Знайсці
06.09.2021 / 15:22РусŁacБел

«Гэта асабістая помста Лукашэнкі за смеласць двум выбітным беларусам». Што кажуць пра прысуд Калеснікавай і Знаку

10 і 11 гадоў калоніі — столькі далі Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай за ўдзел у выбарчай кампаніі. «Наша Ніва» сабрала рэакцыю палітыкаў і грамадства на прысуд.

Максім Знак і Марыя Калеснікава на абвяшчэнні прысуду. Скрыншот «РІА Навіны»

Святлана Ціханоўская:

«Рэжыму б вельмі хацелася бачыць Макса і Марыю раздушанымі і знясіленымі. Але мы бачым нашых герояў моцнымі і вольнымі ўнутры. Яны выйдуць на волю значна раней. Выдуманыя для іх тэрміны не павінны палохаць нас, бо Максім і Маша гэтага б дакладна не хацелі. Яны б хацелі, каб мы ўспомнілі, як усміхаецца Маша, і паслухалі, як спявае Максім».

Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай:

«Гэта быў не суд, а фарс. Імітацыя ад пачатку да канца. Ніякіх доказаў. Не было нават спробаў даказаць «віну». Гэта асабістая помста Лукашэнкі за смеласць двум выбітным беларусам. З аднаго боку, балюча назіраць за гэтым фарсам. З іншага боку, адчуваю гонар — за Максіма і Марыю, — што не скарыліся. Пра такіх, як яны, кажуць: чалавек са стрыжнем».

Уладзімір Някляеў, паэт:

«У крымінальнай справе Калеснікавай і Знака няма нічога крымінальнага і не можа быць, бо яны проста ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі згодна з Канстытуцыяй. Паколькі законы ў нас цяпер не дзейнічаюць, а дзейнічае права, так скажам, асабістага подпісу пад судовым вырашэннем, ніхто не чакаў, што будзе ўлічана, што людзі не парушалі законаў. І тым не менш тое, што сёння агучана ў судзе, мяне асабіста страшэнна ўразіла. 

Гэта сведчыць толькі пра адно — пра пасылы на Захад пра гатоўнасць рэжыму да нейкіх перамоў, зменаў у сваёй палітыцы ў адносінах да грамадства. Насамрэч рэжым не збіраецца гэтага рабіць і ўсяляк дэманструе, што грамадства будзе пад прэсам катаванняў і здзекаў да той пары, пакуль не прызнаюць правату.

Тут узнікае палітычны тупік, з якога звычайнымі спосабамі, па-мойму, немагчыма выйсці. І што рабіць у такіх варунках — я ламаю галаву больш за год і не знаходжу адказу. Бо такой сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, на маёй памяці не было і няма практыкі, як яе вырашыць».

Сяргей Зікрацкі, адвакат:

«Я пэўны час быў абаронцам Максіма Знака і бачыў тады частку матэрыялаў справы, абвінавачанне, якое было на той момант выстаўлена. Я абсалютна ўпэўнены, што гэта незаконны прысуд і няма ніякіх доказаў, што Максім і Марыя здзяйснялі проціпраўныя дзеянні. І закрытае пасяджэнне якраз сведчыць пра адсутнасць доказаў.

Мы цудоўна ведаем, які аб’ём матэрыялаў справы быў, і тое, што гэта ўсё разгледзелі менш чым за месяц, неверагодна. Звычайна пасяджэнні мусілі б быць на некалькі месяцаў. Гэта паказвае, як яны спяшаліся вынесці прысуд, і яшчэ раз падкрэслівае: ён абсалютна неабгрунтаваны. 

Вельмі складана даваць прагнозы пра стан Максіма, бо я раней ніколі не быў крымінальным адвакатам і не бачыў, што з людзьмі робіць зона, якімі яны выходзяць пасля таго, як адбываюць пакаранне. Я бачыў Максіма, пакуль у мяне яшчэ была адвакацкая ліцэнзія. І калі мы сустракаліся ў СІЗА, ён быў аптымістычны, захоўваў сілу духу, і я вельмі спадзяюся, што яму ўдасца яе захаваць і надалей».

Любоў Собаль, расійскі апазіцыйны палітык: 

«Жахлівыя прысуды, жорсткія. Больш, чым даюць забойцам. Вінаватыя яны толькі ў тым, што дапамагалі Святлане Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе перамагчы Лукашэнку, а пазней адстойвалі правы беларусаў жыць у нармальнай квітнеючай краіне.

Зычу Максіму і Марыі трываласці і здароўя. Ніколі не была знаёма асабіста, але цяжка не захапляцца іх сілай духу. Ніякія прысуды не адменяць народную любоў і падтрымку».

Кацярына Сныціна, баскетбалістка:

«10 і 11 гадоў пазбаўлення волі для людзей, якія хочуць толькі аднаго — зрабіць краіну лепшай. Нічога іншага ад рэжыму я не чакала. Кожны такі прысуд дае мне сілаў і злосці працягваць даўбіць гэту сцяну. Адзінае добрае, што здарылася сёння, — гэта тое, што тата Машы Калеснікавай сёння трапіў на суд і ўбачыў дачку».

Петэр Стано, прэс-сакратар знешнепалітычнай службы ЕС:

«ЕС шкадуе пра пастаянную абуральную непавагу мінскім рэжымам правоў чалавека і асноўных свабод народу Беларусі. ЕС таксама паўтарае свае патрабаванні аб неадкладным і безагаворачным вызваленні ўсіх палітычных вязняў у Беларусі (у цяперашні час іх больш за 650), уключаючы Калеснікаву і Знака, журналістаў і ўсіх людзей, якія знаходзяцца за кратамі за абарону сваіх правоў. Беларусь мусіць прытрымлівацца міжнародных дамоўленасцяў і сваіх абавязкаў у рамках ААН і АБСЕ. ЕС працягне свае намаганні па прыцягненні вінаватых да адказнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера