Знайсці
08.09.2021 / 21:09РусŁacБел

Яніна Мельнікава пасля сутак: Кожны паасобку выглядаў як чалавек, а ўся сістэма пазбаўленая хоць якога гуманізму

Галоўны рэдактар «Зялёнага партала» распавяла «Салідарнасці» пра сваё затрыманне і пра 72 гадзіны на Акрэсціна.

Яніна Мельнікава трое сутак правяла ў ізалятары на Акрэсціна. Раніцай 3 верасня да яе прыйшлі з ператрусам у межах крымінальнай справы. Але затрымалі чамусьці за супраціў работнікам міліцыі.

У панядзелак быў суд, які прысудзіў Яніну да 95 базавых велічынь штрафу. Пасля гэтага журналістку адпусцілі. «Салідарнасць» першай даведалася ў калегі пра яе стан і ўражанні ад прыгодаў.

«Пост у Фэйсбуку іх раззлаваў»

— Усё пачалося 3 верасня каля 8:30 раніцы. Да мяне пагрукаліся ў дзверы, грукалі так пераканаўча і гучна, што сумненняў не было, хто і навошта прыйшоў. Тым больш вочка ў дзвярэй было зачынена і я не магла нічога бачыць.

Паспела напісаць пост у Фэйсбуку: «Да мяне прыйшлі». На большае ў мяне не хапіла ні сіл, ні фантазіі. Рукі, шчыра кажучы, трохі трэсліся. Пост іх раззлаваў, яны даведаліся пра яго практычна адразу.

Яны ламалі дзверы: працэдура для іх была нескладаная, але гэта дало мне час напісаць у сацсетцы, падыхаць і падрыхтавацца.

Я не магу казаць, у межах якой крымінальнай справы да мяне прыходзілі. Так, быў ператрус. Не сказала б, што вельмі жорсткі. Забралі мой тэлефон, камп'ютар, цвёрдыя дыскі. Уласна, больш нічога. Іх цікавілі лічбавыя носьбіты.

«Пасадзілі ў клетачку»

— Потым мяне павезлі на допыт — ён быў кароценькім, нічога асаблівага. А далей пачалося самае цікавае. Мяне адвезлі ў РУУС. Там мне ніхто не сказаў, што я затрыманая. Тым не менш мяне пасадзілі ў клетачку і сказалі крыху пачакаць.

Праз некаторы час мне прыносяць пратакол аб супраціве міліцыі. Я яшчэ доўга сядзела і чакала, што ж будзе далей. У ноч на 4 верасня мяне адправілі на Акрэсціна.

«Кожны паасобку выглядаў як чалавек»

— Натуральна, гэта не санаторый і не курорт. Я ўпершыню трапіла ў такое месца. Не магу сказаць, што работнікі гэтай установы ставіліся да мяне вельмі жорстка і з непрыязнасцю. Кожны паасобку нават выглядаў як чалавек.

Уся сістэма ў цэлым пазбаўленая ўсякага гуманізму. Ты знаходзішся ў ІЧУ, яшчэ не было суда, які тэарэтычна цябе можа апраўдаць, але стаўленне — як да чалавека, які ўжо ўчыніў правапарушэнне. Ты ходзіш з рукамі за спінай, стаіш тварам ля сцяны, кожную раніцу і вечар праверкі.

Спачатку нас было ў камеры чатыры чалавекі на тры месцы, і першую ноч я правяла на лавачцы. Паколькі я была вельмі стомленая, то мне нават было зручна. Потым нас стала пяцёра на тры месцы.

Вядома, у нас не было ніякіх матрацаў і коўдраў, было досыць холадна. Вельмі ратавалі медыцынскія маскі, калі іх надзець на твар, то здавалася, што нос не так мерзне, і ты саграваешся сваім дыханнем.

«А дзе матрацы?»

— У нас была «палітычная» камера. Са мной была калега, якая мае непасрэднае дачыненне да эколагаў — Наталля Герасімава. Была дзяўчына, затрыманая ў «Корпусе», — Ліза Неўмяржыцкая. І яшчэ пенсіянерка, да якой прыйшлі на дачу і забралі за рэпост (цяпер многіх бяруць за гэта, яна ўжо сядзела другі раз).

У апошні дзень засялілі жанчыну, якую ўзялі з алкагольным ап'яненнем на аўтавакзале. Калі яна толькі зайшла ў камеру, то найперш спытала: «А дзе матрацы?»

