Знайсці
04.09.2021 / 08:51РусŁacБел

«З днішчам!»: як мы дажылі да прававога дэфолту. Пачытайце, што пісаў Максім Знак яшчэ год таму

Адзін з найлепшых юрыстаў Беларусі Максім Знак апошні год знаходзіцца ў СІЗА. Яго судзяць разам з Марыяй Калеснікавай. За што? Дакладна невядома, бо працэс зрабілі закрытым. Пракурор папрасіў максімальны тэрмін — 12 гадоў. Максім, як юрыст, бачыў, як планамерна вынішчаецца законнасць у Беларусі. Пачытайце, што ён пісаў год таму. 

«Праявай прававога дэфолту з'яўляецца юрыдычнае шулерства. З'ява гэта не новая, але цяпер яна дасягнула небывалага росквіту. Выглядае гэта так: юрысты бяруць нейкую сітуацыю, прыводзяць рэальна існыя нормы, але пры гэтым ненавязліва падмяняюць паняцці — і хочуць, каб у свядомасці нешта перамкнула і людзі паверылі, што «па законе» на самай справе так, як эксперты пішуць.

Некалькі прыкладаў.

Тых, хто знаходзіўся на Акрэсціна, прымушалі падпісваць пракурорскае папярэджанне аб тым, што паўторны выхад на мітынг — крымінальная адказнасць. На тое, каб вынесці і падпісаць у дачыненні да кожнага з затрыманых папярэджанне рэсурсаў пракуратуры чамусьці ў тыя дні хапіла, на іншыя дзеянні — не, але гэта іншая гісторыя.

У папярэджанні адзначана, што ў выпадку ПАЎТОРНАГА парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах асоба можа быць прыцягнута да адказнасці па арт. 342 КК.

Склад злачынства, пазначаны ў арт. 342 КК, не ўтрымлівае прыкметы паўторнасці. Ён выкладзены так: «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях».

Любыя такія дзеянні цягнуць крымінальную адказнасць.

Таму папярэджанне пракуратуры аб адказнасці ў выпадку паўторнага ўдзелу — ці то грубая юрыдычная памылка, ці то грознае папярэджанне, што адміністрацыйны склад апрыёры будзе трансфармаваны ў крымінальны. У любым разе людзі, іх сваякі і сябры — вераць.

Паступаюць звесткі, што ў некаторых школах і дзіцячых садках бацькоў просяць падпісаць папярэджанне аб тым, што ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах можа пацягнуць наступствы, прадугледжаныя дэкрэтам №18 ад 24 лістапада 2006 г. № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем'ях».

Мне б хацелася спадзявацца, што гэта няпраўда, але схема тая ж: рэальная норма і «нацягванне» яе на неадпаведную сітуацыю. Нагадаю, паводле дэкрэта №18, дзеці падлягаюць дзяржаўнай абароне і змяшчэнню на дзяржаўнае забеспячэнне ў выпадку, калі выяўлена, што бацькі вядуць АМАРАЛЬНЫ лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзяцей, з'яўляюцца хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі альбо іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, у сувязі з чым яны ЗНАХОДЗЯЦЦА ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Такім чынам, права на ўдзел у мірных акцыях раптам ператвараецца не толькі ў злачынства, але і ў пацвярджэнне амаральнасці аднаго з бацькоў, што стварае пагрозу для дзяцей. Гэта за гранню. Гэта цалкам заслугоўвае нядаўна сфармуляванага віншавання «З днішчам!». 

Стварэнне Каардынацыйнай рады адбывалася галосна і публічна. У рэгламенце КР паказана, што мэта КР — «арганізацыя працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

КР дзейнічае на падставе асноўных прынцыпаў Канстытуцыі. КР не ставіць мэтай захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, не заклікае да арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак».

Азнаёміўшыся з названымі дакументамі, Генеральная пракуратура дае каментар на сваім сайце: «Групай грамадзян Рэспублікі Беларусь 18 жніўня 2020 года заяўлена аб стварэнні Каардынацыйнай рады, мэтамі якой у тым ліку з'яўляецца арганізацыя перадачы ўлады. Плануецца стварыць палітычны орган, які павінен узяць на сябе працэс перадачы ўлады ад дзейнага кіраўніка дзяржавы… Стварэнне і дзейнасць падобнай рады накіравана на захоп дзяржаўнай улады, а таксама прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Затым Генеральная пракуратура заводзіць справу па арт. 361 КК РБ, па якім цяпер ужо дапытаныя амаль усе члены прэзідыума, дапытваюцца члены асноўнага складу рады, і хутка наступіць чарга членаў пашыранага складу (больш за 4000 чалавек).

Сапраўды, заклікі да гвалтоўнага звяржэння законнай улады — артыкул 361 КК. Але зыходзячы з усіх звестак аб дзейнасці КР —зноў падмена паняццяў і відавочны ціск.

Паважаныя калегі-юрысты. Я разумею, што мой заклік прагучыць наіўна, але давайце не будзем займацца юрыдычным шулерствам. Гэта ж забівае ўсю прававую сістэму.

Навошта патрэбныя юрысты, калі яны самі робяць немагчымым і немэтазгодным сваё існаванне?

Я не магу ўявіць музыканта, які свядома разладзіць гітару, каб кожная нота гучала безнадзейна фальшыва.

Я не магу ўявіць архітэктара, які пагодзіцца пакалечыць падмурак будынка, а потым будзе спадзявацца нешта на ім пабудаваць.

І я да гэтага часу не магу зразумець, як ва ўмовах таго, што адбываецца, можна проста маўчаць. А ўжо тым больш як можна свядома скажаць паняцці і займацца прапагандай пад прыкрыццём прававых нормаў». 

Нагадаем, прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку будзе абвешчаны 6 верасня а 12.00 у будынку суда Мінскага раёна. Па законе, абвяшчэнне прысуду павінна быць публічным.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера