Знайсці
09.05.2022 / 20:42РусŁacБел

«Хтосьці павінен». У 18 гадоў ён трапіў у Асвенцім. У 24 гады — у камуністычную турму. Выжыў і стаў міністрам

Уладзіслаў Барташэўскі пражыў неймавернае жыццё. Выжыў у канцлагеры, напісаў 50 кніг. У 73 гады стаў міністрам замежных спраў свабоднай Польшчы, пражыў 93 гады і да самай смерці працаваў у Канцылярыі прэзідэнта. «Ці было мне лёгка? Не. Але ў якім маральным, гістарычным альбо сацыяльным кодэксе гаворыцца, што жыццё чалавека, нацыі і нават чалавечага віду павінна быць лёгкім? Ну, жыццё не павінна быць лёгкім. Горш, калі яно бывае сумным», — пісаў Барташэўскі. Пра жыццё гэтага светлага чалавека піша ў часопісе «Наша гісторыя» беларус з Бельска-Падляшскага Тамаш Суліма.

Фота Дарыюша Іванскага, Fakt.pl

Пуцёўка ў жыццё

22 верасня 1940 года васямнаццацігадовага Уладзіслава Барташэўскага адправілі ў Асвенцім.

Ішоў другі год Другой сусветнай вайны. У тым самым месяцы Адольф Гітлер быў вымушаны адкласці высадку ў Брытаніі, бо англійская авіяцыя паспяхова адбівалася і нават пачала бамбіць Берлін. У тым жа месяцы італьянскія фашысты ўварваліся ў Егіпет, Японія — у Індакітай, а Савецкі Саюз месяцам раней анексаваў Літву, Латвію і Эстонію.

Па другі бок лініі, праведзенай пактам Молатава — Рыбентропа, у акупаванай Польшчы, ішлі аблавы. Немцы хапалі людзей проста на вуліцах. Ачаплялі квартал, правяралі дакументы і «дармаедаў» адпраўлялі ў канцлагеры. Нацыстам трэба была бясплатная працоўная сіла, а яшчэ больш ім трэба было, каб страх паралізаваў волю да супраціўлення. Усё гэта прыгожа называлася Außerordentliche Befriedungsaktion — «надзвычайныя меры па супакойванні». Але польскае антынацысцкае падполле не спыняла сваёй дзейнасці нават у гэтыя самыя змрочныя дні, калі многім здавалася, што Гітлер і Сталін падзялілі Усходнюю Еўропу навечна.

У той дзень, 22 верасня, у Асвенцім з Варшавы адправілі 1705 чалавек. Так супала, што ў адным эшалоне з Уладкам Барташэўскім у самы страшны канцлагер Рэйха везлі таксама Вітольда Пілецкага.

Польскі афіцэр Вітольд Пілецкі, які спецыяльна трапіў пад аблаву, каб пранікнуць у Асвенцім і стварыць там падпольную арганізацыю. WIKIMEDIA COMMONS

Па заданні падполля — тады яно называлася Саюз узброенай барацьбы, а пасля яго пераймянуюць у Армію Краёву, — ротмістр Пілецкі сам выйшаў у адну з аблаў, каб пранікнуць у Асвенцім, сабраць звесткі пра канцлагеры і стварыць там сярод вязняў падпольную арганізацыю.

Пілецкаму ўдасца і першае, і другое. Польскае падполле першым перадасць брытанскаму ўраду інфармацыю пра гэты канцлагер. Прычым у тым была і заслуга Барташэўскага.

Барташэўскі атрымаў у Асвенціме асабісты нумар 4427 і правёў тут 199 дзён.

«Калі б мне 60 гадоў таму, калі я стаяў скурчыўшыся на пляцы Асвенціма, хтосьці сказаў, што ў мяне будуць сябры немцы, грамадзяне дэмакратычнай, сяброўскай краіны, я б яму сказаў, што ты вар’ят». — Уладзіслаў Барташэўскі ў 2000 годзе.

Выратаваў яго доктар Чырвонага Крыжа, юнака ўдалося пераправіць на свабоду. «Ты ведаеш, што ты мусіш!» — сказаў яму той доктар на развітанне. «Што я мушу?» — «Ты мусіш ведаць

Ведаць — ведаць праўду, запомніць, каб пасля расказаць, сведчыць. Доктара — яго прозвішча было Новак — перавязуць з Асвенціма ў Майданэк, там ён і загіне.

