Знайсці
07.09.2021 / 12:22РусŁacБел

Найлепшы беларускі шахматыст: «Ужо паўгода жыву ў Расіі. У Беларусі я не патрэбны…»

Уладзіслаў Кавалёў — адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у першую сотню гросмайстраў свету. Пасля выбараў у мінулым годзе Уладзіслаў падпісаў адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Беларускі гросмайстар распавёў «Народнай Волі», чаму ён ужо паўгода жыве з сям’ёй у суседняй краіне.

Шахматыст павінен быў удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі, але за некалькі гадзін да старту прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў турніры.

«Гэта было даволі нечаканае рашэнне і для мяне самога, — распавядаў гросмайстар «Народнай Волі». — Яшчэ зранку я меў намер удзельнічаць у чэмпіянаце, адмыслова рыхтаваўся да яго і збіраўся стаць пераможцам. Не было ніякіх папярэдніх планаў адмаўляцца ад першынства і рыхтаваць нейкі дэмарш. Але мяне да гэтага падштурхнулі.

Падчас адкрыцця чэмпіянату да мяне падышла намесніца дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі і ўручыла дадатковае пагадненне да кантрактаў спартсменаў. У дакуменце быў прапісаны шэраг абмежавальных пунктаў, якіх раней не было. Наколькі я зразумеў, гэта было звязана з падзеямі, якія адбыліся ў краіне пасля выбараў і з тым, што многія спартсмены выказалі сваю пазіцыю, што адрозніваецца ад «генеральнай».

Натуральна, мяне абурылі гэтыя абмежаванні. Мы маем Канстытуцыю, а людзі маюць права на абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Чаму нейкія спартыўныя чыноўнікі абмяжоўваюць мае правы?

Адным словам, я адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне, за што мяне адразу ж паабяцалі звольніць. Прыйшоў дадому, яшчэ раз усё ўзважыў, пра ўсё падумаў і вырашыў, што такі дакумент падпісваць не буду.

Акрамя таго, прыняў рашэнне наогул не ўдзельнічаць у чэмпіянаце. І гэта быў правільны ход. Разам са мной адмовіліся выступаць на першынстве і яшчэ некалькі шахматыстаў».

Пасля звальнення з Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па пагадненні бакоў Уладзіслаў Кавалёў працаваў сам на сябе. Адкрыў шахматную анлайн-школу, і гэта было пэўнай крыніцай прыбытку.

А на пачатку гэтага года шахматыст паведаміў, што пакінуў Беларусь.

«Адзін спартыўны чыноўнік мне сказаў: «Вы ж разумееце, што, калі падпісалі ліст супраць гвалту, вы не зможаце тут знаходзіцца», — распавёў Уладзіслаў. — Я адказаў: «Разумею, але прыбіраць свой подпіс не буду». Іншага варыянта ў мяне не было, а таму і з’ехаў».

Гросмайстар больш не прадстаўляе Беларусь у шахматных спаборніцтвах. Насупраць яго прозвішча ў афіцыйным рэйтынг-лісце пазначана: Міжнародная федэрацыя шахмат (FIDE).

Дарэчы, не так даўно каманда «Свабодныя шахматысты Беларусі» стала пераможцам анлайн-турніру ў першым дывізіёне бундэслігі на адной з шахматных гульнявых платформаў. За каманду выступаюць такія вядомыя беларускія шахматысты, як Уладзіслаў Кавалёў, Андрэй Жыгалка, Яўген Агрэст, Яўген Падольчанка, Дзмітрый Буланаў, Валерый Казакоўскі…

— Па-ранейшаму жыву ў Расіі, займаюся сваёй шахматнай школай, — распавядае Уладзіслаў. — Часам на нейкія турніры выязджаю. Пандэмія, безумоўна, унесла карэктывы ў графік спаборніцтваў, але нешта праходзіць. Хаця на ўсе сто працэнтаў не можаш быць упэўнены, што турнір адбудзецца, нават калі раней пра адмену ніхто і не заяўляў. Таму вельмі складана нешта планаваць на больш-менш далёкую перспектыву. Як кажуць, жывём сённяшнім днём.

— За зборную Беларусі выступаць ужо не будзеце?

— На цяперашні момант не збіраюся, тым больш што за паўгода, як з’ехаў з краіны, з Беларускай федэрацыі шахмат са мной ніхто не выходзіў на сувязь. Абсалютна ніякіх прапаноў, таму я гэта расцэньваю так: не маюць патрэбы ў маіх паслугах. Дык навошта мне выступаць за зборную, калі не маюць нічога прапанаваць?

— Ад іншых краін прапаноў не было?

— Прапановы былі, але, скажам так, не канкрэтныя. Таму пакуль бяру ўдзел у турнірах у статусе нейтральнага іграка.

— А з прадстаўнікамі Федэрацыі шахмат Расіі не гаварылі?

— Не бачу вялікага сэнсу, бо ў Расіі хапае і сваіх моцных шахматыстаў. Думаю, я ім не вельмі патрэбен, ды і мне гэта асабліва не трэба.

Таму проста жыву ў Расіі, займаюся сваімі справамі, і мне тут падабаецца. Нават і не ведаю, ці збіраюся вяртацца ў Беларусь. Пакуль такіх планаў няма.

Тут мяне цэняць больш, чым дома, тут і шахматы больш папулярныя, чым у Беларусі. Пастаянна запрашаюць на розныя мерапрыемствы, на самай справе ставяцца як да гросмайстра.

— Адаптацыя да новага месца прайшла нармальна?

— Без усялякіх праблем. Я пастаянна раз’язджаю па турнірах, таму для мяне жыццё ў іншай краіне і змена месца дыслакацыі — звыклая справа. Тым больш што і жонка пераехала разам са мной, так што не сумую ў адзіноце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930