Знайсці
03.09.2021 / 13:46

«Я тут кожны дзень». Дар'я Лосік пра тое, як днюе пад сценамі СІЗА, дзе судзяць мужа

Суд у справе блогера і кансультанта «Радыё Свабода» цягнецца ўжо больш за два месяцы. Блізкія палітвязьня ня ведаюць ніякіх падрабязнасьцяў аб працэсе.

Павялічыць

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году. Суд у яго справе пачаўся амаль роўна праз год пасьля затрыманьня, 24 чэрвеня 2021-га. Ігара судзяць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым. Працэс ідзе за зачыненымі дзьвярыма на тэрыторыі гомельскага СІЗА № 3, дзе трымаюць усіх абвінавачаных. Ніхто зь іхных блізкіх ня можа на яго трапіць, усе адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні, яны ня могуць расказваць ня толькі аб падрабязнасьцях справы, але і пра тое, хто судзіць Ігара і іншых і хто прадстаўляе дзяржаўнае абвінавачаньне.

Жонка Ігара Дар’я Лосік ад самага пачатку суду кожны дзень працэсу знаходзіцца побач з будынкам СІЗА ў Гомелі. Ёй адмовілі ў праве прысутнічаць на працэсе, аднак Дар’я ўсё адно чакае вынікаў працэсу там.

«Я тут кожны дзень, з аўторка па пятніцу, як ідзе суд, — расказвае Дар’я. — Прыяжджаю з Баранавічаў у Гомель у панядзелак увечары. Ужо больш за два месяцы так.

Але па-ранейшаму нічога невядома ні пра ход працэсу, ні пра тое, калі ён скончыцца. Ніякіх тэрмінаў не называюць. Я нават ня ведаю, на якім этапе працэс. Мяне тут людзі ўжо пазнаюць часам. Калі надвор’е дазваляе, я тут на лавачцы сяджу, дзе перадачы прымаюць. Людзі падыходзяць пагаварыць, спытаць, як справы.

Я ўжо шмат каго ведаю, хто прыносіць перадачы сваім родным. Ня толькі «палітычным», абсалютна розным людзям».

Па словах Дар’і, у апошнія тыдні сувязь з Ігарам празь лісты наладзілася. Яны вельмі дрэнна даходзілі пасьля пачатку працэсу і прыкладна да 9 жніўня. Але цяпер усё значна лепш.

«Раней альбо адзін ліст даходзіў на тыдзень, альбо ўвогуле нічога, — расказвае Дар’я. — Цяпер стала лепш. Ад 2 да 5 лістоў мне за тыдзень прыходзіць. Я іх атрымліваю, калі вяртаюся з Гомля ў Баранавічы ў пятніцу.

Настрой у Ігара мяняецца вельмі, калі меркаваць па лістах. Піша, што стамляецца ад таго, што нехта вырашыў вось так усё зрабіць. Каб чалавек сядзеў бязь нейкай віны. Піша, што назваць гэта судом у прынцыпе немагчыма, называе працэс «зьдзекамі». Піша, што так і ня змог зразумець падчас працэсу, у чым ён вінаваты. Калі піша пра суд, то само гэтае слова заўсёды бярэ ў двукосьсі. Сама я б назвала гэта ўсё цыркам, але думаю, што цэнзура такі выраз не прапусьціць».

У чым абвінавачваюць Ігара Лосіка, дакладна не вядома. Адвакат ня можа назваць усіх артыкулаў, паводле якіх абвінавачваюць яго падабароннага. Такія ўмовы падпіскі аб невыдаваньні, якую даў абаронца. Вядомыя толькі два з трох артыкулаў абвінавачваньня — частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»), а таксама артыкул 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У канцы жніўня Юры Васкрасенскі заявіў, што ўключыў Ігара Лосіка ў сьпіс першых ста палітвязьняў, якіх ён мае намер прапанаваць вызваліць Лукашэнку. Родныя Лосіка і ён сам гэтай інфармацыі не камэнтуюць. Сяргей Ціханоўскі на пачатку верасьня паведаміў з-за кратаў, што ніхто з абвінавачаных у яго справе прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі не пісаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31