Знайсці
12.09.2021 / 11:10РусŁacБел

«Ніякай яснасці». Як расійская прэса адрэагавала на сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, пасля якой было заяўлена аб узгадненні ўсіх 28 саюзных праграм інтэграцыі (раней гаварылася пра больш чым 30 дарожных карт) пакінула больш пытанняў, чым адказаў як у беларусаў, так і ў расіян. Паглядзелі, як на яе адрэагавалі расійскія СМІ.

«Коммерсант»: Інтэграцыю можна і тармазіць

Узгадненне 28 саюзных інтэграцыйных праграм і ў Маскве, і ў Мінску назвалі важным крокам да стварэння дзвюма краінамі адзінай эканамічнай прасторы. Гэта сапраўды выглядае так, аднак дакумент аформлены такім чынам, што інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве можна фарсіраваць, але можна і тармазіць, адзначае выданне.

«Невядома, калі праграмы будуць рэалізаваныя, — згодна блізкая да перамоваў крыніца «Коммерсанта», якая прасіла не называць яе краінавую прыналежнасць. — Пакуль гэта пратакол аб намерах. Усё трэба прапускаць праз урад і парламенты. І ёсць магчымасць усё прытармазіць — не буду казаць кім».

Намёк відавочна быў на Лукашэнку.

Газета лічыць, што кропку або крыж на адносінах Мінска з Захадам ставіць усё ж рана. Лукашэнка проста з Крамля звернецца да заходніх краін, што адвярнуліся ад яго: «Бачыце, яны з намі размаўляць не могуць, таму што там быццам бы ці то прэзідэнт нелегітымны, то ўлада не такая. А вось з талібамі — гэта іншае, як у нас кажуць, гэта іншае, там яны могуць размаўляць і весці дыялог».

Расійскае выданне лічыць, што гэта запрашэнне пагаварыць аб тым, куды Лукашэнка завядзе Беларусь, калі Захад працягне яго ігнараваць.

Lenta.ru: Амбіцыі Саюзнай дзяржавы моцна знізіліся

Вынікі перамоваў у інтэрв'ю выданню ацаніў палітычны аналітык Міжнароднай маніторынгавай арганізацыі CIS-EMO Станіслаў Бышок.

Паводле яго слоў, аб зніжэнні амбіцый сведчыць той факт, што пытанні палітычнай інтэграцыі і адзінай валюты пастаўленыя бакамі на паўзу.

Ён дадаў, што ёсць стрыманы аптымізм адносна крокаў на шляху да стварэння эканамічнай базы пад інтэграцыю.

«Але, з іншага боку, гэта ж аджылы марксізм. Можна ўспомніць расійска-ўкраінскія адносіны да 2014 года, дзе эканамічная база даходзіла да ўзроўню эканамічнага сімбіёзу. Тым не менш палітычная надбудова апынулася мацнейшай, а жаданне ўкраінскіх уладаў ісці ў Еўрапейскі Саюз — больш важкім, чым эканамічная база, завязаная на Расію», — рэзюмаваў палітолаг.

Pravda.ru: Пуцін саступіў Лукашэнку, але выйграў

Саюз Расіі і Беларусі вынырнуў з нябыту, і ў яго ёсць перспектывы. Гэта, магчыма, пачатак шляху па збіранні краін постсавецкай прасторы і сігнал Захаду, піша выданне.

Пуцін саступіў Лукашэнку ў эканамічных пытаннях, але за апошнім «даўжок» — палітычная інтэграцыя, лічыць журналіст.

«Стварэнне органа, які будзе кантраляваць «гарманізацыю» падатковых сістэм, — гэта тыя самыя наднацыянальныя органы, якія нібыта пакуль вырашылі не ствараць. Адзіная абаронная прастора таксама прадугледжвае наднацыянальны ўзровень.

На саміце быў зроблены рэальны крок па шляху інтэграцыі, бо ўсяго толькі паўтара года таму Беларусь імкліва сыходзіла ад Расіі на Захад. Саюз вынырнуў з нябыту, і ў яго ёсць перспектывы. Гэта архіважна для Расіі, гэта, магчыма, пачатак шляху па збіранні краін постсавецкай прасторы і нават далей — Усходняй Еўропы», — пішуць журналісты.

Regnum: Лукашэнка бачыць у адносінах з Расіяй толькі фактар захавання сваёй улады

Узгадненне 28 саюзных праграм Расіі і Беларусі — падзея важная, але аглядальнік Regnum Міхаіл Дзямурын перасцерагае ад таго, каб лічыць, што з іх узгадненнем будучыня расійска-беларускіх адносін стане цалкам яснай.

Застаецца зусім не зразумелым палітычны бок расійска-беларускага аб'яднання.

Што будзе ў выніку: адзіная дзяржава, канфедэрацыя, саюз дзвюх незалежных дзяржаў?

На думку эксперта, Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца шчырым прыхільнікам расійска-беларускага саюза. Ён разглядае саюзныя адносіны толькі як фактар захавання і ўмацавання ўласнай улады.

Цяпер каментатар не бачыць у Беларусі ні моцных прарасійскіх палітыкаў, ні грамадска-палітычнай сілы, якая выступае за ўмацаванне Саюзнай дзяржавы, ні росту падтрымкі ідэі расійска-беларускага аб'яднання — хутчэй, наадварот.

