Знайсці
08.09.2021 / 08:21РусŁacБел

Дзяржава падарыла прыватнай ахоўнай структуры тры гектары зямлі і 2200 «квадратаў»

Як стала вядома «Нашай Ніве», нядаўна таямнічая прыватная ахоўная арганізацыя «ГардСэрвіс» атрымала ад дзяржавы шчодры падарунак — на безвыплатнай аснове фірме падораны вялікі комплекс, які раней належаў БФСА «Дынама». 

БФСА «Дынама» курыруецца Саветам бяспекі і мае дзесяць заснавальнікаў: МУС, Пагранічны камітэт, Пракуратуру, МНС, Мытны камітэт, ДФР, КДБ, Службу бяспекі прэзідэнта, СК, Дзяржкамітэт судовых экспертыз. 

Да нядаўняга часу БФСА «Дынама» ў Мінску належаў вялікі комплекс па вуліцы Карвата, 85 разам з прылеглай тэрыторыяй у 3,6 гектара.

Выгляд будынка з тэрыторыяй са спадарожніка

Але летам зямля разам з будынкамі адышла прыватнай структуры «ГардСэрвіс». У кадастры значыцца, што мэтавае прызначэнне ўчастка ў чэрвені змянілася. Цяпер ён служыць «для абслугоўвання аб'екта будаўніцтва «Узвядзенне вучэбна-трэніровачнага комплекса».

Сам будынак плошчай 2196 кватратных метраў таксама належыць «ГардСэрвісу». У апісанні сказана, што на тэрыторыі маецца тэнісны корт, трэніровачная пляцоўка, атлетычны сектар, футбольнае поле і інш. 

Падстава рэгістрацыі: «Дамова паміж БСФА «Дынама» і Таварыствам з абмежаванай адказнасцю «ГардСэрвіс» ад 04.09.2020 №02.01-02/48сп аб прадастаўленні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі». 

Колькі каштуе такі ўчастак, сказаць складана, бо звычайна пытанне коштаў вырашаецца ў залежнасці ад таго, у якіх мэтах будзе выкарыстоўвацца зямля.

Напрыклад, у гэтым жа раёне прадаюць 7 сотак за $90 тысяч пад будаўніцтва прыватнага дома. Калі экстрапаляваць, то 3,6 гектара па такіх цэнах каштавалі б каля $4,6 мільёна даляраў.

Між тым, плошча будынка сувымерная з асобнымі карпусамі Ваеннай акадэміі. Колькі ён каштуе, падлічыць яшчэ больш складана. Вядома, што ў пэўны час кіраўніцтва БФСА «Дынама» мела ідэю стварыць на базе гэтай тэрыторыі цэнтр для падрыхтоўкі замежнага спецназа. 

Агулам жа комплекс выкарыстоўваўся для трэніровак беларускіх спецыяльных атрадаў. 

Нам не ўдалося звязацца з кіраўніцтвам БФСА «Дынама», каб праясніць абставіны дзіўнага падарунка: выпадкі, калі дзяржава дорыць такую колькасць уласнасці, сапраўды рэдкія і ўнікальныя.

«ГардСэрвіс» — першая прыватная ахоўная арганізацыя, супрацоўнікі якой, згодна з указам Лукашэнкі №277, маюць права на нашэнне і ўжыванне баявой зброі. 

Эксперты сыходзяцца на думцы, што дзейнасць арганізацыі накіраваная на замежжа — ахову тых беларускіх аб'ектаў у Лацінскай Амерыцы і Афрыцы, для аховы якіх немагчыма прыцягнуць рэгулярныя сілы. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031