Знайсці
03.08.2021 / 22:24РусŁacБел

На Альманскіх балотах знайшлі новы для Беларусі від стракоз

Да гэтага лета ў афіцыйным спісе стракоз нашай краіны значылася 67 відаў. Арнітолаг Дзяніс Кіцель сфатаграфаваў 68-ы від — страказу малую блакітную (Orthetrum coerulescens (Fabricius, 1798)), піша «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

На Альманы Дзяніс прыехаў, каб правесці маніторынг поспеху гнездавання глабальна пагражанага віду птушак — вялікага арляца. Арнітолаг расказаў пра тое, як зрабіў адкрыццё:

«Мы пераночылі ў лесе на заходняй мяжы балота, недалёка ад вёскі Альманы Столінскага раёна, і а сёмай раніцы 24 ліпеня я ўжо выйшаў на балота. Чатыры гадзіны назіраў праз трубу і бінокль за парай арляцоў, каб высветліць, ці ёсць у іх сёлета гняздо з птушанём. А 15-й гадзіне я вяртаўся назад і, пераходзячы ручай, звярнуў увагу на блакітную страказу, што сядзела за 20 сантыметраў ад зямлі на абламанай галінцы бярозы. Больш за ўсё страказа нагадвала знаёмы звычайны від — страказу рашэцістую (Orthetrum cancellatum), але нешта ў ёй было іншым. Як кажуць, «д’ябал хаваецца ў дробязях». Таму я і вырашыў спыніцца і як след разгледзець казурку».

У тым месцы, дзе ручай разліваецца па сцяжыне, Дзяніс заўважыў адразу двух самцоў і самку гэтага віду стракоз. Іх паводзіны адрозніваліся ад паводзінаў рашэцістай страказы. Самцы не адляталі далёка ад ручая, а, зрабіўшы круг у дзесяць метраў, вярталіся назад на свае прысады. У афарбоўцы страказы таксама былі адметныя рысы: цалкам блакітны хвост і шырокія жоўтыя птэрасцігмы — плямкі на канцах крылаў.

Фотаапарата ў мяне з сабою не было, таму, каб сфатаграфаваць новы для краіны від, давялося ісці два кіламетры да машыны, а потым назад, — смяецца арнітолаг.

Стракозы і матылі вельмі часта цікавяць птушкароў. Дзяніс Кіцель яшчэ ў школе сур’ёзна захапляўся казуркамі. Хоць ён і стаў арнітолагам, але цікавасць да шасціногіх не згасла. На яго рахунку ўжо не адзін від стракоз, новы для краіны. 

Фотаздымкі, якія зрабіў Дзяніс, ужо паглядзелі вядучыя еўрапейскія спецыялісты па стракозах і пацвердзілі правільнасць вызначэння. Вельмі важна, што была адзначана не адзінкавая заляцелая асобіна, а група стракоз з самкай. Вялікая імавернасць, што яны размнажаюцца ў Беларусі. Адзін з найвялікшых балотных заказнікаў краіны яшчэ раз даказаў сваю ўнікальнасць. 

Трэба дадаць, што з’яўленне гэтага віду ў Беларусі было спрагназавана яшчэ 15 гадоў таму. Стракозы — хуткія драпежнікі, якія, як і птушкі, могуць пераадольваць сотні і тысячы кіламетраў і такім чынам пашыраць свой арэал. На карце распаўсюджання відаць, што страказа ёсць амаль паўсюль вакол Беларусі, але дагэтуль не хапала доказаў знаходжання яе ў нас. Цяпер гэтыя доказы з’явіліся. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера