Знайсці
10.09.2021 / 14:17РусŁacБел

«Не бачу магчымасці ўзгадніць падатковыя кодэксы, каб не страціць суверэнітэту». Што кажуць эксперты пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі

Адбылася чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна са справаздачай аб узгадненні усіх 28 саюзных праграм інтэграцыі (раней было больш за 30 дарожных карт). Але ўсяго таго асноўнага, што Лукашэнка просіць у Расіі, учора здабыта не было: ні кампенсацыі падатковага манеўру, ні газу па цане як для Смаленскай вобласці.

«Наша Ніва» пагаварыла з прадстаўнікамі бізнэсу, дыпламатамі, палітыкамі і эканамістамі. Як варта ацэньваць вынікі сустрэчы? 

«У выніку сустрэчы Пуцін чарговы раз прадэманстраваў, што кантралюе Беларусь»

Аналізуючы палітычныя аспекты сустрэчы, памочнік Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі лічыць, што ўсё гэта — дэструктыўна і не адпавядае нацыянальным інтарэсам. 

«У выніку сустрэчы Пуцін чарговы раз прадэманстраваў, што кантралюе Беларусь і прымае лёсавызначальныя рашэнні, а Лукашэнка паказаў чыноўнікам і сілавікам, што ў яго ўсё яшчэ ёсць саюзнік.

Фота: dw.com

Сустрэчамі з Пуціным і абмеркаваннем карт, якія выцякаюць з антыканстытуцыйнай дамовы аб гэтак званай «саюзнай дзяржаве», наданнем гэтаму нібыта «значнасці» Лукашэнка таксама адцягвае рашэнне сапраўды значных для беларускага грамадства праблем. 

А Расія працягвае займацца палітычным авантурызмам, анансуючы нейкія дамоўленасці з тым, хто не прызнаны ўнутры краіны і за межамі.

Тым самым Расія насуперак словаў таго ж Пуціна і Лаўрова аб тым, што «беларусы павінны самі вырашыць унутраныя супярэчнасці», не дае беларусам іх вырашыць самім, бо яны, абяцаючы нейкія крэдытныя грошы, тым самым падтрымліваюць адзін з бакоў. 

Але сэнс у тым, што з падпісаннем гэтых дамоваў Лукашэнка стане непатрэбны Расіі.

Іх галоўная задача — узмацніць кантроль над Беларуссю, пры гэтым не шляхам дарагой і небяспечнай ваеннай акупацыі, а нібыта больш доўгім, але і больш надзейным шляхам «інтэграцыі», — сказаў Кавалеўскі. 

«Як паказвае практыка, ніякага кантролю за выкананнямі дамоўленасцяў у нашым рэгіёне няма»

Адзін з беларускіх дыпламатаў на ўмовах ананімнасці пракаментаваў сустрэчу так:

«Лукашэнка ў 2020 годзе паслядоўна разбурыў знешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі, замацаваўшы краіну ў сферы расійскага ўплыву з мэтай застацца пры ўладзе.

Афіцыйная рыторыка яго спатканняў з Пуціным нагадвае паход за гарызонт — вынікі нібы аддаляюцца, калі да іх набліжаешся.

Але рэальныя наступствы «інтэграцыі» пакуль што не перагукваюцца з «дарожнымі картамі» — за год Лукашэнка пагадзіўся на размяшчэнне ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў і ўзбраення, перанакіраванне экспарту з літоўскіх партоў на расійскія, ужыванне Расгвардыі для падаўлення пратэстаў.

Пра ступень зліцця войскаў можна меркаваць па словах Лукашэнкі аб «адной арміі» і знішчэнні беларускай культуры на карысць расійскай — такі вынік пакідае моладзі чалавек, моцным бокам якога ўсяго два гады таму лічылася абарона незалежнасці.

Што датычыць саміх «дарожных карт», то ў бытнасць у Беларусі Бабіча, калі гэтыя працэсы актывізаваліся, сэнс навязвання гэтых пагадненняў тлумачыўся тым, што расіян вельмі моцна раздражняла роля Беларусі як хаба па пастаўцы шэрых тавараў у Расію.

Нешта, напрыклад, адмену ўказа аб нулявой растаможцы, рускім удалося адмяніць і без інтэграцыйных карт, я думаю, што і большасць іншых пытанняў можна было вырашыць, прынамсі, у рамках ЕАЭС.

Зрэшты, як паказвае практыка, ніякага кантролю за выкананнямі дамоўленасцяў у нашым рэгіёне няма — ну была ў нас дамова аб рэадмісіі з ЕС, і што, мы яе выконвалі? Думаю, расіяне таксама гэта ўсё разумеюць», — кажа дыпламат. 

«Адзіная валюта без бюджэтнага аб’яднання можа выклікаць сур’ёзныя крызісы»

З эканамічнай часткай гэтых ацэнак згодна навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова. 

Фота: onliner.by.

«Адзіная грашова-крэдытная палітыка» — гэта пра стаўку рэфінансавання, пра таргетаванне інфляцыі, пра памеры грашовай масы — у гэтых пытаннях складана інтэгравацца на прынцыпах гэтак званай «саюзнай дзяржавы», дзе прадугледжаны нібыта роўны ўдзел Беларусі і Расіі, бо для гэтага трэба або адна валюта, або або адзін рэгулятар, які гэта будзе вызначаць, і вось тут — тупік.

Як паказвае досвед еўразоны, нават адзіная валюта без бюджэтнага аб’яднання можа выклікаць сур’ёзныя крызісы, калі ў эканомік розныя трэнды — Германіі, напрыклад, трэба моцны еўра, а Грэцыі слабы.

Абодва цэнтрабанкі — і беларускі, і расійскі, — не хочуць адзінай валюты, бо губляецца эфектыўнасць грашовай палітыкі, якая не можа адпавядаць патрэбам кожнай эканомікі паасобку. 

«Агульныя плацежныя сістэмы і плацежная прастора» — гучыць зычна, але найхутчэй гаворка пра тое, што карты «Мір» і «Белкарт» будуць працаваць на тэрыторыі дзвюх краін. PayPal, напрыклад, працуе ў 200 краінах свету. 

Пакуль што страты суверэннасці эканамічнай палітыкі не відаць. Нават у адміністраванні падаткаў абмежаваліся ўскоснымі, дзе найчасцей бываюць злоўжыванні і спробы выкарыстоўваць Беларусь як афшор. Можна згадаць схемы з рээкспартам і растваральнікамі. Я так разумею, Расіі, якая недаатрымлівала падаткі, гэта моцна не падабалася», — кажа Барнукова. 

«Нават ЕС не патрабуе падатковай гарманізацыі»

Мы таксама спыталі меркаванне пра сустрэчу ў аднаго з заўважных бізнэсменаў на ўмовах ананімнасці.

«Я не бачу рэальных магчымасцяў узгадніць падатковыя кодэксы, каб не выклікаць хаос фінансавай сістэмы, не стаць пры гэтым падатковым рэгіёнам РФ і не страціць суверэнітэт.

Нават ЕС не патрабуе падатковай гарманізацыі, у розных штатах ЗША дзейнічаюць розныя падатковыя рэжымы. Калі ўявіць, што нам у снежні скажуць, што са студзеня пераходзім на расійскія падаткі — гэта катастрофа для бухгалтэрыі, гэта канец многім існым бізнэс-схемам, канец свабодным эканамічным зонам і ПВТ. 

У краін розныя структуры эканомікі: яны зарабляюць на вуглевадародах, мы зарабляем на іншым, у іх малым бізнэсам лічыцца адно, у нас іншае. Словам, я не думаю, што тут нешта можна зрабіць аднамомантава, думаю, што гэтая «гарманізацыя» ў цяперашнім выглядзе, а значыць ніякім, можа цягнуцца бясконца.

Але самая важная мая думка ў тым, што ўсе гэтыя «эканамічныя карты» ў рэальнасці зусім не тое, чым трэба лячыць праблемы нашай эканомікі. Нашы рэальныя праблемы зусім іншыя і дамовамі з Расіяй не вырашаюцца — гэта пытанне ўнутранай эканамічнай палітыкі», — сказаў «Нашай Ніве» беларускі бізнэсмен. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930