Знайсці
04.09.2021 / 09:37РусŁacБел

«Усё было нармальна, як заўсёды, звычайны дзень»: мама загінулага ў Гомелі васьмікласніка распавяла падрабязнасці трагедыі

Учора Гомель скаланула страшная навіна: у школе №38 на перапынку памёр васьмікласнік. І нішто не прадказвала бяды. З раніцы ён паснедаў, сабраўся ў школу і сышоў. А назад не вярнуўся… Што адбывалася ў гэты дзень, што кажуць малодшым братам і сёстрам і аб чым марыў Мікіта, рэдакцыі «Моцных навін» распавялі яго бацькі.

Раніцай у пятніцу, 3 верасня, Мікіта прачнуўся, сабраўся ў школу, паснедаў. «Ён, праўда, штаны цёплыя надзеў, спартыўнага стылю. Я яму яшчэ сказала: Мікіта, ну не ідзі ты ў спартыўным! Апрані ты портачкі, кашульку — прыгожа, табе гэта ідзе». А ён мне: «Ай, мама, ды і так пойдзе». Я і не стала з ім спрачацца. Дала яму тры сасіскі ў цесце з сабой, і ён пайшоў у школу. Усё было нармальна, як заўсёды, звычайны дзень», — успамінае Таццяна, мама Мікіты.

У 14.03 пачуўся тэлефонны званок: патэлефанавала класная кіраўніца, сказала, што Мікіта страціў прытомнасць, прыехала «хуткая». Мама тут жа сабралася і паехала ў школу. Думала: «Ну, зараз забяру дадому, застанецца, усё будзе добра. Узяла яму тры мандарынкі. Так я іх і прывезла назад…»

Прыехаўшы ў школу, трапіць да дзіцяці мама не змагла: яе да яго не пусцілі і нічога не казалі — праводзіліся рэанімацыйныя мерапрыемствы. Але гэта не дапамагло. 14-гадовы Мікіта памёр.

«Пазней сказалі, што з ім у распранальні сядзеў аднакласнік. Яны проста глядзелі тэлефоны. І тут Мікіту стала дрэнна, адзін нават падумаў, што ён смяецца з нас. А потым у Мікіты пайшла пена з рота, і ён пачаў хрыпець. Тут жа паклікалі медсястру», — распавядае Таццяна.

Па яе словах, «хуткую» выклікалі ў 13.20. Праз 10 хвілін медыкі былі на месцы, праз яшчэ 10 хвілін пад'ехаў рэанімабіль. «Усе разам яны спрабавалі яго выратаваць, — кажа мама. — Гэта значыць, літаральна за 20 хвілін яго не стала. Яны проста не паспелі. Калі б адразу прыехаў рэанімабіль, яны б, можа, і паспелі, але ў першай «хуткай» проста не было патрэбнага абсталявання, ім не патлумачылі, што адбылося з дзіцем».

Што стала прычынай смерці, невядома. Праводзіцца праверка, прызначана судова-медыцынская экспертыза. Ужо ўчора днём дадому да бацькоў Мікіты прыйшлі з аглядам супрацоўнікі наркакантролю. «Нібыта нехта з хлопчыкаў сказаў, што ў Мікіты «нешта было», — тлумачыць мама. — Але набыць ён гэта сам не мог! Я яму ніколі не давала кішэнныя грошы. Толькі на 1 верасня я яму дала ці то 6, ці то 7 рублёў: ён хацеў купіць шакаладкі сваёй дзяўчынцы і настаўніцы. І ўсё, больш я яму грошай не давала».

Супрацоўнікі наркакантролю ў кватэры нічога падазронага так і не знайшлі.

Мікіта — спартсмен. З чатырох гадоў ён займаецца спортам, праблем са здароўем не было. Да пятага класа ён займаўся спартыўнай акрабатыкай, потым памянялі від спорту — на грэка-рымскую барацьбу. І зноў медалі, граматы, першыя месцы… Пасля шостага класа паспрабаваў паступіць у ліцэй МНС — не атрымалася. Затое яго заўважылі і прапанавалі займацца пажарна-прыкладным спортам. Незадоўга да трагедыі ён у складзе зборнай удзельнічаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах, заняў першае месца. «Іх віншаваў сам Віктар Лукашэнка, медалі вешаў, — успамінае Таццяна. — Сын вярнуўся вельмі радасны, вясёлы, задаволены. Рыхтаваўся да збораў 14 верасня».

Мікіта з шматдзетнай сям'і. Іх было пяцёра. Старэйшы брат, 19-гадовы Ваня, трымаецца і спрабуе падтрымліваць бацькоў. 8-гадовай Сафіі трагічную навіну паведамілі, вядома, яна не змагла стрымаць слёз. Самым малодшым, Дзіму і Дарыне, няма яшчэ і трох гадоў — ім не сталі паведамляць, сказалі, што Мікіта з'ехаў у санаторый.

«Мікіта — вельмі добры і даверлівы хлопчык. Яго лёгка ў што-небудзь уцягнуць. Ён марыў дамагчыся поспеху ў спорце, хацеў стаць чэмпіёнам Беларусі. Хацеў дамагчыся шмат чаго ў сваім жыцці. Быў спагадным. Дапамагаў трэнерам, падтрымліваў сяброў, ладзіў з дзецьмі. Вучыцца не хацеў, на заўвагу мог агрызнуцца, але, думаю, гэта звязана з пераходным узростам», — распавядае пра сына Таццяна.

У першы восеньскі дзень Таццяна з усіх ног бегла за сынам — каб сфатаграфаваць. Падлетак ужо ішоў у школу, як мама спыніла яго ў пад'ездзе са словамі: «Мікіта, дай я цябе хоць сфатаграфую. Бо 1 верасня, 8-ы клас». Тады яна і падумаць не магла, што гэта будзе апошняя фатаграфія ў яго жыцці.

Пахаванне Мікіты адбудзецца ў нядзелю. Хаваць яго будуць у Лоеве, менавіта там ён нарадзіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930