Лукашэнка: Беларусь не будзе размаўляць з Захадам, пакуль не будуць знятыя «бязмозглыя санкцыі»
Пра гэта ён заявіў сёння журналістам на Абуз-Лясноўскім палігоне падчас наведвання вучэнняў «Захад-2021».
БелТА
Гаворачы, у прыватнасці, аб міграцыйным крызісе на еўрапейскай мяжы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні мяч на баку заходніх партнёраў.
«Хочаце жыць бяспечна — прыязджайце. Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя пытанні. Але пакуль не будуць знятыя гэтыя бязмозглыя санкцыі і прыніжэнне нашых патрыятычных людзей, з імі размаўляць ніхто не будзе, на калені мы не станем», — цытуе Лукашэнка БелТА.
Ён дадаў, што заходнія санкцыі апынуліся бяздзейнымі, таму ў Беларусі не перажываюць аб новых магчымых абмежаваннях.
«Хочаце дапамогі — паводзьце сябе дастойна. Не трэба нас лічыць нейкімі другараднымі людзьмі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас ёсць усё для таго, каб абараніць нашу краіну ад любых замахаў».