«Усе мы, зняволеныя, былі ў адным Асвенціме, але ў той жа час кожны зняволены быў у сваім Асвенціме, — пісаў Барташэўскі ў кнізе «Мой Асвенцім». — Кругі пекла былі розныя, перажыванні былі розныя. На маю долю выпаў блок падлеткаў і лагерная бальніца. Таму трэба ведаць, што гісторыя Асвенціма — гэта сума асобных лёсаў, пакут і ўспамінаў. Больш за тое, мы не павінны забываць, што гэта назаўсёды будзе недарасказаная гісторыя. Мы ніколі не зможам даведацца досвед соцень тысяч тых, хто быў забіты ў гэтым лагеры».

18-гадовы Уладзіслаў Барташэўскі, вязень канцлагера Асвенцім. WIKIMEDIA COMMONS

Па вяртанні юнак Барташэўскі звязаўся з Саюзам узброенай барацьбы і перадаў усё, што ведаў пра Асвенцім. З гэтага пачалася яго супраца з рухам супраціву.

Ад лета 1942 года ён далучаецца да падпольнага каталіцкага «Фронту адраджэння Польшчы». А ад жніўня таго ж года — да падпольнага Інфармацыйна-прапагандысцкага бюро штаба Арміі Краёвай. Яшчэ праз месяц 20-гадоваму Барташэўскаму даручаюць крайне складаную задачу. Разам з іншымі каталікамі яны ствараюць падпольную Раду дапамогі яўрэям «Жэгота».

Чаму крайне складаную? Бо законы былі такія, што за ратаванне яўрэяў пагражала смерць. Не проста штраф, арышт, турма — смерць. Можна сабе ўявіць, што адчуваў хлопец, які ў 18 гадоў трапіў у Асвенцім. І можна сабе ўявіць, што ты адчуваеш у дваццаць, калі, цудам вырваўшыся з Асвенціма, узвальваеш на сябе такую рызыку. 

Ад Конрада Жэготы

«Ад каго гэтая дапамога?» — пыталіся людзі ў варшаўскім гета пра пасылку з маслам і цыбуляй. — «Гэта вам ад Конрада Жэготы», быў адказ. «Ад каго гэта грошы?» — «Ад Конрада Жэготы».

Конрад Жэгота — такога чалавека не існавала. Гэта была заканспіраваная назва для арганізацыі. Назву ўзялі з паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды», там згадваўся такі персанаж.

Толькі ў Варшаве «Жэгота» ўратавала 2600 яўрэйскіх дзяцей. 1300 з іх разабралі палякі па сем’ях, яшчэ 500 схавалі ў манастырах. 40 тысячам яўрэяў даходзіла грашовая дапамога. Але галоўнай задачай «Жэготы» быў выраб фальшывых дакументаў — аўсвайсаў, метрык аб хрышчэнні, бо фальшывы дакумент даваў шанец выжыць. Усяго іх было выраблена каля 50 тысяч. Фінансаваў усё гэта эміграцыйны польскі ўрад, грошы скідалі брытанскімі самалётамі ў лясы, партызаны Арміі Краёвай перадавалі іх «Жэгоце».

Паралельна Барташэўскі метадычна збіраў дакументы пра нацысцкія рэпрэсіі і жыццё пад акупацыяй. У 1945 годзе на аснове іх ён, 23-гадовы юнак, напіша рапарт «Публічныя расстрэлы ў Варшаве ў 1943—1944 гадах», і ён будзе далучаны да судовых доказаў, якія польская дэлегацыя прадставіць Нюрнбергскаму трыбуналу (глядзі артыкул Андрэя Акушкі ў «Нашай гісторыі» №12/2020).

Пасля было Варшаўскае паўстанне, за дапамогу ў якім 22-гадовы Барташэўскі быў узнагароджаны Крыжам доблесці і атрымаў званне малодшага лейтэнанта Арміі Краёвай. З падполля ён выйшаў у кастрычніку 1945 года.

«Ці было мне лёгка? Не. Але ў якім маральным, гістарычным альбо сацыяльным кодэксе гаворыцца, што жыццё чалавека, нацыі і нават чалавечага віду павінна быць лёгкім? Ну, жыццё не павінна быць лёгкім. Горш, калі яно бывае сумным», — казаў Барташэўскі ў інтэрв’ю. 

Што яму яшчэ трэба?

«У маім выпадку элемент упартасці і супраціву вельмі моцны. Калі я лічу, што мой праціўнік — гэта сілы зла, я заўсёды кажу сабе: раз гэта сілы зла, то, па-першае, праўда на маім баку і Бог дапаможа мне, дасць столькі сілы, колькі мне трэба, каб вытрываць. Па-другое, сілы зла не заслугоўваюць перамогі. І я не зламаюся, бо, зламаўшыся, я б дапамог ім перамагчы! Я зраблю ўсё, каб яны адчулі, што перамога не на іх баку, нягледзячы на ўсю іх усёмагутнасць».

