Знайсці
10.09.2021 / 11:13РусŁacБел

Паводзіны кошкі, перавозка насарогаў і прыліплая да асфальту гумка. За што далі сёлета Шнобелеўскую прэмію

У Гарвардскім універсітэце 9 верасня прайшла цырымонія ўручэння Шнобелеўскай прэміі, якую даюць за самыя абсурдныя дасягненні. Мерапрыемства зноў прайшло ў анлайн-фармаце з-за каранавіруса. Пераможцам уручаюць «грашовую прэмію» ў выглядзе банкноты ў 10 мільярдаў зімбабвійскіх долараў — падробленай купюрай, паведамляе Бі-бі-сі.

Stock

Прэмію па біялогіі атрымала Сюзан Шэц (Швецыя) — за «аналіз розных варыянтаў мяўкання, буркатання, віскаў, стогнаў, шыпення і іншых спосабаў камунікацыі, якія кошкі выкарыстоўваюць для кантакту са сваімі ўладальнікамі».

Экалогія: атрымалі Лэйла Сатары, Альба Гюлен, Анхела Відэль-Верду і Мануэль Поркар (Іспанія, Іран) — яны збіралі прыліплую да тратуараў жавальную гумку і на працягу трох месяцаў вывучалі, як змяняецца яе хімічны склад і якія бактэрыі з'яўляюцца на яе паверхні. 

Прэмію па хіміі падзялілі адразу 10 навукоўцаў, якія замяралі склад паветра ў кіназалах і выявілі, што канцэнтрацыя пэўных рэчываў там змяняецца ў адпаведнасці з тым, што адбываецца на кінаэкране, і залежыць ад эмацыйнай рэакцыі гледачоў — на сцэны гвалту, нецэнзурную лаянку і г.д.

Лаўрэатам прэміі па эканоміцы стаў Паўло Блавацкі, які высветліў, што ўзровень успрымання карупцыі ў той ці іншай краіне моцна карэлюе з узроўнем атлусцення мясцовых чыноўнікаў міністэрскага ўзроўню.

Прэмію па медыцыне атрымалі чацвёра навукоўцаў з Германіі, Турцыі і Брытаніі, якія даказалі, што аргазм можа прачышчаць нос не горш, чым кроплі ад насмарку.

Шнобелеўскую прэмію міру заваявалі амерыканцы Ітан Бесерыс, Стывен Нэйлуэй і Дэвід Кэры, якія праверылі — на спецыяльных муляжах, не на людзях — сваё меркаванне, што бароды і вусы ў мужчын першапачаткова прызначаныя для таго, каб абараняць скуру і косці ад удараў у бойцы. Гіпотэзу, на думку даследчыкаў, удалося даказаць: як паказалі эксперыменты, валасы паглынаюць да 37% энергіі ўдару.

Прэмія па фізіцы дасталася групе навукоўцаў з Нідэрландаў, Італіі, Тайваня і ЗША за працу пад назвай «Заснаванае на фізіцы мадэляванне і прадстаўленне даных аб папарным узаемадзеянні пешаходаў». Мэтай працы было высветліць, як пешаходам атрымоўваецца пазбягаць пастаянных сутыкненняў з іншымі пешаходамі.

Нарэшце, Шнобелеўскую прэмію ў галіне транспарту атрымалі адразу трынаццаць навукоўцаў з Намібіі, ПАР, Танзаніі, Бразіліі, Брытаніі і ЗША за даследаванне, ці бяспечна пераносіць чорных насарогаў па паветры ўверх нагамі.

Гэта насамрэч зусім не абсурднае пытанне: менавіта так, прывязанымі за ногі да верталёта, перавозяць насарогаў паміж арэаламі пасялення (каб яны памнажаліся і не выраджаліся) у афрыканскіх запаведніках, і ветэрынары разам з Намібійскага міністэрствам навакольнага асяроддзя зацікавіліся, ці не шкодзіць такі спосаб перавозкі здароўю жывёл. Высветлілася, што зусім не шкодзіць.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930