Мы ёй усё растлумачылі. Мы добра чулі, як мужчынам з суседніх камер крычалі, каб яны скруцілі матрацы. Нам скручваць не было чаго. Мы, у сваю чаргу, былі здзіўленыя, што гэтую жанчыну ў РУУС частавалі цыгарэтай і выводзілі пакурыць, пакуль мы сядзелі ў клетках.

«Ежа не была агіднай»

— Можа, я не вельмі пераборлівая, але я не магу сказаць, што ежа была агідная або вельмі нясмачная. У прынцыпе, яе можна было есці. Гэта такія савецкія катлеты з хлеба, якія мы ўсе елі ў дзяцінстве; кашы; супы — не на булёне, але ядомыя. Нічога сапсаванага або такога, каб выклікала агіду, не было.

Вада, зразумела, была толькі з крана. Не самая лепшая, але і не найгоршая ў Мінску. Узвары, кісялі два разы на дзень (кармілі тройчы).

«Паўтарала: «Не вер, не бойся, не прасі»

— У мяне цукровы дыябет, быў з сабой інсулін. Пры любой просьбе яго адразу ж выдавалі. Калі я прасіла вымераць цукар, то не ўсе фельчары былі гэтаму рады, але нехаця ўсё рабілі. Мне пашанцавала, што мой інсулін скончыўся роўна ў панядзелак, калі і быў суд.

Родныя, вядома, спрабавалі перадаць, але былі выходныя, ніхто нічога не браў. У панядзелак, магчыма, і ўзялі б, не было стаўлення: «Памрэш тут — ну і добра».

Калі я ў РУУС спытала, ці не бессэнсоўна пытацца ці прасіць апавясціць родных, то мне сказалі: «Ну што вы, цяпер усё паведамім, дзе вы». Нічога не паведамілі.

Я сабе ўвесь час паўтарала знакамітую фразу: «Не вер, не бойся, не прасі». Якімі б мілымі і ўсмешлівымі яны ні былі, але 2/3 з таго, што яны казалі, — гэта падман. Тым больш, калі я ўбачыла пратакол аб супраціве, як я спрабавала ўцячы і махала рукамі.

«Суд заняў пяць хвілін»

— Суд у маім выпадку быў наступным: я, суддзя, сакратар і канваір. Гэта заняло хвілін пяць. Быў сведка, які нібыта бачыў, як я адмаўлялася выходзіць з машыны і супраціўлялася. У мяне да яго не было ніякіх пытанняў, я ўжо была на такіх судах. Я патлумачыла сваю пазіцыю, суддзя, не аддаляючыся, вынес пастанову — 95 базавых штрафу.

Сума дзіўная. Мабыць, гэта за маю ветлівасць, што я не задавала лішніх пытанняў, затое мы пагаварылі аб экалагічнай сітуацыі, аб складанасцях паступлення на журфак.

«Я не вельмі давала сабе надзею»

— Я не магу сказаць, што рыхтавалася да сутак, мне гэтага не хацелася: не самыя камфортныя ўмовы ў маім жыцці. Але галоўнае — адчуванне несправядлівасці. Ты бачыш, што на цябе склалі пратакол, дзе няма ні слова праўды, і такіх пратаколаў можа быць колькі заўгодна.

Калі трапляеш унутр, то ёсць адчуванне, што гэта можа доўжыцца бясконца. Я не вельмі давала сабе надзею, але і не ўяўляла, як гэта ўсё будзе на сутках.

Мы параіліся з адвакатам і вырашылі ўсё ж высветліць, што ж гэта было. Зусім незразумела, навошта мяне павезлі ў РУУС, у рамках чаго. Супраціў — гэта тое, што яны аформілі па факце, але не тлумачаць, навошта павезлі туды.

«Арганізм працуе на адрэналіне»

— Штраф, хутчэй за ўсё, прыйдзецца заплаціць. Што тычыцца маёй працы, то я была «там» у выходныя, у мяне ёсць канкрэтныя абавязкі. Мы літаральна да майго затрымання запусцілі новую версію сайта, якую трэба дакруціць, дарабіць. Гэта тое, чым я планую займацца ў найбліжэйшы час.

У мяне адчуванне, што арганізм і псіхіка пакуль працуюць на нейкім адрэналіне, але не ведаю, што будзе далей. Магчыма, патрэбны будзе нейкі адпачынак або выдых.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера