Знайсці
13.09.2021 / 17:02РусŁacБел

Пад Масквой затрымалі беларуса, падазраюць у жорсткім забойстве. Раней ён ваяваў на Данбасе ў батальёне «Матаролы» — падрабязнасці

24-гадовы ўраджэнец Астрахані Сяргей Веранікін прыехаў на заробкі ў Маскву ў пачатку чэрвеня. 10 верасня яго труп з нажавымі раненнямі і слядамі ад збіцця знайшлі ў двары жылога дома ў падмаскоўных Кацельніках. Хутка затрымалі і падазраваных, адзін з іх — ураджэнец Бабруйска.

Першапачаткова некаторыя СМІ сцвярджалі са спасылкай на экстранныя службы, што мужчына сам выкінуўся з акна, аднак пазней паведамленне абверглі.

Сябры загінулага сцвярджалі, што яго збілі да смерці і абрабавалі трое мужчын «каўказскай знешнасці».

З’явілася і відэа камеры на пад’ездзе. Бачна, што чалавека забівалі ў двары.

Пазней трох падазраваных у забойстве затрымалі. Аказалася, гэта 28-гадовы жыхар Краснадарскага края, 37-гадовы раней судзімы дагестанец… і беларус.

Як паведамляецца, яны прызналіся ў забойстве і цяпер знаходзяцца ў СІЗА.

Беларуса завуць Дзмітрый Макарэвіч, яму 28 гадоў.

Макарэвіч родам з Бабруйска. Жанаты, мае сына.
Адслужыў у пятай брыгадзе спецназа ў Мар’інай Горцы (дарэчы, менавіта вайскоўцы пятай брыгады разганялі леташнія пратэсты ў Брэсце, падчас гэтага быў забіты Генадзь Шутаў). 

«У войску ўсё больш-менш роўна было. Дзмітрый трохі склізкі, а так норм, — згадвае пра яго былы саслужывец. — Склізкі — значыць можа адказнасць узяць на сябе, а пасля саскочыць.

Цяпер мы зносін не падтрымлівалі. Усё, што ведаю: Дзмітрый і яшчэ адзін наш спецназавец па прозвішчы Савіч ваявалі на Данбасе, калі канфлікт там толькі пачынаўся».

Украінская база «Міратворац» сведчыць, што Дзмітрый сапраўды ваяваў на Данбасе ў складзе батальёна «Спарта». Менавіта гэты батальён узначальваў Арсен Паўлаў, больш вядомы як «Матарола».

Пазыўны Дзмітрыя быў «Макар». У сакавіку 2015 года яму паранілі абедзве нагі, у 2016 зноў атрымаў раненні.

Пра яго ўжо нават пісала «Еўрарадыё»:

«Служылі ў адной роце. Потым я даведаўся, што спачатку на вайну паехаў адзін чалавек, потым Макарэвіч. Ён і мне прапаноўваў, і іншым, — распавядаў мінчук Павел С. — Я кажу: «У мяне Радзіма тут, у Беларусі, сям'я тут. Гэта не мая вайна». Гэта іх рашэнні. Наколькі я ведаю, з'ехаўшы туды, яны разышліся з жонкамі. Цяжка сказаць, што здарылася, чаму яны туды паехалі добраахвотнікамі».

У самаабвешчанай Наваросіі абодва беларусы здабылі аўтарытэт, атрымалі ад сваіх камандзіраў шэраг узнагарод. Абодва ўдзельнічалі ў баях на тэрыторыі Данецкага аэрапорта.

Інтарэсы Макарэвіча можна прасачыць па яго падпісках у сацсетках. Паблікі РНЕ, іншая баркашоўшчына, дапамога Наваросіі, батальёны Данбаса, ветэраны Данбаса… Фотаздымкі палявых камандзіраў Гіві і Матаролы з подпісам «Вечная слава героям». Ну і фота самога Дзмітрыя ў шаліку з надпісам «Я русский».

Развалены данецкі аэрапорт. Макарэвіч злева

У 2018 годзе Макарэвіч вярнуўся ў Беларусь памяняць пашпарт. Яго затрымалі нібыта за хуліганку.

Маці Дзмітрыя расказвала тэлеканалу, цяпер прызнанаму экстрэмісцкім, што яе сын заступіўся за сябра, была бойка. У выніку Макарэвіча пакаралі 1,5 гадамі калоніі.

Адсядзеўшы, ён паехаў у Расію. Чым гэта скончылася, ужо вядома — забойствам Сяргея Веранікіна.

Праўда, астраханскі сябар забітага Веранікіна кажа, што той таксама вёў зусім не бязгрэшны лад жыцця:

«Ён прыязджаў туды на працу. Гуляў, кайфаваў з хлопцамі, з тымі ж каўказцамі. Яно ўсё было чакана: Сяргей то працаваў, то «рухаўся» па рэчах. Краў рэчы часам. Ён не вельмі прыстойны лад жыцця вёў, таму, можа, яны нешта не падзялілі ці яшчэ што? Усякае можа быць».

Іншы сябар загінулага расказаў падрабязнасці:

«Іх там было двое: Сяргей і Аляксандр. За імі ці то прыглядвалі, ці то што, незразумела. Бо да іх падляцелі гэтыя трое, на Аляксандра накінулі пятлю, спрабавалі задушыць.

А Сяргея адразу ўдарылі нажом у шыю, там каля дзясятка раненняў. Яго білі, нагамі ў твар таксама. І абрабавалі.

Аляксандр змог вырвацца і збегчы».

У Расіі дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне, таму максімум, што пагражае забойцам — пажыццёвае зняволенне. 

Цяпер патрыёт рускага свету «Макар» хутчэй за ўсё правядзе вельмі доўгі тэрмін у сапраўднай рускай калоніі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера