Знайсці
02.09.2021 / 11:44РусŁacБел

«Ні прагулак, ні бялізны, ні матрацаў». Як у Беларусі стварылі сістэму катаванняў у турмах

Былыя сілавікі, якія пакінулі сістэму пасля выбараў, выклалі перамовы кіраўніцтва міліцыі, дзе падрабязна апісваецца, як змяняліся ўмовы ўтрымання ў ізалятарах да затрыманых па палітычных справах. Начальнік Упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргей Нікель загадвае падначаленым па абласцях пазбаўляць людзей элементарнага: прагулак, перадач, пасцельнай бялізны і матрацаў, — усё гэта па законе павінна быць прадастаўлена ўсім без выключэння. Пракуроры, задача якіх сачыць за законнасцю, адзінкава ставяць пытанні аб парушэнні нормаў, аднак міліцыянеры не звяртаюць на гэта ніякай увагі, толькі што стараюцца не дапусціць пракурораў унутр ізалятараў. Апісаныя ўмовы цалкам супадаюць з расповедамі сотняў людзей, якія за апошні год прайшлі праз суткі арыштаў па ўсёй Беларусі. 

Працытуем паказальны дыялог начальніка ўпраўлення Сяргея Нікеля з падначаленым з Гомельскай вобласці Аляксеем Матарасам.

Нікель: Як у вас з гэтымі затрыманымі справы? Што вы там паглядзелі?

Матарас: Паглядзелі, дзе яны ўтрымліваюцца, вызначылі пяць камер. То-бок яны ў нас першапачаткова ўтрымліваліся з асобамі без вызначанага месца жыхарства, скажам так, смярдзючыя і ўсё астатняе такое. Але так, як было па алгарытме напісана — маламеркі (гаворка пра памер камер — НН): вызначылі аднамесныя: двухмесныя, каб яны былі каля выхада, каля туалета, адназначна, і на другім паверсе, таму што першы паверх (нараў — НН) як бы прывілей, таму на другі паверх засяліць, каб ім пагорш было. 

Вызначылі пяць камер, з якіх будзем іх пераводзіць з адной у другую. Перыядычна, 24 гадзіны змяняць, як і прапісана. Замацавалі супрацоўнікаў, якія будуць за гэта адказваць. Апроч таго, вызначыліся, як іх выводзіць, куды будзем прыбіраць матрацы, яны іх насіць не будуць (з камеры ў камеру — НН). Яны будуць у кайданках ісці, міліцыянер будзе несці матрацы.

Нікель: Так, гаворка ідзе пра тое, што матрацаў увогуле не павінна быць. Іх увогуле на павінна быць, матрацаў! Голыя нары!

Матарас: Не, дык гэта днём, так. Іх прыбіраць, калі іх прыносім…

Нікель: Яшчэ раз кажу, увогуле не павінна быць матрацаў! Ні днём, ні ноччу. То-бок яны павінны на голых нарах знаходзіцца, як ва ўмовах штрафнога ізалятара (адмысловае памяшканне, куды трапляюць асуджаныя за крымінальнае злачынства пасля неаднаразовага парушэння рэжыму — НН).

Матарас: Да адміністрацыйнікаў таксама так прымяняецца?

Нікель: І адміністрацыйнікаў, і гэтых таварышаў, якія праходзяць па гэтых справах (гаворка пра крымінальныя справы за палітычную актыўнасць — НН).

Матарас: Дык што, проста ім бялізну даваць?

Нікель: Нічога не даваць! Ні бялізны, ні матрацаў. У камерах гэтага ўвогуле не павінна быць. 

Матарас: Дык а там (дакумент, які вызначае ўмовы ўтрымання — НН) жа напісана, таварыш палкоўнік, бялізна выдаецца з 6 да 22 (гадзін). Забаронена?

Нікель: Там уважліва чытайце. Вось гэты пералік, у пункце 3.2, які паддаецца карэкціроўцы. Разумееце? Яшчэ раз кажу: там не павінна быць ні бялізны, ні матрацаў — голыя нары.

Матарас: Зразумеў. Зараз будзем дадаткова ўводзіць.

Нікель: Голыя нары. Гэта проста трэба патэлефанаваць усім, вусна расказаць. Таму што ў дакуменце там так напісана, яго можна двухсэнсоўна чытаць. І вы як бы зразумелі так, як не трэба разумець. Карэспандэнцыя, значыць, не прыходзіць (у ізалятары — НН) і не выходзіць (з ізалятараў).

Матарас: А мы і так нічога не выдаём.

Нікель: Прагулак няма.

Матарас: Усё адладжана. 

Нікель: Перадачы — мінімум: вада і сухары, на апошні дзень утрымання, адзін раз за ўвесь час знаходжання. 

Матарас: Калі пачынаюць насіць перадачы (сваякі — НН), як было ў Лельчыцах, мы арганізуем суправаджэнне і перавозім іх (затрыманых — НН) у Нароўлю, каб сваякі ездзілі туды і ўсё. Яны паціху абвяшчаюць галадоўку, мы інфармуем пракурора, і кажу, няхай. Звозім у іншыя райаддзелы, у нас не забаронена перамяшчэнне па вобласці, таму мы практыкуем такое. Калі ты толькі заяўляеш галадоўку — у іншы ІЧУ паехаў. Сваякі пачынаюць: падставы для перадачы. Кажам: хочаце — едзьце (у іншы горад, куды адвезлі затрыманага — НН). Толькі прыязджаюць у той ІЧУ — мы адмаўляем. Адразу бяром канваіраў, вязём у іншы ІЧУ. Канвой і суправаджэнне ў нас ёсць, сілаў і сродкаў хапае. Таму будзем вазіць, пакуль будуць ездзіць, каб не дайшло да іх. Кіраўніцтва дало каманду, каб яны не харчаваліся. Няхай, як вы кажаце, вадой і сухарамі харчуюцца. Не задавальняе? Няхай дома сядзяць, менш хадзіць будуць. 

Звяртае на сябе ўвагу, што адказны за ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярнай сістэме Гомельскай вобласці спачатку ўдакладняе ў начальніка з Мінска, ці сапраўды трэба пагаршаць умовы (не выдаваць матрацы), аднак тут жа пагаджаецца на гэта.

І яшчэ адна дэталь — для пагаршэння ўмоваў міліцыянеры гатовыя бессэнсоўна траціць грошы з бюджэту (аплата працы канвою і руху службовага транспарту), каб туды-сюды вазіць па вобласці затрыманых за палітычную пазіцыю. 

Умовы ўтрымання затрыманых па адміністратыўных справах у ізалятарах часовага ўтрымання замацаваныя ва ўрадавай пастанове. Кожнаму чалавеку павінны выдаваць і матрац, і пасцельную бялізну, кожны дзень вадзіць на прагулку, раз на тыдзень — у душ, графік перадач таксама ўстаноўлены, і не аддаваць перадач, па законе, супрацоўнікі ІЧУ не маюць права.

Стварэнне бесчалавечных умоваў — гэта катаванне, здзейсненае ў сувязі з палітычнымі перакананнямі людзей. Гэта асабліва цяжкае злачынства (арт. 128 УК), па якім няма тэрміна даўніны, пакаранне — турэмны тэрмін ад 7 да 25 год, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930