ТАСС: Аб паглынанні гаворкі не ідзе

Працэс паглыблення інтэграцыі паміж Масквой і Мінскам будзе ісці больш актыўна пасля падпісання Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам 28 саюзных праграм, але аб паглынанні Беларусі Расіяй гаворка не ідзе. Такое меркаванне ў пятніцу ў размове з карэспандэнтам ТАСС выказаў генеральны дырэктар Расійскага савета па міжнародных справах Андрэй Картуноў.

Падпісанне пагадненняў значна палегчыць двухбаковае супрацоўніцтва ў галіне эканомікі.

«Пуцін і Лукашэнка будуць пазбягаць любых рашэнняў і фармулёвак, якія можна будзе трактаваць як паглынанне Беларусі Расіяй. Усе разумеюць, што гэта створыць шмат праблем. Можа быць, беларускі нацыяналізм не вельмі моцны, але ён існуе, і такое рашэнне яго можа падагрэць.

Акрамя таго, цалкам ясна, што на Захадзе гэта будзе ўспрынята як «чарговая праява расійскага экспансіянізму» і можа нават справакаваць нейкія дадатковыя антырасійскія акцыі», — сказаў Картуноў.

«Новые Известия»: Лукашэнка дыктуе Маскве сваю волю, выкарыстоўваючы блеф і шантаж

Мяркуючы па тым, якія ўмовы выстаўляе Лукашэнка Крамлю, ні аб якой інтэграцыі дзвюх дзяржаў у найбліжэйшыя гады гаворкі быць не можа, піша выданне.

«І гэта ж пры тым, што доўг Беларусі перад Расіяй складае 18,1 млрд даляраў, а ўсе рэзервы беларускага Нацбанка — толькі 7,8 млрд даляраў. То-бок Мінск не выжыве без падтрымкі Крамля!

І тым не менш, Лукашэнка круціць крэдыторам як хоча, выкарыстоўваючы блеф і шантаж. Унікальны стан рэчаў… Геніяльныя (у двукоссях) геапалітыкі сядзяць у Маскве, калі хутка яны за 20 гадоў давялі простую і зразумелую сітуацыю ў Саюзнай дзяржаве да такога дзікага стану…» — піша СМІ.

«Новая газета»: Адзіная канкрэтыка — адмена абмежаванняў на авіярэйсы

Адзіная канкрэтная заява на сумеснай прэс-канферэнцыі Лукашэнкі і Пуціна — аб адмене «кавідных» абмежаванняў на расійска-беларускія авіярэйсы, піша газета.

«А для таго каб на прэс-канферэнцыі прагучала хоць бы нешта не занадта абстрактнае і можна было назваць папярэднюю ёй сустрэчу гістарычнай, было ўрачыста абвешчана, што ўсе «кавідныя» абмежаванні з авіяперавозак паміж Расіяй і Беларуссю здымаюцца, і хутка рэйсаў будзе столькі ж, колькі да пандэміі — 200 на тыдзень.

Праўда, такога роду пытанні вырашаюцца звычайна ў працоўным парадку, на ўзроўні ўрадаў і без прыцягнення вясельных генералаў, але калі гаворка ідзе аб выбарчых тэхналогіях, то для прыгожага завяршэння кампаніі проста неабходна зрабіць падарунак людзям. Дык вось вам авіярэйсы ў вялікай колькасці. Ляціце, галубы! І памятайце, хто даў вам крылы», — піша журналістка.

«Московский комсомолец»: Незразумела, што стаіць за «гарманізацыяй»

Мішусцін і Галоўчанка падпісалі 28 саюзных праграм, напярэдадні ўхваленых Пуціным і Лукашэнкам. Але гэта ўсё яшчэ прамежкавы этап. Пакуль што відавочна, што бакі дамовіліся аб «гарманізацыі» практычна ва ўсіх сферах, але што стаіць за гэтымі словамі, па-ранейшаму не зразумела, піша газета.

Па словах Рамана Галоўчанкі, рэалізацыя саюзных праграм павінна прывесці да «выраўноўвання сацыяльна-эканамічных умоў» для грамадзян Расіі і Беларусі і «роўных магчымасцяў на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў».

Што гэта азначае на практыцы — у прыватнасці, які ўзровень пенсій і іншых сацыяльных выплат прадугледжвае гэта «выраўноўванне», — даведацца не ўдалося. Ніякай канкрэтыкі па змесце праграм на пасяджэнні Саўміна прадстаўлена не было.

Яснасці не дадалася нават па такім збітым пытанні, як адмена роўмінгу. У дакуменце, апублікаваным па выніках пасяджэння, адзначаецца, што функцыянаванне адзінага рынку сувязі і інфармацыі прадугледжвае «адмену роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы», але ў якія тэрміны гэта адбудзецца, па-ранейшаму не вядома.

Агульны рынак газу не пачне дзейнічаць з 1 снежня 2023 года, як падумалі некаторыя. І Беларусь не будзе купляць расійскі газ па цане, усталяванай для Смаленскай вобласці, як марыць Лукашэнка. Да гэтага яшчэ павінна адбыцца «збліжэнне ўмоў гаспадарання», а калі гэта здарыцца і ці здарыцца ўвогуле — аднаму Богу вядома.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930