Знайсці
04.08.2021 / 11:06РусŁacБел

Мінэканомікі абяцае сярэдні заробак да $1000 праз пяць год. Што яшчэ нам абяцалі і што атрымалася ў выніку?

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч заявіў, што праз пяць год заробкі ў краіне вырастуць у 1,5-2 разы, то-бок да 1883-2510 рублёў або $750-1000. Гэта не першае абяцанне сур’ёзнага росту. Якія лічбы ўлады прагназавалі раней і ці рэальна выканаць новы план?

За 2020 год сярэдні па краіне заробак склаў 1255 рублі або крыху больш за $500. У 2025-м мы мусім атрымаць 1883-2510 рублёў або $750-1000. Рост унутранага валавога прадукту, па прагнозах Мінэканомікі, вырасце ў 1,2 разу.

Абяцалі $1000, не дацягнулі і да $500

Сайт promise.by сабраў абяцанні пра зарплаты, якія давалі нашы чыноўнікі. Так, Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў верасні 2004 года казаў, што ў 2010-м годзе сярэдні заробак беларусаў дасягне $750. 

Першы раз пра магчымы заробак у $1000 улады загаварылі ў 2008 годзе, амбіцыйныя планы будавалі на канец на 2010. Але напрыканцы 2010 года сярэдні заробак быў толькі $530, а ў сумным 2011-м увогуле ўпаў да $300.

У снежні 2010 года, калі стала зразумела, што далёка нават да $750, не кажучы ўжо пра $1000, улады паабяцалі $1000 праз пяць год, значыць, у 2015-м. Але вынік быў сумны — сярэдні заробак склаў $406.

Потым быў доўгі перыяд, калі чыноўнікі змагаліся за магічную лічбу «папяццот». Яе краіна перасягнула ў 2018-м. І вось тры гады ніжэй за гэты ўзровень мы не апускаемся. 

А ў чэрвені бягучага году Лукашэнка ізноў загаварыў пра $700-800 «да канца пяцігодкі». 

— Калі мы за пяцігодку па $700-800 сярэдняга заробку па краіне будзем мець — гэта будзе нядрэнна, а тысячу — цудоўна, — сказаў ён. 

Варта нагадаць, што ў Беларусі сярэднія заробкі вышэй за $600 падымаліся толькі двойчы ў гісторыі — у 2013-м і 2014-м гадах. Дык ці рэальна цяпер дасягнуць абяцанняў $750-1000?

«Эканоміцы трэба расці на 3,7% у год. Гэта небывалыя тэмпы»

«Гэты план з вобласці фантастыкі, — кажа кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. — Першая фантастыка звязаная з ростам ВУП. У бягучай сітуацыі, пад санкцыямі і з той жорсткай манетарнай палітыкай, якую праводзіць Нацыянальны банк, чакаць інвестыцый не даводзіцца. А без інвестыцый не бывае і росту ВУП. Тым больш, згодна з планам росту ў 1,2 разу беларускай эканоміцы трэба будзе расці на 3,7% у год. Для Беларусі гэта небывалыя тэмпы. Калі мы кажам пра натуральны рост, а не рост, раздзьмуты дзяржаўнымі інвестыцыямі».

Другі важны момант, кажа эксперт, больш высокі рост заробкаў, чым ВУП. 

«Для таго, каб заробкі выпярэджвалі рост ВУП, павінны складвацца два моманты. Першы — вялікая колькасць людзей павінна сысці на пенсію і вызваліць працоўныя месцы. Гэты працэс адбываецца і будзе працягвацца (нацыя старэе). Але пры гэтым прадукцыйнасць працы павінна вырасці таксама ў 1,5-2 разы. Увогуле ж, паказчыкі ВУП і заробку звязаныя. Пры гэтым рост заробкаў павінен быць крыху маруднейшым за рост ВУП з умовай, што колькасць працоўных месцаў ранейшая. Калі ж мы кажам пра рост ВУП і такі высокі рост заробкаў, то я б ставіўся да гэтага як да чарговай прапагандысцкай гісторыі, якая не мае пад сабой ніякіх фактычных і аналітычных абгрунтаванняў. Асабліва ў бягучай сітуацыі». 

Кавалкін лічыць, гэтая праграма нарадзілася недзе вельмі блізка каля Лукашэнкі. 

Нават калі зменіцца ўлада, бліжэйшыя пяць год пазітыву ў эканоміцы не будзе

«Уласна кажучы, ад яго жаданняў і намалявалі гэтыя планы. А мы ведаем, што бывае з такімі планамі. Яны не збываюцца, таму што іх малююць не дзеля працы, а каб дагадзіць аднаму чалавеку».

Што павінна адбыцца, каб планы па росту ВУП і сярэдняга заробку ўсё ж сталі рэальнымі? Ёсць некалькі важных умоваў.

«Каб Беларусь не была пад санкцыямі, трэба вярнуць давер інвестараў, трэба стаць адкрытай для заходніх тэхналогій эканомікай, — адзначае Уладзімір Кавалкін. — Пры гэтым важна разумець, што гэта няхуткая песня. Давер разбураецца хутка, а аднаўляецца вельмі доўга. Таму ў бліжэйшыя пяць год, нават калі зменіцца ўлада і з нашай краіны здымуць санкцыі, чакаць шмат пазітыву ад эканомікі не даводзіцца. Павінен прайсці час, людзі павінны прызвычаіцца да новай сітуацыі, інвестары павінны прыгледзецца. І ў такім выпадку яны, магчыма, будуць укладаць грошы ў эканоміку краіны. Што тычыцца абяцанняў, то за іх няма адказнасці. Можна абяцаць бясконца і што заўгодна».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930