Знайсці
07.09.2021 / 15:05РусŁacБел

«Нутром чую, ёсць у нас нафта». Ці рэальна Беларусь можа забяспечыць сябе «чорным золатам» і наколькі гэта нам дапаможа

Падчас сустрэчы з кіраўніком «Беларусьнафты» Аляксандрам Ляхавым Лукашэнка выказаўся наконт здабычы нафты ў Беларусі. Ён адзначыў, што было б добра нарасціць здабычу ўдвая, да 3-3,5 мільёнаў тон. «Гэта рашэнне праблемы для краіны, мы забудзем пра ўсякую залежнасць», — адзначыў ён і дадаў, што, калі б Беларусь здабывала 8-9 мільёнаў тон нафты, то жыла б лепш, чым самыя багатыя краіны. Ці можа Беларусь забяспечыць сябе нафтай у такіх аб'ёмах і наколькі рэальна гэта нам дапамагло б.

Пра што гаворка?

Беларусь стала здабываць нафту яшчэ ў 1965 годзе. Асноўнае месца здабычы — Прыпяцкі прагін. З таго часу ўжо здабыта больш за 138 мільёнаў тон нафты. У лепшыя гады максімальная здабыча складала 7,96 мільёны тон у год, але потым упала.

Так, з 1997 года Беларусь здабывае 1,6-1,7 мільёны тон у год. Асноўнае прадпрыемства — «Рэчыцанафта».

Як адзначыў Аляксандр Ляхавы ў эфіры канала «Беларусь 1», толькі за 8 месяцаў бягучага года «Беларусьнафта» здабыла мільён тон нафты і плануе выйсці на паказчык у 1,7 мільёны.

Што абмяркоўвалі на нарадзе?

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на нарадзе — гэта павелічэнне здабычы айчыннай нафты.

«Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром чую, што там ёсць нафта, якую мы яшчэ не бачым, — сказаў Лукашэнка. — Вы вывучалі гэтую праблему. Калі вы штосьці прапануеце, я гатовы ў гэтым непасрэдна ўдзельнічаць. Але так, каб мы нарасцілі здабычу нафты пры нашай з вамі жыцця хоць бы да 3-3,5 млн тон. Гэтае рашэнне праблемы для краіны. Мы забудзем пра ўсякую залежнасць».

«Я да гэтага часу лічу, што гэта сумны момант, калі пасля адкрыцця перспектыўных радовішчаў у Беларусі мы ў свой час (да нас з вамі яшчэ) здабывалі больш за 8 млн тон нафты, — адзначыў ён. — Мы выпампавалі сваю нафту, таму што памылкова лічылі, што ў нас мора нафты ў Беларусі. Можа, у нас нешта там і ёсць, нейкае мора, якое мы з вамі яшчэ не знайшлі. Гэта галоўная тэма сённяшняй гутаркі. Але калі б нам сёння 8-9 млн тон нафты, мы б жылі лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планеты. Але, на жаль, такога няма».

Якія запасы нафты ў нас ёсць?

Міністр прыроды Андрэй Худык у мінулым годзе заяўляў, што ў Беларусі адкрыта 87 радовішчаў нафты. З іх распрацоўваецца 60.

«На жаль, запасы нафты за 45 год скараціліся са 160 млн тон да крыху больш за 51 млн тон, то бок больш, чым у тры разы. Пры сённяшнім узроўні здабычы нафты мы забяспечаны ўласнай сыравінай яшчэ на 30 год, — адзначыў ён. — Такі каштоўны цяпер для нашай эканомікі рэсурс патрабуе досыць вялікіх фінансавых укладанняў у яго пошук і разведку».

Пры гэтым нават сам «Белнафтахім» адзначае, што беларускія радовішчы нафты цяжкадаступныя.

«Такі каштоўны цяпер для нашай эканомікі рэсурс патрабуе досыць вялікіх фінансавых укладанняў у яго пошук і разведку», — дадаваў і міністр прыроды Андрэй Худык.

Колькі нафты патрэбна Беларусі?

Для ўнутранага спажывання — каля 5 мільёнаў тон у год. Пры гэтым цяпер беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы гатовы перапрацаваць 8-9 мільёнаў тон, а потым патэнцыйна гэтая лічба можа ўзрасці да 12-18 мільёнаў тон.

Ці зможа краіна нарасціць здабычу?

«Безумоўна, уласная нафта — гэта заўсёды добра, гэта сыравіна, гэта магчымасць не залежаць ад імпарцёру, — адзначае эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак. — Тым не менш, трэба нагадаць, што Беларусь пакуль што купляе нафту даволі танна, бо падаткавы манеўр у Расійскай Федэрацыі не завяршыўся. Розніца паміж мытамі на нафту і нафтапрадукты дае магчымасць Беларусі зарабляць».

Па словах Манёнак, наша краіна падчас усёй сваёй незалежнай гісторыі зарабляла на таннай расійскай нафце. Асабліва ў гады добрай кан'юнктуры рынка.

«Што да сваёй нафты, то «Беларусьнафта» імкнецца і выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб павялічыць здабычу. Але ж гэты прырост — 20-30 тысяч тон у год. Мы бачым, што здабыча падрастае не такімі тэмпамі, як камусьці марыцца, — адзначае экспертка. — Пакуль складана казаць, што беларусы могуць неяк значна падвысіць аб'ёмы ўласнай нафты».

Таццяна Манёнак адзначае, што ў павелічэнні аб'ёмаў могуць дапамагчы расійскія радовішчы, якія зараз актыўна распрацоўвае беларуская кампанія «Янгпур», што нядаўна набыла «Пурнафту».

«Мяркуецца, што дзесьці да 2025-2026 года павялічыць здабычу да 1,7 мільёны тон у год. Прыкладна столькі сёння здабывае і «Беларусьнафта» на тэрыторыі Беларусі», — кажа Манёнак.

То бок, з дапамогай здабычы ў Расіі цалкам верагодна выйсці на 3-3,5 мільёны тон у год. Але здабыць і перапрацаваць нафту — мала, патрэбна яе яшчэ прадаць. І тут узнікае пытанне з санкцыямі.

«Як яны будуць працаваць, як будзе далей, як гэта адаб'ецца на эканоміцы, мы не ведаем. Многія украінскія партнёры ўжо непакояцца, як будуць праходзіць разлікі з Беларуссю, — кажа Манёнак. — Тым не менш па ўскосных дадзеных можна зрабіць вывад аб тым, што зменшыліся аб'ёмы перапрацоўкі. Апошнія месяцы змяншаюцца. І калі Беларусь будзе шукаць шляхі абыходу санкцый, у любым выпадку гэта новыя выдаткі».

Што было б, калі б Беларусь здабывала 8-9 мільёнаў тон нафты? Ці выратавала б гэта нас?

«Наўрад ці, вядома, — лічыць акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова. — 9 млн тон нафты гэта 66 мільёнаў барэляў. Калі выказаць здагадку, што кошт нафты $70 за барэль, было б дадатковых $4,6 мільярда ў год або плюс 7% ВУП. Сапраўды, здаецца што гэта здольна вырашыць усе нашы праблемы (і гэта праўда так — у кароткатэрміновым перыядзе), але трэба разумець, што гэта не крыніца пастаяннага росту.

ВУП бы вырас адзін раз на 7% за кошт здабычы, і далей проста заставаўся б на гэтым павышаным узроўні. Пры гэтым, вядома, адставанне Беларусі нават ад некаторых суседзяў складае значна больш, чым 7%. У Польшчы, напрыклад, ВУП на душу па парытэце пакупніцкай здольнасці вышэй на 60%».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930