскупа Варшаўскага як фігура кампрамісная для камуністычнага рэжыму. І пры гэтым адыграў пазітыўную ролю ў касцёле, стаў сумленнем не толькі прыходу, але і грамадства. Таму, калі прызначаецца веруючы чалавек, можна надзею мець, што Бог праз яго выканае сваю волю», — кажа Барок.

Біскуп Казімір Велікаселец, які са студзеня быў часовым апольстальскім адміністратарам, наўрад ці мог узначаліць касцёл — праз свой узрост.

Маліўся за вяртанне Кандрусевіча

Калі былы кіраўнік беларускага касцёла Тадэвуш Кандрусевіч аказаўся ў выгнанні, Станеўскі маліўся за яго вяртанне. 9 верасня 2020 года ў гарадзенскім касцёле прайшла служба, прысвечаная гэтаму. Разам са Станеўскім яе вёў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На службе прысутнічала 10 святароў з розных прыходаў.

«Гісторыя паказвае, што тыя, хто марыў стварыць неба на зямлі без Бога, ствараюць пекла. Мы павінны ўвесь час вучыцца мудра і па-божаску выбіраць, умець адрозніваць дабро ад зла, праўду ад хлусні. Гэта няпростае заданне. Мы жывём у свеце, дзе заўважаем змяшчэнне паняццяў і каштоўнасцяў», — прамаўляў Станеўскі.

Па вяртанні Кандрусевіча ў Беларусь ён сустракаў яго на мяжы на машыне.

Заклікаў беларусаў дараваць адно аднаму

Пасля выбараў Станеўскі напісаў калонку, дзе заклікаў людзей адказваць дабром на зло. Прыводзім некаторыя цытаты з яе:

«Вось і настаў апошні летні месяц. Мала хто, напэўна, меркаваў, што ён будзе настолькі гарачым на нашай Бацькаўшчыне». 

«Што мы робім з сынамі і дочкамі нашай Маці-Беларусі?! Напэўна, усе бакі адкажуць, што мы дбаем аб яе дабрабыце, аб сіле і прыгажосці Радзімы. А святы апостал Павел усіх нас, веруючых і няверуючых, дакарае: «Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста. Дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека».

«Дараваць?! Так!!! Як? Згодна з вучэннем Езуса Хрыста і па яго прыкладзе.

«Ці ажно сем разоў?» — пытаецца сённяшні Пётр.
«Ажно семдзесят сем разоў», — і сёння адказвае Езус».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930