«Хтосьці павінен гэта зрабіць? Хтосьці павінен рэагаваць? Хтосьці павінен супрацьстаяць? Хтосьці павінен пратэставаць? Я сам задаваў сабе гэтыя пытанні. І адказ прыходзіў сам сабою: калі хтосьці, то чаму не я?» — Уладзіслаў Барташэўскі.

Родам Барташэўскі быў са звычайнай сям’і, што называецца, службоўцаў. Хлопец рос у камфорце, што яшчэ яму трэба? Бацька працаваў у банку, дарос да высокай пасады, маці — бухгалтарка. Палітычныя сімпатыі — Польская сацыялістычная партыя, Юзаф Пілсудскі. Вучыўся хлопец у школах «з добрай рэпутацыяй», прыватных, каталіцкіх. У 1939 годзе ён акурат паступіў ва ўніверсітэт на факультэт роднай мовы і літаратуры. Але — вайна. Пачаць вучобу ён зможа толькі пасля вяртання з Асвенціма, у падпольным універсітэце. Універсітэт той рассеяўся падчас Варшаўскага паўстання.

У 1946-м Барташэўскага, як дзеяча апазіцыі, актывіста Польскай сялянскай партыі, арыштоўваюць ужо камуністы. Паўтара года ў турме — і зноў знаходзіцца добры чалавек, які яго вызваліў: суддзя апеляцыйнага суда аказалася яўрэйкай, з якой Барташэўскі сутыкаўся ў «Жэгоце». Яна выпусціла яго на свой страх і рызыку.

Выйшаў з турмы — аднавіўся на трэцім курсе ўніверсітэта.

Праз паўтара года яго зноў арыштоўваюць. Гэтым разам фірмовае для сталінскіх часоў абвінавачванне: шпіянаж. Прысуд — восем гадоў.

Яшчэ адна турма. Ледзь не памёр у турме. Хварэў так, што яго часова вызвалілі для лячэння. А тут і сталінізму канец, у 1955 годзе разам з дзясяткамі тысяч іншых Вярхоўны ваенны суд прызнае Барташэўскага незаконна асуджаным.

У 1958 годзе, у 36 гадоў, Барташэўскі спрабуе давучыцца завочна. Даходзіць да апошняга курса, але ў 1962 годзе, перад абаронай дыплома, рэктар адлічвае яго.

Уладзіслаў Барташэўскі быў, напэўна, адзіным універсітэцкім выкладчыкам без дыплома аб вышэйшай адукацыі. Выкладаў ён у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Сацыялістычная Польшча адрознівалася ў гэтым сэнсе і ад СССР, і ад іншых краін сацлагера, тут заставаліся такія непадкантрольныя астраўкі. 

Дабро і Зло

«Раз актываванае зло можа мець разбуральную сілу. Можа, таму сведкі зла павінны гаварыць пра гэта, не забываючы, што ў Божай задуме побач са злом ёсць і дабро. Гэтае мысленне ў нейкай ступені было мне дадзена. За гэта ўдзячны я Богу, што змог убачыць тое дабро, якое мне было дадзена», — пісаў Барташэўскі.

Перыяд вайны, выпрабаванняў, падполля, турмаў быў надзвычай важным у біяграфіі Барташэўскага, ён сфарміраваў яго на ўсё жыццё. Там, у падполлі, у руху супраціву, ён сустрэў шмат выдатных людзей, якія паўплывалі на яго. Ён не ваяваў са зброяй у руках. Яго барацьба заключалася ў фіксацыі ды раскрыцці злачынстваў акупантаў і дапамозе пераследаваным.

«Выстаяць яму дапамаглі рысы характару: грамадзянская мужнасць, здольнасць адкрыта супрацьстаяць, непадатлівасць і адначасова дакладнасць, метадычнасць, настойлівасць, здольнасць планаваць доўгатэрміновую працу», — пісаў пра яго біёграф Анджэй Фрышке. 

Суп быў яшчэ цёплым

У турмах Міністэрства бяспекі камуністычнай Польшчы Барташэўскі правёў агулам шэсць гадоў і месяц. Вязні паважалі яго за непахіснасць у час следства. Ён не даў сябе застрашыць, не зламаўся і ні на каго не даў паказанняў.

У той жа час ён набыў неацэнны для сябе досвед, седзячы і кантактуючы з афіцэрамі Арміі Краёвай, актывістамі антыкамуністычнага падполля, палітыкамі, навукоўцамі, святарамі і нават са злачынцамі.

«Калі мяне выклікалі на суд, якраз выдавалі абед, калі я вярнуўся з прыгаворам, суп быў яшчэ цёплым», — з іроніяй успамінаў ён потым сваё сутыкненне з «правасуддзем».

Іронія гісторыі была і ў тым, што пракурорка на ягоным судзе — таксама яўрэйка, на яе сумленні сотні такіх зняволеных — будзе дажываць сваё жыццё ў Брытаніі, адбіваючыся ад спроб экстрадыцыі. Брытанцы не выдалі — Польшча абмежавалася тым, што забрала ў яе пенсію.

У Барташэўскага была цудоўная здольнасць без дэпрэсіі пачынаць усё з нуля.

Падчас разгрому нацыстамі Варшаўскага паўстання згарэла яго бібліятэка — 8000 тамоў, а таксама калекцыя падпольных часопісаў і лістовак, загадаў акупацыйных улад, уключаючы амаль усе паведамленні пра расстрэлы. Пасля вызвалення з камуністычнай турмы ён пачаў карпатліва аднаўляць свой збор дакументаў і артэфактаў часоў акупацыі, потым гэтую сваю неацэнную калекцыю ён перадасць бібліятэцы.

«Напэўна, не ўсё вартае ў жыцці аплачваецца. Але яшчэ больш пэўна, што не ўсё, што аплачваецца, вартае ў жыцці» — Уладзіслаў Барташэўскі.

Паколькі навуковага статусу ў Барташэўскага доўгі час не было, яго, як «апазіцыянера», доўгі час не пускалі ў некаторыя архівы, напрыклад, у важны для даследчыка акупацыі архіў Цэнтральнага камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі (так у пасляваеннай Польшчы звалася камуністычная партыя). Тады ён ціха прасіў знаёмых гісторыкаў капіяваць для яго патрэбныя дакументы, напрыклад, якія тычыліся выратавання яўрэяў. У сваю чаргу, пасля Барташэўскі сам, таксама канфідэнцыйна, перадаваў іх праз пасольства Ізраіля ў цэнтр Яд Вашэм у Іерусаліме. 

Няма такога сказа

З 1973 года Уладзіслаў Барташэўскі на працягу дзесяці гадоў выкладае на аддзяленні гісторыі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. У другой палове 1970- х ён уцягваецца ў дзейнасць новага пакалення палітычнай апазіцыі: падпісвае лісты ў абарону палітвязняў і супраць змен у канстытуцыі. Выкладае ў г. зв. «Лятучым універсітэце» — такім жа падпольным, у якім у гады вайны адвучыўся ён сам.

Падтрымлівае «Салідарнасць» (гл. пра гэту арганізацыю у № 9/2020 «Нашай гісторыі»). Калі ўлады ўводзяць ваеннае становішча, Барташэўскага інтэрнуюць на чатыры з паловай месяцы, разам з дзясяткам тысяч іншых апазіцыянераў.

Кнігу Уладзіслава Барташэўскага «Warto być przyzwoitym» («Варта быць прыстойным») можна купіць. 

У інтэрв'ю ў 1986 годзе ён заявіў: «Я не шкадую ні пра адзін напісаны сказ, хаця, напэўна, многае мог бы напісаць лепш, дакладней, разумней. Але няма такога сказа і тым больш абзаца ці артыкула, з-за якога б мне хацелася скрозь зямлю праваліцца».

Гэтыя словы чалавека, якому не было чаго саромецца, былі сказаныя за тры гады да перамоў Круглага стала, якія прывялі да гістарычнага кампрамісу, што адкрыў Польшчы дарогу да дэмакратыі, разам з якой пачаўся бурны эканамічны рост і інтэграцыя ў еўрапейскія структуры. Вось тут інтэлект і досвед Уладзіслава Барташэўскага аказаліся запатрабаваныя напоўніцу.

Чалавек без вышэйшай адукацыі, але найвышэйшай сумленнасці двойчы будзе займаць пасаду міністра замежных спраў краіны. Ён будзе актыўна ўдзельнічаць у новай, ужо дэмакратычнай палітычнай барацьбе, актыўна супрацьстаяць нацыяналістам, падтрымліваць лібералаў, перажываць іх паразы, але гэта ўжо была іншая сістэма і іншая гісторыя.

Магіла Барташэўскіх на могілках Павонзкі ў Варшаве. WIKIMEDIA COMMONS

Уладзіслаў Барташэўскі памёр прыгожым веснавым днём 24 красавіка 2015 года ў Варшаве ў 93 гады. Бог, у якога ён шчыра верыў, аддзячыў яму не самым частым падарункам: да самай смерці гэты чалавек захоўваў чысціню розуму і, унікальны выпадак, да 93 гадоў займаў высокую пасаду дзяржаўнага сакратара ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы.

Тамаш Суліма

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера